12.03.2013
Івана-Франкоўскі мітрапаліт УГКЦ высьвяціў чатырох новых дыяканаў для БГКЦ
9 сакавіка 2013 году ў грэка-каталіцкім храме Раства Хрыстова г. Івана-Франкоўска (Украіна) падчас архірэйскай Боскай Літургіі высокадастойны Ўладыка Ўладзімір Війтышын, архібіскуп і мітрапаліт Івана-Франкоўскай архіяпархіі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, на просьбу царкоўнага кіраўніцтва Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ўдзяліў дыяканскія сьвячаньні чатыром паддыяканам з Беларусі.

Дыяканскае служэньне ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве цяпер будуць несьці: Віталь Быстроў і Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў, Аляксей Варанко з Віцебску і Аляксей Філіпенка з Менску.
Разам з беларусамі Івана-франкоўскі мітрапаліт паставіў на дыяканаў двух украінскіх грэка-католікаў, сярод якіх быў д-р Уладзімір Містэрман, намесьнік кіраўніка Бюро УГКЦ па пытаньнях экалогіі.
У Івана-Франкоўск на ўрачыстасьць пастаўленьня новых дыяканаў, каб падтрымаць іх сваёй малітвай, прыехалі амаль два дзясяткі пілігрымаў з Беларусі: сьвятары — а. Аляксандар Шаўцоў з Полацку, а. Ігар Кандрацьеў з Берасьця і ераманах Зьміцер Чарнель з Менску разам семінарыстамі БГКЦ і вернікамі з Берасьця ды Івацэвічаў.
З гэтай нагоды высокадастойны Ўладыка Уладзімір (Війтышын) у сваім казаньні перад удзяленьнем дыяканскіх сьвячаньняў найперш выказаў радасьць, што супольнасьці ўкраінскіх і беларускіх грэка-католікаў могуць маліцца ў гэты дзень разам за новых служкаў на ніве Гасподняй для сваіх народаў, каб расла і ўмацоўвалася Царква Божая.

Уладыка нагадаў галоўныя асьпекты дыяканскага служэньня ў Царкве, а таксама пажадаў, каб з Божай моцай і падтрымкай ярмо служэньня для новых дыяканаў было для іх мілым. Пасьля ўдзяленьня сьвячаньняў Уладыка шчыра прывітаў новапастаўленых дыяканаў, паблаславіў іх і запэўніў, што будзе памятаць іх у сваіх малітвах.
Пасьля заканчэньня архірэйскай Літургіі дыякан Уладзімір Містэрман падзякаваў ад імя ўсіх новапастаўленых дыяканаў за давер, аказаны ім з боку Царквы, і за атрыманую праз Уладыку Ўладзіміра ласку Божую на зьдзяйсьненьне дыяканскага служэньня. Ён таксама адзначыў важнасьць таго, што ім даводзіцца распачынаць сваё дыяканскае служэньне ў Год веры, мэта якога — ажывіць веру хрысьціянскіх супольнасьцяў і асабістае жыцьцё вернікаў.
Па даручэньні Апостальскага Візітатара БГКЦ і ад імя ўсёй Царквы а. Аляксандар Шаўцоў падзякаваў Уладыку Ўладзіміру Війтышыну за вялікі дар — рукапакладаньне чатырох новых грэка-каталіцкіх дыяканаў, якія будуць служыць цяпер у розных рэгіёнах Беларусі, і ў знак удзячнасьці перадаў яму памятныя падарункі. Душпастыр берасьцейскіх грэка-католікаў а. Ігар Кандрацьеў, вітаючы новых дыяканаў (двое з якіх паходзяць з парафіяў, што былі даручаныя яго душпастырскай апецы) і дзякуючы за іх украінскаму Ўладыку, заклікаў вернікаў і супольнасьці не стамляцца маліцца за хрысьціянскую еднасьць, да якой кліча ўсіх нас Госпад. Ён падараваў Івана-Франкоўскаму мітрапаліту абраз з рэпрадукцыяй іконы сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя з грэка-каталіцкага храму ў Берасьці, каб быў своеасаблівай памяткай і сьведчаньнем братэрскай еднасьці ўкраінскай і беларускай Царквы.
Новыя дыяканы Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы:
Віталь Быстроў. Нарадзіўся 24 сьнежня 1982 году ў г. Камянцы Берасьцейскай вобл., дзе скончыў гімназію з срэбным медалём. Да Каталіцкай Царквы далучыўся ў грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці. У 2002 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук у 2006 годзе. Бакалаўр філасофіі. З 2005 па 2008 год навучаўся ва Ўкраіне ў грэка-каталіцкай Івана-Франкоўскай тэалагічнай акадэміі. У 2008-2009 гг. заканчваў сваю духоўную фармацыю ў Польшчы ў Драгічынскай рыма-каталіцкай вышэйшай духоўнай семінарыі. Магістар тэалогіі. Цяпер жыве ў Івацэвічах. Жанаты, жонка — Вольга, дзеці — Ірына і Міхаіл. З 2010 па 2012 год працаваў выхавацелем у Івацэвіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасьці. Цяпер зьўляецца сьпецыялістам па сацыяльнай рабоце Івацэвіцкага тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва.
Аляксей Варанко. Паходзіць з грэка-каталіцкай парафіі ў Віцебску. Нарадзіўся 30 лiстапада 1982 году. Мае жонку Сьвятлану і дзьвюх дачок. У 2008 годзе скончыў гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя П. Машэрава па сьпецыяльнасьці тэалогія. Працуе на прыватным прадпрыемстве адміністратарам на аўтамыйцы.
Вячаслаў Гарчакоў. Нарадзіўзся 25 лістапада 1958 году ў в. Сярадава Івацэвіцкага р-ну. Жыве ў Івацэвічах, мае жонку Ірыну і дарослага сына Сяргея. У свой час працаваў старшым электрамеханікам у Iвацэвiцкiм раённым вузьле электрасувязi. Адзін з заснавальнікаў і да 2013 году старшыня грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах. На працягу шэрагу гадоў нясе служэньне, выконваючы розныя даручэньні Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея (Гаека).
Аляксей Філіпенка. Паходзіць з грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. Нарадзіўся 1 лiстапада 1978 году ў сям’і вайскоўца ў Прыморскім краі. Скончыў Міжнародны экалагічны ўніверсітэт імя А. Сахарава ў 2000 годзе па сьпецыяльнасьці радыёэколаг-эксьперт. Затым навучаўся ў Акадэміі пасьлядыпломнай адукацыі, пасьля заканчэньня якой у 2004 годзе атрымаў сьпецыяльнасьць практычны псіхолаг ва ўстановах адукацыі. Тэалагічную адукацыю атрымліваў спачатку ў Польшчы, у Драгічынскай рыма-каталіцкай духоўнай семінарыі (з 2005 году), а затым, з 2008 году — ва Ўкраіне, у Івана-Франкоўскай тэалагічнай акадэміі, якую скончыў у 2011 годзе. Магістар тэалогіі. Жыве ў Менску, мае жонку Вікторыю, з якой пабраўся шлюбам у 2012 годзе.