Галоўная
Навіны за 2013 год
Хіратонію а. Ніла Лушчака з Чыну Братоў Меншых (францішкане), якому сёлета спаўняецца 40 гадоў, узначальваў Уладыка Мілан Шашык, СМ, япарх Мукачаўскі. Разам з ім біскупскія сьвячаньні ўдзялялі архібіскуп Цырыл Васіль, ТІ, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, і Ўладыка Ўільям Скурла, Мітрапаліт Пітсбургскі (ЗША).
Апостальскі нунцый ва Ўкраіне архібіскуп Томас Галіксан, жадаючы Ўладыку Нілу посьпеху ў служэньні і блаславеньня з нябёсаў, адзначыў: “Хачу выказаць маю просьбу і маё пажаданьне мансіньёру Нілу, каб яго прысутнасьць як біскупа для гэтай памеснай Царквы нібы сьвятло на сьвечніку, які асьвятляе ўвесь дом, служыла ўмацаваньню каталіцкай тоеснасьці і сьведчаньню надзеі, веры і любові ў япархіі і перад нашым сьветам, які так моцна патрабуе Хрыста”.

23.01.2013
У Вужгарадзе высьвячаны біскуп-памочнік Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі
12 студзеня 2013 году ў вужгарадзкім грэка-каталіцкім Крыжаўзвышэнскім катэдральным саборы адбылася біскупская хіратонія а. Ніла Лушчака, дапаможнага біскупа Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі. Гэта былі першыя біскупскія сьвячаньні ўраджэнца Закарпацьця пасьля выхаду Грэка-Каталіцкай Царквы з падпольля, паведамляе ўкраінская служба Радыё Ватыкану.

Разьдзяліць радасьць мясцовай царкоўнай супольнасьці прыбылі Апостальскі нунцый ва Ўкраіне архібіскуп Томас Галіксан, Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў Шаўчук, каталіцкія біскупы візантыйскага ды лацінскага абраду з розных куткоў Украіны і з суседніх краінаў, а таксама з тых Цэркваў, для якіх Мукачаўская япархія зьяўляецца мацярынскаю. Ва ўрачыстым набажэнстве прынялі ўдзел 26 біскупаў (з Украіны, Славакіі, Румыніі, Венгрыі, Сербіі, ЗША, Італіі), шматлікае духавенства, манахі і вернікі. Былі прысутныя прадстаўнікі мясцовай улады і дыпламатычнага корпусу, якія зьдзяйсьняюць сваё служэньне ў Вужгарадзе.
Падчас Боскай Літургіі, якая правілася па-царкоўнаславянску, гучалі малітвы і калядкі на ўкраінскай, вянгерскай і румынскай мовах, якімі карыстаюцца сёньня сьвятары і вернікі Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі.

Казаньне прамовіў Уладыка Кірыла (Васіль), Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Распавядаючы пра абавязкі і асаблівасьці служэньня біскупа, ён нагадаў прыклад сьвятога Францішка, духоўным сынам якога зьяўляецца новавысьвячаны біскуп Мукачаўскі Ніл Лушчак. Першы з гэтых абавязкаў, як рабіў гэта сьв. Францішак — “указваць на Хрыста, даносіць Яго слова да людзей, навяртаць людзей да Хрыста і ў той жа час у малітве да Яго быць прадстаўніком усіх людзей, у рэшце — быць “alter Christus” у поўні сьвятарства”. Ватыканскі ярарах адзначыў, што, увайшоўшы ў кола калегіі біскупаў і паставіўшы ў цэнтры Хрыста, Уладыка Ніл пакліканы выконваць сваё служэньня як галоўны і самы блізкі супрацоўнік епархіяльнага біскупа, будучы прыкладам для сьвятароў і сьвецкіх вернікаў, “як сын закарпацкай зямлі і Мукачаўскай япархіі — грэка-каталіцкай Царквы свайго права”, каб у сваёй асобе сьведчыць яе царкоўную асаблівасьць і яе годнасьць.
Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук ад імя Сіноду біскупаў гэтай Царквы запрасіў Уладыку Ніла Лушчака да супрацоўніцтва і задэкляраваў гатоўнасьць захоўваць еднасьць паміж усімі глыбока духоўна спараднёнымі грэка-каталіцкімі япархіямі ва Ўкраіне. На малітоўную памяць пра гэты дзень ён падараваў Уладыку Нілу ікону вялікамучаніка Юрыя Пераможцы.

