Галоўная
Навіны хрысьціянскага сьвету
Новаабранаму Наступніку Пасаду сьв. апостала Пятра ў Рыме 17 сьнежня споўнілася 76 гадоў, але выглядае ён нашмат маладзейшым, даволі жывым і бадзёрым. У яго ёсьць толькі адно лёгкае (іншае яму выдалілі яшчэ ў падлеткавым узросьце з прычыны інфекцыі).
Гл. таксама:
Пасланьне Папы з нагоды 70-х угодкаў Львоўскага псеўдасабору
У 70-ыя ўгодкі Львоўскага псеўдасабору ярархі УГКЦ сустрэліся з Папам
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
Зьверхнік УГКЦ распавёў Сьвятому Айцу пра “боль ўкраінскага народу”
Усходнехрысьціянскі асьпект падчас інаўгурацыі новага Рымскага Архірэя

14.03.2013
Кім ёсьць і чаго чакаць ад новага Папы?
Праз некаторыя факты з біяграфіі аргентынскага кардынала Хорхэ Марыё Бэргольё паспрабуем угледзецца ў вобраз новага Рымскага Архірэя і яго жыцьцёвыя прыярытэты.

Упершыню ў гісторыі Царквы Папа Рымскі паходзіць з Новага Сьвету, з Лацінскай Амерыкі, да таго ж новы Рымскі Архірэй Францішак І — першы папа-езуіт.
Мяркуючы па першых словах, скіраваных да вернікаў, калі новы Папа ўдзяляў сваё першае апостальскае бласлаўленьне “Urbi et Orbi”, Сьвяты Айцец Францішак не пазбаўлены пачуцьця гумару. Ён пажартаваў, што, каб знайсьці новага Біскупа Рыму яго браты-кардыналы дабраліся “ажно на край сьвету”. Вядома таксама, што ён вялікі аматар футболу і любіць танга.
Аргентынскі кардынал-езуіт Хорхэ Марыё Бэргольё многія гады быў зьвязаны з каталіцкім рухам “Comunione e Liberazione” (“Сулучнасьць і вызваленьне”), які паўстаў сярод студэнцкай моладзі. Мэтай гэтага міжнароднага руху зьяўляецца выхаваньне сваіх сябраў і прыхільнікаў у духу хрысьціянскай сталасьці, каб былі здольнымі рэалізоўваць ва ўсіх сферах жыцьця сучаснага сьвету місію, якую Хрыстос даручыў Царкве.
Новага Папу называюць надзвычай глыбокім інтэлектуалам, што і ня дзіва для яго, як сябра Ордэну езуітаў, які заўсёды імі славіўся. Яго казаньні звычайна вельмі кароткія, часам нават літаральна з пяці-шасьці выказваньняў, але ў іх ён так шмат можа сказаць, што пасьля ягонага кароткага слова заўсёды ёсьць спажыва для розуму.
Папа Рымскі Францішак мае ступень магістра філасофіі і хіміі. У свой час ён выкладаў літаратуру, філасофію, тэалогію і псіхалогію. Сярод любімых пісьменьнікаў кардынал Бэргольё называў сваіх суайчыньнікаў Хорхэ Луіса Борхеса і Леапольда Марэчаля, а таксама класіка расейскай літаратуры Фёдара Дастаеўскага.
Сьвяты Айцец Францішак паходзіць з простай рабочай сям’і чыгуначніка, не з заможнай Еўропы, а з беднай Лацінскай Амерыкі, дзе сёньня ўжо не прынята царкоўным ярархам жыць шыкоўна, бо інакш Царква там зусім страціць свой аўтарытэт.
На пасадзе сьв. Пятра кардынал Бэргольё абраў сабе імя Францішак. Дагэтуль ніводзін папа не абіраў сабе такое імя. Абраньне гэтага імя сьведчыць пра тое, што новаму Папе блізкія ідэалы сьв. Францішка Асізскага, які вядомы сваёй пабожнасьцю, сьціпласьцю і прастатой, а таксама блізкасьцю да бедных і ўсіх пакінутых.
У 2001 годзе будучы Папа, а тады рыма-каталіцкі архібіскуп Буэнас-Айрэсу, асабліва запомніўся многім сваім візітам у хоспіс да бальных СПІДам, дзе абмыў і пацалаваў хворым ногі, як Хрыстос апосталам.
