Галоўная
Навіны хрысьціянскага сьвету
Сумеснае ўшанаваньне католікамі абодвух абрадаў памяці сьв. Андрэя Баболі — каталіцкага апекуна Палесься, які аддаў жыцьцё дзеля ўмацаваньня ў гэтым краі каталіцкай веры і Уніі, — мае свае даўнія карані.
Згадваючы пра старажытны пінскі катэдральны касьцёл, Апостальскі нунцый таксама нагадаў прысутным вернікам: “Гляньце навокал, на муры гэтага касьцёлу: у тым, што мы бачым, ёсьць густ і ёсьць вера. Усё гэта выяўляе знакі Еўропы ў гэтай сьвятыні — Еўропы ранейшага часу, бо ў наш час паняцьце “Еўропа” жадала б лепшага. Вы — жывыя камяні гэтага касьцёлу, і ён — ваша гісторыя, ваша прыгажосьць. Гэта азначае, што і вы такія. Прыгожа, калі народ нанова знаходзіць карані сваёй гісторыі і ганарыцца ёю”.
Гл. таксама:
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял
Апостальскі нунцый: Папа цэніць існаваньне беларускіх грэка-католікаў
Архібіскуп Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкі храм у Віцебску
Свабода ня можа быць без духоўнасьці
Сустрэць агонь і несьці агонь

28.05.2013
Ушанаваньне памяці Апостала Палесься
Беларускія грэка-каталіцкія сьвятары прынялі ўдзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 75-годдзя кананізацыі сьвятога Андрэя Баболі, якія адбыліся 15-16 траўня 2013 году ў Пінску і Янаве. У падобных урачыстасьцях яны бяруць удзел з 2000 году.
Адразу пасьля забойства казакамі Андрэя Баболі ў 1657 годзе ягоным целам першы заапекаваўся ўніяцкі парах з Янава. Першыя дазнаньні сярод відавочцаў аб мучаніцтве і цудах сьв. Андрэя Баболі дзеля ягонай кананізацыі праводзіў уніяцкі біскуп Пінскі і Тураўскі Парфір Кульчыцкі. А біскуп гэтай япархіі, Гедэон Гарбацкі, разам з манахамі-базыльянамі пасьля часовай забароны езуіцкага ордэну апекаваўся мошчамі мучаніка ў пінскім езуіцкім храме сьв. Станіслава, які быў тады пінскай уніяцкай катэдрай.
Падчас урачыстасьцяў кананізацыі езуіта Андрэя Баболі ў Вялікдзень 1938 году ў базыліцы сьв. Пятра сярод ярархаў былі два біскупы візантыйскага абраду — Апостальскі візітатар каталіцкіх парафіяў славяна-візантыйскага абраду на Валыні, Падляшшы і Палесьсі Мікалай Чарнецкі (сёньня — блаславёны) і расеец Аляксандар Яўрэінаў, а таксама шматлікае духавенства ўсходніх абрадаў з розных калегіюмаў у Рыме. У першы дзень трыдыюму ў гонар праслаўленьня сьвятога біскуп М. Чарнецкі адправіў візантыйскую Літургію ў царкве езуітаў al Gйsu, дзе захоўваліся мошчы сьв. Андрэя.
Яшчэ больш шырокі ўдзел грэка-католікаў быў ва ўрачыстасьцях, што адбываліся ў тагачаснай Польшчы ў гонар сьв. Андрэя Баболі падчас пераносу ягоных мошчаў у Варшаву. Менавіта перад вайной была закладзена традыцыя сумеснага сьвяткаваньня католікамі абодвух абрадаў дня памяці гэтага сьвятога, якая сёньня працягваецца і ў Беларусі.
15 траўня 2013 году ў Пінску, дзе служыў і займаўся евангелізацыяй сьв. Андрэй Баболя, у 75-ыя ўгодкі яго кананізацыі, адбылася сьвятая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці. Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) разам з вялікай групай грэка-каталіцкіх сьвятароў з Цэнтральна-Заходняга дэканату БГКЦ удзельнічалі ў гэтым урачыстым набажэнстве ў катэдры Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Багародзіцы, у якім прымалі ўдзел рыма-каталіцкія біскупы Беларусі, Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі кс. пралат Францішак Кісель, Мітрапаліт Шчэцінска-Каменскі архібіскуп Анджэй Дзенга, біскуп на пенсіі Ломжынскай дыяцэзіі (Польшча) Станіслаў Стэфанэк, сьвятары і манахіні, прадстаўнікі ўлады, госьці з замежжа.
Набажэнству папярэднічалі прэс-канферэнцыя з удзелам усіх каталіцкіх ярархаў Беларусі, канцэрт і даклады. Імша была на беларускай мове, а Апостальскі нунцый паводле сваёй традыцыі, хоць і добра валодае расейскай мовай, казань прамаўляў па-італійску, а яго перакладчык тлумачыў прысутным вернікам яго на беларускую. Відавочна, гэта прынцыповая пазіцыя нунцыя — Каталіцкая Царква ў Беларусі павінна прамаўляць да людзей па-беларуску.
Catholic.by зьвяртае ўвагу на словы архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці пра сьв. Андрэя Баболю: “Слухаючы гісторыю гэтага сьвятога, глыбока адчуваеш цярпеньне, бо здаецца, што ён памёр двойчы. Першая яго сьмерць — тая, што ён панёс за вернасьць сваёй веры, якую абвяшчаў, ходзячы па вёсках гэтай зямлі. Другая сьмерць — тая, якую выказвае малітва сёньняшняга дня і выбраныя чытаньні: гэтая сьмерць вынікае з таго, што рукамі хрысьціянаў забіваюцца іншыя хрысьціяне”. Паводле словаў ярарха, якія , гэта выглядае так, “як быццам бы мы хацелі адкінуць малітву Хрыста, якою Ён маліўся перад сваёй сьмерцю, просячы, каб усе былі адно”.
Яшчэ Ўладыка Клаўдзі ўзгадаў пра момант з гісторыі жыцьця сьв. Андрэя Баболі, калі яго мошчы, што выстаўляліся ў музеі наркамату здароўя ў Маскве, у траўні 1924 году былі перададзеныя савецкімі ўладамі ў Ватыкан. Гэта была свайго роду падзяка бальшавікоў за дапамогу ў змаганьні з голадам у СССР. Дзякуючы дзейнасьці Папскай місіі дапамогі галадаючым у СССР ад голаду было выратавана каля 160 тысячаў чалавек. Менавіта ў гэты час Каталіцкая Царква ў СССР перажывала вельмі цяжкую сітуацыю, а ярархі, якія спрабавалі супрацьстаяць бязбожнай прапагнадзе, былі забітыя або дэпартаваныя.
“Парадаксальным чынам перасьлед яднае католікаў і праваслаўных, — адзначае словы Апостальскага Нунцыя беларускі каталіцкі партал Catholic.by. — У той момант, калі нехта імкнецца зьнішчыць хрысьціянства, гісторыя дзьвюх Цэркваў становіцца адной гісторыяй мучаніцтва”. “Мы дзякуем Богу за гэты шлях, пройдзены ў пошуках еднасьці, які дазваляе нам з большай дыстанцыяй глядзець на тое, што нас падзяляла ў гісторыі”, — адзначыў прадстаўнік Сьвятога Айца.