Ад імя закарпацкага духавенства свайго новага біскупа прывітаў протасінкел Мукачаўскай япархіі, мітрафорны протаярэй Тарас Лоўска. Ўладыка Ніл Лушчак склаў шчырую падзяку субратам у біскупстве, супольнасьці францішканаў і ўсяму духавенству і вернікам за малітву ды цудоўнае сьведчаньне саборнасьці, каталіцкасьці Царквы.
Затым адбыўся ўрачысты прыём гасьцей у біскупскіх палатах Мукачаўскай япархіі, частку якіх нядаўна мясцовая адміністрацыя вярнула грэка-католікам.
Рымскі Архірэй Бенядыкт XVI прызначыў францішканіна а. Ніла Лушчака дапаможным біскупам Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі 19 лістапада 2012 году. Уладыка Ніл (Юры Лушчак) нарадзіўся ў Вужгарадзе 22 траўня 1973 году. Духоўную фармацыю атрымаў у мясцовай грэка-каталіцкай семінарыі. 2 ліпеня 1996 году быў высьвячаны на сьвятара, пасьля чаго нёс душпастырыскае служэньне ў розных парафіях Мукачаўскай япархіі. Пазьней навучаўся ў Папскім Урбаніянскім універсітэце, дзе атрымаў ступень ліцэнціяту ў філасофіі. Затым распачаў навіцыят у Чыне Братоў Меншых, дзе прыняў манаскае імя Ніл і ў 2010 годзе склаў часовыя зарокі. З гэтага ж году пачаў выкладаць філасофію ў Вужгарадзкай грэка-каталіцкай багаслоўскай акадэміі імя Блаславёнага Тэадора Ромжы.
Нагадаем, Мукачаўская грэка-каталіцкая япархія, якая вярнулася да еднасьці з Каталіцкай Царквой у выніку Вужгарадзкай Уніі ў 1646 годзе, сёньня аб’ядноўвае грэка-каталіцкія парафіі на тэрыторыі сучаснай Закарпацкай вобласьці Ўкраіны і, як і Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, наўпрост падпарадкавана Апостальскаму Пасаду ў Рыме. З 1780 году рэзідэнцыя Мукачаўскага біскупа перанесена ў Вужгарад. У свой час з Мукачаўскай япархіі былі вылучаны наступныя грэка-каталіцкія япархіі: Крыжавацкая япархія ў Харватыі, Прэшаўская — у Славакіі, дзе ня так даўно была створана мітраполія, і Гайдудорагская — у Венгрыі. Таксама выхадцы з Мукачаўскай япархіі, якія пасяліліся ў ЗША, маюць сваю мітраполію візантыйскага абраду з цэнтрам у Пітсбургу.
Фота з сайту Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі.
Гл. таксама:
Першаярарх УГКЦ: няма тэндэнцыяў пераходу грэка-католікаў у Праваслаўную Царкву Ўкраіны
Першаярарх УГКЦ падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за стаўленьне да Ўкраіны
Зьверхнік УГКЦ і каталіцкія ярархі Еўропы пазнаёміліся з жыцьцём грэка-католікаў у Менску
420 гадоў Берасьцейскай Уніі адзначылі ў Рыме
Першаярарх УГКЦ запрасіў Папу Францішка ва Ўкраіну
Гэты артыкул чыталі 119 разоў (-ы)