Галоўная
Навіны хрысьціянскага сьвету
Як паведаміла Ватыканская інфармацыйная служба VIS, 19 студзеня 2013 году, на сьвята Богазьяўленьня паводле юльянскага календара, Папа Бенядыкт XVI узвысіў Апостальскі экзархат для ўкраінцаў візантыйскага абраду ў Францыі да статусу япархіі, якая атрымала назву Парыжскай япархіі сьвятога Ўладзіміра Вялікага для ўкраінцаў візантыйскага абраду (Saint Wladimir-Le-Grand de Paris des Byzantins-Ukrainiens).

25.01.2013
Апостальскі экзархат УГКЦ у Францыі ўзвышаны да годнасьці япархіі

Адначасова Сьвяты Айцец прызначыў першым япархам Парыжскай япархіі сьвятога Ўладзіміра Вялікага 52-гадовага Ўладыку Барыса Гудзяка, які дагэтуль быў тытулярным біскупам Каркабіі і зьяўляўся Апостальскім экзархам у Францыі. (Апостальскі экзархат зьяўляецца адпаведнікам Апостальскага вікарыяту ў лацінскім абрадзе.) Ён таксама будзе апекавацца ўкраінскімі католікамі візантыйскага абраду ў краінах Бенілюкса і Швейцарыі.
Апостальскі нунцый у Францыі архібіскуп Луіджы Вентура зрабіў афіцыйнае абвяшчэньне пра гэтае рашэньне Апостальскага Пасаду пасьля Архірэйскай Літургіі ў грэка-каталіцкай катэдры сьв. Уладзіміра Вялікага ў Парыжы, якую ўзначальваў Уладыка Барыс (Гудзяк).
Рэлігійна-інфармацыйная служба Ўкраіны РІСУ прыводзіць словы з інтэрв’ю новага ўкраінскага грэка-каталіцкага япарха ў Парыжы: “На пачатку новага тысячагоддзя, пасьля стагоддзя лютых перасьледаваньняў, Боскі Провід расьсеяў украінскіх грэка-католікаў па сьвеце з духоўнай і царкоўнай мэтаю. Мы спадзяемся, што ў секулярызаванай Еўропе дзеці мучанікаў змогуць творча і пераконліва сьведчыць вечную ісьціну Евангельля Ісуса Хрыста. Мы дзякуем Сьвятому Айцу Бенядыкту, Папе Рымскаму, Яго Блаславенству Сьвятаславу, Айцу і Галаве Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, і Сіноду за давер, які яны выявілі да духавенства, манаства і вернікаў гэтай новай япархіі”.

Распавядаючы пра месца новай япархіі ў Царкве ў Еўропе, біскуп Барыс Гудзяк адзначыў: “Я сьмею думаць, што з Божай персьпектывы Царква ў Еўропе ўсё яшчэ вельмі маладая. Я спадзяюся, што стварэньне новай япархіі будзе спрыяць яе росту і жыцьцяздольнасьці напряцягу найбліжэйшых стагоддзяў і тысячагоддзяў”.
Сталая прысутнасьць украінскіх грэка-католікаў у Францыі пачынаецца з 1937 году, калі для іх была заснавана грэка-каталіцкая місія, У 1943 годзе ёй была перададзена царква на бульвары Сен-Жэрмэн, якая пазьней стала ўкраінскай грэка-каталіцкай катэдрай сьвятога Ўладзіміра Вялікага.
Экзархат Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы з рэзідэнцыяй у Парыжы быў заснаваны 22 ліпеня 1960 году. Першым экзархам быў прызначаны тагачасны Протаігумен айцоў-рэдэмптарыстаў у Канадзе а. Валадымір Маланчук. Тады тэрыторыя экзархату абмяжоўвалася толькі Францыяй, пазьней, з прызначэньнем другога экзарха, Уладыкі Міхаіла Грынчышына, яго душпастырскай апецы былі даручаны таксама ўкраінскія грэка-католікі, якія жывуць у Бельгіі, Нідэрландах, Люксембургу і Швайцарыі.
Паводле інфармацыі Ватыканскай інфармацыйнай службы новая япархія УГКЦ сьв. Уладзіміра Вялікага з рэзідэнцыяй у Парыжы сёньня ахоплівае каля 25200 вернікаў, душпастырскай апекай якіх займаюцца 16 сьвятароў, 1 сталы дыякан і 5 прадстаўнікоў манаства. Тэрыторыя новай япархіі ў 5 краінах падзелена на 18 парафіяў.
Украінская грэка-каталіцкая япархія сьв. Уладзіміра Вялікага з цэнтрам у Парыжы ўжо трэцяя япархія для католікаў усходняга абраду ў Францыі. Раней там былі створаныя дзьве япархіі для армяна-католікаў і вернікаў Мараніцкай Царквы.

Першы біскуп новастворанай япархіі сьв. Уладзіміра Вялікага ў Парыжы Ўладыка Барыс Гудзяк нарадзіўся ў 1960 годзе ў ЗША. Там жа атрымаў асьвету ў Сіракузскім універсітэце, стаў бакалаўрам біялогіі і філасофіі. Затым здабыў ступень доктара па гісторыі славянскай і візантыйскай культуры ў Гарвардзкім універсітэце. Багаслоўскія студыі завершыў у Рыме ў Папскім Урбаніянскім універсітэце (1980-1983) і Папскім Усходнім інстытуце (1994-1995), дзе атрымаў ступень ліцэнціята ўсходняга багаслоўя.
У 1992 годзе Барыс Гудзяк прыехаў у Львоў, дзе стаў заснавальнікам Інстытуту гісторыі Царквы, які ўзначальваў да 2002 году. У 1993 годзе тагачасны Першаярарх УГКЦ Міраслаў Любачыўскі прызначыў яго старшынём камісіі па аднаўленьні Львоўскай багаслоўскай акадэміі, у якой ён з 1995 году быў віцэ-рэктарам, а з 2000 году — рэктарам. На аснове акадэміі ў 2002 годзе быў заснаваны Ўкраінскі каталіцкі ўніверсітэт, а першым рэктарам быў прызначаны а. Барыс Гудзяк, які ў 1998 годзе прыняў сьвятарскія сьвячаньні.
21 ліпеня 2012 году Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI прызначыў а. Барыса Гудзяка Апостальскім экзархам для ўкраінцаў грэка-католікаў у Францыі. Яго хіратонія адбылася 26 жніўня 2012 году ў архікатэдры сьв. Юра ў Львове, а інтранізацыя — 2 сьнежня 2012 году ў катэдры Парыжскай Божай Маці.
Уладыка Барыс Гудзяк зьяўляецца вядомым гісторыкам Царквы, ён — аўтар звыш 50 навуковых прац і публікацыяў пра гісторыю Царквы, пра багаслоўскую асьвету і на розныя тэмы грамадзка-культурнага характару. Найбольш вядомая яго праца — “Crisis and Reform: The Kievan Metropolitanate, the Patriarchate of Constantinople, and the Genesis of the Union of Brest” (па-ўкраінску: “Київська митрополія, Царгородський патріархат і генеза Берестейської унії”).
Фота з сайту: Катедра Святого Володимира Великого в Парижі.
Гэты артыкул чыталі 114 разоў (-ы)