Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, але нішто не павінна валодаць мною.
Ежа для чэрава, а чэрава для ежы; але Бог зьнішчыць і тое і другое (Першае Пасланьне Сьв.Ап. Паўла да Карынфянаў 6:12-13)
З Катэхізмам УГКЦ пазнаёміліся ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў На штогадовай сустрэчы ярархаў Каталіцкіх Цэркваў усходняга абраду (ССЕЕ), якая адбылася ў Заграбе (Харватыя) 22-25 лістапада 2012 году з нагоды 400-годдзя уніі Грэка-Каталіцкай Царквы Харватыі з Рымам, Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук прадставіў біскупам Катэхізм УГКЦ “Хрыстос — наша Пасха”, паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
05.12.2012
Грэка-католікі ў Берасьці адзначылі сваё патранальнае сьвята ў гонар апостала Андрэя 30 лістапада Царква ўшаноўвае памяць сьв. апостала Андрэя Першапакліканага. З гэтай нагоды ў нядзелю, 2 сьнежня 2012 году, берасьцейская грэка-каталіцкая парафія сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адзначыла сваё парафіяльнае сьвята ў гонар аднаго з сваіх патронаў, які зьяўляецца апекуном хрысьціянскага Ўсходу.
29.11.2012
Каталіцка-праваслаўны дыялог: праблема біскупа Рыму У Парыжы 20-21 лістапада 2012 году адбылося пасяджэньне Каарданацыйнага камітэту Міжнароднай зьмешанай камісіі па справах праваслаўна-каталіцкага тэалагічнага дыялогу. Нарады праходзілі ў будынку Гальскай мітраполіі Канстанцінопальскага Патрыярхату.
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі 24 лістапада 2012 году Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці падчас свайго візіту ў Берасьце з нагоды 600-годдзя заснаваньня рыма-каталіцкай парафіі ў горадзе сустрэўся з берасьцейскімі грэка-католікамі.
22.11.2012
У Харватыі адбываецца сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў У сталіцы Харватыі Заграбе 22 лістапада 2012 году распачалася Сустрэча ярархаў Каталіцкіх Цэркваў усходніх абрадаў. Мерапрыемства прымеркавана да ўрачыстасьцяў з нагоды 400-годдзя уніі Грэка-Каталіцкай Царквы ў Харватыі з Рымам.
21.11.2012
Крызіс веры ў сьвеце вымагае супольнага сьведчаньня хрысьціянаў “На экуменічным шляху нельга спыняцца на палове дарогі, прымаючы існуючыя супярэчлівыя асаблівасьці як нешта нармальнае ці лепшае з таго, што можна дасягнуць”, — з такімі словамі зьвярнуўся Бенядыкт XVI да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэньня Папскай Рады па спрыяньні хрысьціянскай еднасьці — паведамляе Ватыканскае радыё.
05.11.2012
Кардынал Любамір (Гузар): каб быць сапраўднымі хрысьціянамі, мы павінны быць зьяднанымі З нагоды 50-годдзя правядзеньня Другога Ватыканскага Сабору прапануем размову з Вярхоўным Архібіскупам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на спачынку кардыналам Любамірам (Гузарам) пра актуальнасьць рашэньняў Сабору, ідэю Патрыярхату УГКЦ, рэалізацыю еднасьці ў Хрысьце.
06.09.2012
Духоўны запавет кардынала Марціні
Думкі архібіскупа Мілану на спачынку кардынала Карла Марыя Марціні, якія 85-гадовы ярарх выказаў незадоўга да сваёй сьмерці ў інтэрв’ю для яго сабрата аўстрыйскага езуіта а. Георга Споршыла (Georg Sporschill) і Фэдэрыка Радзічэ Фасаці Канфалан’еры (Federica Radice Fossati Confalonieri) сталі яго своеасаблівым духоўным запаветам, у якім ён заклікае ўсіх да навяртаньня, а ярархаў Каталіцкай Царквы да рэформаў, якія яны мусяць распачаць з саміх сябе.
05.09.2012
Патрэбна павага да дабравольнага выбару Прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі 5 верасьня 2012 году распаўсюдзіла камунікат з нагоды нядаўніх пастановаў Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату ў дачыненьні беларускага грэка-каталіцкага сьвятара з Бельгіі а. Яна Майсейчыка, які раней быў праваслаўным сьвятаром у Беларусі.
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі
24 лістапада 2012 году Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці падчас свайго візіту ў Берасьце з нагоды 600-годдзя заснаваньня рыма-каталіцкай парафіі ў горадзе сустрэўся з берасьцейскімі грэка-католікамі.
