
03.08.2012
У другой палове ліпеня 2012 году, у рамках міжнароднай экуменічнай акцыі ў абарону жыцьця “Ад акіяну да акіяну”, у 17 гарадах Беларусі была ўшанавана копія іконы Маці Божай Чанстахоўскай. Далей акцыя ў абарону жыцьця працягнецца ў Латвіі, Літве, Польшчы і іншых краінах Еўропы — да Фацімы ў Партугаліі, куды абраз будзе дастаўлены ў сьнежні 2012 году. Гэтая акцыя, якую разам зладзілі католікі і праваслаўныя, пройдзе ў 23 краінах сьвету.
Пра зьмест акцыі ў абарону жыцьця “Ад акіяну да акіяну” распавядае ў інтэрв’ю для Catholic.by грэка-каталіцкі сьвятар з Магілёва а. Васіль Ягораў, супрацоўнік дабрачыннага фонду абароны жыцьця і сям’і “Адкрытыя сэрцы”.
— Раскажыце, калі ласка, у чым сутнасьць акцыі?
— Галоўным арганізатарам акцыі зьяўляецца каталіцкі фонд “Human Life International”, а ў нашай краіне яна праходзіць пад апекай Праваслаўнай Царквы і фонду “Адкрытыя сэрцы”. Кампанія распачалася 15 ліпеня ва Ўладзівастоку і завершыцца ў сьнежні ў партугальскай Фаціме.
Яе сэнс у тым, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемы абароны жыцьця і традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў, якая актуальная ва ўсім свеце, асабліва ў Еўропе і тым больш у Беларусі.
Ядро акцыі заключаецца ў інфармаваньні. Бо шмат пра што мы ня ведаем і не задумваемся. З іншага боку людзям патрэбна жывое сьведчаньне.
— Як звычайна выглядае акцыя? Што ў сябе ўключае?
— Акцыя, заключаецца ня толькі ў аўтапрабегу, яна мае ў сабе таксама малітву, семінары з удзелам грамадзкіх арганізацыяў, прадстаўнікоў улады, раздачу брашураў і размову з людзьмі (калі ў іх ёсьць такое жаданьне). Падчас аўтапрабегу машыны
— Якім чынам акцыя кажа людзям (нехрысьціянам, не ўдзельнікам пралайф-арганізацыйяў) пра тое, што эмбрыён — гэта чалавек і ня маем права яго забіваць?
— З уласнага вопыту магу сказаць, што з такімі людзьмі вельмі складана размаўляць. Кажучы аб праблеме аборту, мы зьвяртаемся да сумленьня людзей. Мы кажам, што аборт — гэта ўжо лагічны вынік спосабу жыцьця. Уся праблема ў нашай ментальнасьці, сфармаванай дзесяцігоддзямі савецкай ідэалогіі. Беларусь (у складзе СССР) першая ў сьвеце легалізавала аборты пасьля рэвалюцыі. А ўлады прывучылі лічыць ненармальным толькі тое, што незаконна. Калі ж аборт у нас не забаронены, то цяжка распавесьці людзям пра яго зло.
Усё пачынаецца з эгаізму. У наш час з разьвіцьцём навукі аборт прымае іншыя формы: абартыўныя кантрацэпцыйныя сродкі, медыкаментозныя аборты. Адмовіцца ад дзяцей можна па-рознаму, і навука абавязкова прыдумае для гэтага яшчэ што-небудзь. Мы пачалі разьдзяляць дар сэксуальнасьці ад дару бацькоўства, дару нараджэньня. Але Бог стварыў усё па-іншаму: Ён дае жыцьцё і запрашае чалавека да супрацоўніцтва ў гэтай ТАЯМНІЦЫ. Таму важна казаць людзям, што неабходна бараніць жыцьцё, казаць пра яго каштоўнасьць. І казаць на іх мове.
— Як думаеце, ці можна ўжо казаць пра пэўныя вынікі аўтапрабегу?
— Плады мы будзем пажынаць пазьней. І галоўным паказчыкам стане каэфіцыент нараджальнасьці. У нас ён цяпер — 1,5. Мінімальны каэфіцыент для аднаўленьня пакаленьняў павінен быць 2,1 (бо хтосьці ня зможа мець дзяцей, хтосьці памрэ ў маладым узросьце). Калі Бог казаў: “пладзіцеся і множцеся”, тым самым Ён паказаў дарогу да нашага сямейнага шчасьця.
Дзьве трэція сем’яў Беларусі — аднадзетныя, 34% сем’яў маюць два дзіцяці, і толькі 5% — трое і больш дзяцей. Калі ў савецкі час стандартам было два дзіцяці ў сям’і, то цяпер — адно. Маем таксама крызіс адказнага айцоўства. Дарэчы, мэтавай аўдыторыяй аўтапрабегу зьяўляюцца мужчыны. На жаль, сёньня частай прычынай абортаў зьяўляецца неадказнасьць бацькі.
Мы ведаем, што займаемся Божай справай. Мы — сьведкі веры, рыцары Евангельля. Таму верым і ведаем, што зьяўляемся “рукамі Божымі”. Дапамагчы ў гэтай справе можа кожны па меры сваіх здольнасьцяў: ці праз малітву, ці праз канкрэтнае дзеяньне.
— Чаму Вас турбуе абарона жыцьця?
— Увогуле маё асноўнае служэньне — магілёўская грэка-каталіцкая парафія. Але, бачачы складаную сітуацыю нашых сем’яў, не магу маўчаць, хоць, канечне, і не крычу аб гэтым на кожным кроку. Адчуваю ў гэтым сваё пакліканьне. Калі ня мы, то хто?
Хрысьціяне павінны казаць, інакш іх пазіцыю не пачуюць. І так нічога ніколі ня зьменіцца. Калі мы супраць абортаў, штучнага запладненьня і можам абгрунтаваць сваю пазіцыю, то трэба актыўна выказваць сваю пазіцыю на розных узроўнях. Кожны на сваім месцы: сьвятар, урач, журналіст ці хатняя гаспадыня можа абараняць дар жыцьця.
Часам заканадаўства зьмяняе ментальнасьць, але і мы, сваёй хрысьціянскай ментальнасьцю, можам зьмяніць законы, а значыць і адносіны іншых, у тым ліку да праблемы абароны жыцьця.
— Дзякуй за размову!
Гутарыла Сьвятлана ЖЫЛЕВІЧ, Catholic.by

Гл. таксама:
Малітва з нагоды Першага Сусьветнага дня дзядуляў, бабуляў і пажылых людзей
Архімандрыт Сяргей Гаек: трэба вучыць вернікаў, што ў Хрысьце мы ўсе сапраўды браты і сёстры
Нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці: Папа папрасіў мяне быць знакам суцяшэньня для ўкраінцаў
Як разьвіваўся беларускі біблійны пераклад?
Усходнія Каталіцкія Цэрквы павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу праўды і любові