Галоўная
Навіны за 2013 год
З нагоды сьвята Пасхі Хрыстовай Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі накіраваў вернікам БГКЦ сваё пастырскае Велікоднае пасланьне, у якім заклікае вернікаў у сьвятле Ўваскрослага Хрыста асэнсаваць пачатак служэньня новага Рымскага Архірэя Папы Францішка, ушанаваць мучаніцкі подзьвіг Экзарха а. Антона Неманцэвіча ў 70-ыя ўгодкія яго сьмерці, падзякаваць Госпаду за два дзесяцігоддзі магчымасьці адкрытай дзейнасьці БГКЦ на Бацькаўшчыне. А ў любові да роднай мовы і духоўнай культуры, сьведчаньні вернасьці Богу і Царкве Архімандрыт Сяргей (Гаек) нагадвае вернікам прыклад ахвярнага служэньня сьв. Кірылы і Мятода, Настаўнікаў славянскіх, і сьв. Язафата, Архібіскупа Полацкага.
У духу глыбокай веры прымаем служэньне новага Біскупа Рыму, Папы Францішка, і дзякуем яму за заклік “несьці цеплыню надзеі” людзям. У пасхальны час разумеем, што крыніцай гэтай нязгаслай надзеі ёсьць праўда, якую радасна абвяшчаем: “Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!”
Гл. таксама:
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
Папа Францішак пра тры рысы хрысьціянскай супольнасьці
Дазволім сагрэць сэрцы пяшчотай Бога
Усходнехрысьціянскі асьпект падчас інаўгурацыі новага Рымскага Архірэя
Пастырскае Слова

01.04.2013
Узьвялічваць пасхальную перамогу Ўваскрослага Хрыста

Ніжэй прапануем тэкст Пастырскага слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Пасхі Хрыстовай 2013 году.
Пачэсныя Сьвятары і Дыяканы!
Любыя ў Госпадзе Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Дарагія Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш,
і сьвятое Ўваскрасеньне Тваё славім.
1. Радасьць Уваскрасеньня Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста вянчае шлях Вялікага посту. Сьпеў пакланеньня Ўваскросламу завяршае нашае маўчаньне і роздум над хрысьціянскім пакліканьнем.
У “Годзе веры” радасным сьпевам узьвялічваем пасхальную перамогу Ўваскрослага Хрыста ды ў сьвятле Ўваскрасеньня асэнсоўваем таямніцы нашай веры. З глыбіні сэрца кажам: “Веру, Госпадзе, і вызнаю”.

2. У сьвятле Ўваскрасеньня Хрыстовага асэнсоўваем мучаніцкі шлях Экзарха нашай Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы — мучаніка Антона Неманцэвіча, закатаванага 70 гадоў таму ў нацысцкай турме ў Менску. Яго вернасьць Богу, Царкве і Беларусі — гэта заклік для ўсіх нас.
У сьвятле Пасхі Госпада і Збаўцы нашага Ісуса хочам асэнсаваць наш супольны 20-гадовы подзьвіг адкрытай дзейнасьці грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі ў структурах Апостальскай Візітатуры — душпастырскай платформы акармленьня вернікаў нашай Царквы.
У тым жа пасхальным сьвятле Ўваскрасеньня Хрыстовага асэнсоўваем сьведчаньне вернасьці Богу і Царкве сьвятамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага — мучаніка за Праўду Евангельля.
3. Евангельле Ісуса Хрыста – гэта крыніца нашай веры. Хочам глыбока прыняць яго ў нашыя сэрцы і мужна несьці іншым. Таму з асаблівай пашанай глядзім на роўнаапостальных Кірылу і Мятода, Настаўнікаў славянскіх.
1150 гадоў таму прынесьлі яны славянам Евангельле на роднай мове. Тое ж самае Евангельле Ісуса Хрыста хочам сёньня на роднай мове абвяшчаць усім нашым братам і сёстрам — жыхарам Беларусі. І хочам сьведчыць, што гэтае ж Евангельле нясе ўсім людзям добрай волі нястомную надзею.
На пачатку Вялікага посту, 14 лютага, мы ўзгадвалі спачын сьвятога Кірылы Салунскага, манаха; на Сьветлым тыдні — 6 красавіка — ўзгадваем спачын сьвятога архібіскупа Мятода Салунскага.
Малітвы сьвятых Братоў Салунскіх хай умацоўваюць нас у любові да нашай роднай мовы і духоўнай культуры.
4. Пачэсныя Айцы! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
Няхай сьвяты Пасхі Гасподняй будуць для ўсіх нас жывой сустрэчай з Уваскрослым Ісусам Хрыстом, Які ўмацоўвае нашую надзею і прасьвятляе нашае жыцьцё сьвятлом сваёй Пасхальнай Перамогі.
Няхай праз заступніцтва Багародзіцы ды праз прыклад і малітвы мучанікаў і
стведкаў Хрыста на нашай Беларускай зямлі блаславеньне Ўваскрослага Хрыста дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да ўсіх хрысьціянаў і да людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.
Усіх вас шчыра віншую з сьветлым Хрыстовым Уваскрасеньнем:
Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!
Менск, Пасха Хрыстова 2013 г.
+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі
Тэгі: Уваскрасеньне Хрыстова, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, Архімандрыт Сяргей Гаек, а. Неманцэвіч, сьв. Кірыла і Мятод, Папа Францішак
Гл. таксама:
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
Папа Францішак пра тры рысы хрысьціянскай супольнасьці
Дазволім сагрэць сэрцы пяшчотай Бога
Усходнехрысьціянскі асьпект падчас інаўгурацыі новага Рымскага Архірэя
Пастырскае Слова
Гэты артыкул чыталі 174 разоў (-ы)