Душпастыр берасьцейскіх грэка-католікаў а. Ігар Кандрацьеў вітае Апостальскага нунцыя.Высокадастойны Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці знаходзіўся з візітам у Берасьці 24 – 25 лістапада 2012 году па запрашэньні біскупа Пінскага Ўладыкі Антона Дзям’янкі. У нядзелю, 25 лістапада 2012 году, у касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа Ўладыка Клаўдзі ўзначаліў сьвяткаваньне 600-годдзя заснаваньня рыма-каталіцкай парафіі ў Берасьці.
Напярэдадні, 24 лістапада 2012 году, Апостальскі нунцый на яго просьбу быў прыняты старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму К. Сумарам – адзначае прэс-служба аблвыканкаму.
У другой палове дня ў суботу Апостальскі нунцый пажадаў наведаць душпастырскі цэнтр грэка- каталіцкай парафіі братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, дзе яго віталі Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, сьвятары Цэнтральна-Заходняга дэканату БГКЦ (з Берасьця, Менску, Горадні і Ліды) і вернікі.
Сустрэча прадстаўніка Папы з грэка-католікамі распачалася малітвай з Акафісту да Багародзіцы. Затым архібіскуп Кладыё Гуджэроцьці зьвярнуўся да вернікаў з пастырскім настаўленьнем. Уладыка Клаўдзі ў сваёй прамове гаварыў пра значэньне радасьці ў жыцьці кожнага хрысьціяніна. За ўзор вернікам ён падаў Багародзіцу і нагадаў словы пасланага Богам Анёла, якія той прамовіў, зьвяртаючыся да Марыі. Гэтыя словы кожны раз прамаўляем у малітве “Багародзіца Дзева, радуйся!” ва ўсходняй традыцыі. Бяз радасьці нельга ўявіць хрысьціяніна, адзначыў Уладыка Клаўдыё Гуджэроцьці.
Затым прысутныя вернікі змаглі задаць Апостальскаму нунцыю пытаньні на розныя тэмы: пра шлюб і разьведзеных сужонкаў, якія бываюць у кожнай парафіі, пра царкоўныя рухі і супольнасьці і іх месца ў сучаснай Царкве, пра новую евангелізацыю інш. Ад вернікаў прагучала таксама шчырая падзяка архібіскупу Клаўдыё Гуджэроцьці за яго ўвагу да беларускай культуры, цікавасьць да грамадзкіх праблемаў краіны, за малітву ў Курапатах па ахвярах камуністычных рэпрэсіяў.
Пасьля ў душпастырскім цэнтры парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адбылася пастаральна-фармацыйная сустрэча Апостальскага нунцыя з сьвятарамі Цэнтральна-Заходняга протапрасьвітарату Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Былі абмеркаваны магчымасьці практыкаваньня візантыйскай літургічнай традыцыі і сьведчаньня духоўнай спадчыны ва ўмовах, у якіх сёньня жыве БГКЦ. Сьвятарам быў прадстаўлены два тамы Часоўніка (тэксты багаслужбаў да розных гадзінаў дня і ночы).
У суботу ўвечары грэка-католікі змаглі памаліцца разам з Апостальскім нунцыем яшчэ і ў касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа, куды пасланец Папы накіраваўся пасьля заканчэньня візіту ў грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтр.
У касьцёле архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці віталі рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Ўладыка Антон Дзям’янка і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Ўладыка Казімір Велікаселец, сьвятары ды вернікі лацінскага і візантыйскага абрадаў, да якіх Апостальскі нунцый скіраваў кароткую духоўную прамову. Затым архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці пад сьпеў Акафісту памаліўся разам з грэка-католікамі і ўсімі прысутнымі сьвятарамі і вернікамі перад цудатворнай іконай Маці Божай Берасьцейскай, якая была прывезена біскупам Іпаціем Пацеем з Рыму пасьля падпісаньня Берасьцейскай Уніі.
У нядзелю ранкам, 25 лістапада, Апостальскі нунцый накіраваўся на малітву на месца, дзе стаяла царква сьвятога Мікалая, і дзе ў 1596 годзе адбываўся Сінод, на якім была абвешчана Берасьцейская царкоўная Унія Кіеўскай мітраполіі з Рымам.
У гэты дзень у касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа, у сьвята Хрыста Ўладара Сусьвету, адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 600-гадовага юбілею першай рыма-каталіцкай парафіі ў Берасьці. На сьвяточнай канферэнцыі ў касьцёле Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і а. Андрэй Буйніч прадставілі даклад на тэму: «Год веры — заклік да духоўнага подзьвігу». Сьвятую Імшу ў дзень сьвята ўзначальваў Апостальскі нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, які таксама прамовіў і казаньне. Разам з ім саслужылі Біскуп Антон Дзям’янка, Біскуп Казімір Велікаселец, Архімандрыт Сяргей (Гаек), грэка-каталіцкія і рыма-каталіцкія сьвятары з Беларусі і замежжа.