Новы Папа таксама добра вядомы асабістай сьціпласьцю і спагадаю да бедных. Дагэтуль ён жыў у маленькай кватэры, а не ў архібіскупскім палацы, адмовіўся ад персанальнага лімузіна з шафёрам і карыстаўся грамадзкім транспартам, заўсёды сьціпла апранаўся ды, як сьцьвярджаюць, сам гатаваў сабе ежу. Калі ён лётаў у Рым, то толькі ў эканом-класе. Часта наведваў людзей у бедных кварталах. Маючы за ідэал сьвятасьці сьв. Францішка Асізскага, які вядомы сваім аскетычным ладам жыцьця, і такія жыцьцёвыя ідэалы, новы Папа па сутнасьці прапануе і ўсёй Царкве зьвярнуцца да яе вытокаў, калі хрысьціянства вызначалася найперш прастатой і брацкай любоўю. Гэтыя духоўныя арыенціры зусім не з часоў пышнага сярэднявечнага барока, калі веліч і прыгажосьць храмаў ды царкоўных сьпеваў нярэдка суседнічалі з крайняй людзкой беднасьцю і заняпадам маралі ды жыцьцём на шырокую ногу царкоўных ярархаў, якія мала чым адрозьніваліся ад сьвецкіх уладароў.
Сёньня 42% католікаў жыве менавіта ў краінах Лацінскай Амерыкі, дзе ў апошні час, аднак, назіраецца зьмяншэньне колькасьці католікаў і рост пратэстанцкіх супольнасьцяў. Таму ў апошні час лёс Царквы ў Лацінскай Амерыцы — адзін з прыярытэтаў царкоўнай палітыкі Каталіцкай Царквы. Створана нават асобная Папская Камісія па справах Лацінскай Амерыкі. Зважаючы на італійскія карані аргентынскага кардынала Бэргольё факт абраньня яго Папам не такі ўжо і нечаканы: з 115 кардыналаў-выбаршчыкаў значная колькасьць паходзіць з Італіі (28) і Лацінскай Амерыкі (19). Пэўна ж кардыналы, якія разважалі над актуальнымі заданьнямі, што стаяць перад Каталіцкай Царквой, і вырашалі, якім быць ёй у бліжэйшай персьпектыве, зважалі на гэтыя факты, бо абраньне Папы з Лацінскай Амерыкі, безумоўна, выкліча энтузіязм у мясцовых католікаў, умацуе іх веру і надасьць дадатковы імпульс царкоўнаму жыцьцю. Варта адзначыць, што менавіта ў Лацінскай Амерыцы сёньня ёсьць багаты досьвед у Новай евангелізацыі, якой асабліва патрабуе сёньня Царква ў Еўропе.
Нельга не адзначыць таксама, што аргентынскі кардынал Хорхэ Марыё Бэргольё абраны Папам Рымскім на адным з самых кароткіх канклаваў у гісторыі Царквы — на другі дзень. Гэты факт можа сьведчыць пра рост разуменьня ў найвышэйшым кіраўніцтве Паўсюднай Царквы неабходнасьці наблізіць яе да простых вернікаў, каб зноў запанаваў у Царкве дух першахрысьціянскіх супольнасьцяў.
З лістападу 1998 году архібіскуп Бэргольё быў ардынарыем для розных усходніх католікаў у Аргентыне, якія ня маюць уласнага зьверхніка. Вярхоўны Архібіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў Шаўчук, які пэўны час служыў біскупам у Аргентыне, адзначае: “Новаабраны Папа вельмі добра ведае і пра нашую Царкву, і пра нашую Літургію і абрад, і пра нашую духоўнасьць”. Першаярарх УГКЦ сьцьвярджае, што Папа Францішак зьяўляецца выхаванцам аргентынскага грэка-каталіцкага сьвятара Сьцяпана Чміля, які цяпер пахаваны ў базыліцы Сьвятой Сафіі ў Рыме. Яшчэ будучы студэнтам Салезіянскай школы, Хорхэ Марыё Бэргольё штодня зранку, пакуль ўсе іншыя хлопцы яшчэ спалі, прыслугоўваў айцу С. Чмілю падчас Службы Божай.
Гэта значыць, для новага Рымскага Архірэя зусім ня будуць навіною праблемы, з якімі сутыкаюцца сёньня Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы. Больш за тое, можна спадзявацца, што грэка-католікі і іншыя католікі ўсходніх абрадаў сапраўды будуць мець у асобе Францішка I таго Сьвятога Айца, які будзе клапаціцца пра Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы, у тым ліку і пра Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву.
Ігар Бараноўскі
Тэгі: Рымскі Архірэй, Папа, Францішак, Хорхэ Марыё Бэргольё, грэка-католікі, Усходнія Каталіцкія Цэрквы, Сьвятаслаў Шаўчук
Гл. таксама:
Пасланьне Папы з нагоды 70-х угодкаў Львоўскага псеўдасабору
У 70-ыя ўгодкі Львоўскага псеўдасабору ярархі УГКЦ сустрэліся з Папам
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
Зьверхнік УГКЦ распавёў Сьвятому Айцу пра “боль ўкраінскага народу”
Усходнехрысьціянскі асьпект падчас інаўгурацыі новага Рымскага Архірэя
Гэты артыкул чыталі 223 разоў (-ы)