Напрыканцы Літургіі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці перадаў усім прысутным Апостальскае бласлаўленьне Папы Францішка. “Гэтае бласлаўленьне для ўсіх вас і гэтай зямлі, якую асьвяціў сваёй крывёю Андрэй Баболя і многія мучанікі, вядомыя і невядомыя, — сказаў прадстаўнік Папы. — Няхай яно паспрыяе дабрабыту і супакою гэтай зямлі, супакою паміж народамі і паміж рэлігіямі”.
Другі дзень сьвяткаваньня 75-годдзя кананізацыі місіянера Палесься сьв. Андрэя Баболі прайшоў у Янаве. 16 траўня, у дзень мучаніцкай сьмерці сьвятога, туды традыцыйна прыбываюць пілігрымы з Беларусі і Польшчы, ладзіцца хрэсны ход да месца забойства сьвятога. На гэтым месцы ў цэнтры Янава сёньня стаяць два вялікія крыжы (каталіцкі і праваслаўны) і вялікі камень з мемарыяльнай дошкай. Уласна тут, на месцы мучаніцкай сьмерці сьв. Андрэя Баболі, дзе ля двух сымбалічных крыжоў сабраліся шматлікія сьвятары і духоўныя асобы, біскупы, а таксама пілігрымы і мясцовыя католікі, з прамовы біскупа Антона Дзям’янкі (па-польску) распачалася ўрачыстасьць.
Ад крыжоў працэсія з рэліквіямі сьвятога, у якой бралі ўдзел і грэка-каталіцкія сьвятары, вырушыла ў касьцёл. Удзельнікі працэсіі маліліся за беларускі народ, просячы Бога аб глыбокай веры для яго. Праўда, песьні падчас працэсіі сьпяваліся больш на польскай мове, адно толькі часткова Ружанец і Вяночак да Божай міласэрнасьці маліліся яшчэ і па-беларуску. У парафіяльным касьцёле адбылася ўрачыстая сьв. Імша — таксама па-польску. Такое сьведчаньне веры для шэрагу ўдзельнікаў сьвята ў гонар місіянера Палесься выглядала даволі дзіўным, а для абсалютнай большасьці мясцовых людзей яшчэ і незразумелым.
На Заходнім Палесьсі колькасьць палякаў складае ўсяго некалькі адсоткаў насельніцтва, а ў Іванаўскім раёне паводле дадзеных перапісу сёньня 94,6% беларусаў, 2,8% — украiнцаў, расейцаў — 2,3%, iншых нацыянальнасьцяў, у тым ліку палякаў — 0,3%...

Да прысутных на сьв. Імшы зьвярнуўся з вітальным словам мітрапаліт з Польшчы Анджэй Дзенга, які назваў сябе пілігрымам на гэтай урачыстасьці, бо прыбыў у Янаў, каб “перажыць сьведчаньне веры вялікага сьвятога” гэтай зямлі.
Напрыканцы набажэнства біскуп Антон Дзям’янка падзякаваў усім за ўдзел ва ўрачыстасьцях, а таксама абвясьціў касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа ў Янаве санктуарыем, выказаўшы пажаданьне, каб культ сьвятога Андрэя Баболі распаўсюджваўся на Палесьсі і ва ўсёй краіне.
Ва ўрачыстасьцях ў Пінску і Янаве ў гонар сьв. Андрэя Баболі — місіянера Палесься і апекуна Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі прымалі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, пілігрымы з Беларусі, Польшчы, Літвы і Германіі.
Фота з сайту Catholic.by.
Тэгі: сьв. Андрэй Баболя, Янаў, Пінск, БГКЦ, