Галоўная
Навіны за 2012 год
Першаярарх УГКЦ падчас прэзентацыі катэхізму 60 ярархам, якія прысутнічалі на сустрэчы ў Заграбе, адзначыў: “Гэтая кніга, праз якую Царква прадстаўляе сваё вучэньне пра веру і мараль, зьяўляецца адказам на “Катэхізм Каталіцкай Царквы”, 20-годдзе апублікаваньня якога мы адзначаем сёлета і які стаў штуршком для мясцовых Цэркваў, каб распрацаваць свае катэхізмы”.

09.12.2012
З Катэхізмам УГКЦ пазнаёміліся ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў
На штогадовай сустрэчы ярархаў Каталіцкіх Цэркваў усходняга абраду (ССЕЕ), якая адбылася ў Заграбе (Харватыя) 22-25 лістапада 2012 году з нагоды 400-годдзя уніі Грэка-Каталіцкай Царквы Харватыі з Рымам, Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук прадставіў біскупам Катэхізм УГКЦ “Хрыстос — наша Пасха”, паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.

Праца над Катэхізісам УГКЦ ішла на працягу апошніх 10 гадоў. Паводле словаў Першаярарха УГКЦ Вярхоўнага Архібіскупа Сьвятаслава Шаўчука, мэта гэтага катэхізму — дапамагчы ўкраінскім грэка-католікам паглыбіць веды пра веру ў Хрыста і, адпаведна, умацаваць іх веру; абараняць і разьвіваць хрысьціянскую традыцыю сьвятога Ўладзіміра; сьведчыць пра сувязь паміж хрысьціянскай традыцыяй Кіева і каталіцкім хрысьціянствам.
Навука Грэка-Каталіцкай Царквы выкладзена ў гэтым катэхізме на 336 старонках (з 64 ілюстрацыямі) у трох частках: вера Царквы, малітва Царквы і жыцьцё Царквы. Абапіраючыся на традыцыю Кіеўскай Царквы, гэты катэхізм адначасова адкрыты на сучаснасьць. Ён дапамагае вернікам у пошуку ўласнай ідэнтычнасьці ў сучасным сьвеце з яго выклікамі глабалізацыі і асіміляцыі, дазваляе больш глыбока спазнаць свае хрысьціянскія карані, ведаючы якія яны змогуць адкрыць для сябе ўніверсальную вартасьць усходняй традыцыі.
Ухвалены Сінодам біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Катэхізм “Хрыстос — наша Пасха” быў ператлумачаны таксама на расейскую, ангельскую і італійскую мовы. Пераклад гэтага катэхізму будзе зроблены і на іншыя мовы, на якіх размаўляюць вернікі УГКЦ у сьвеце.
Гэты артыкул чыталі 146 разоў (-ы)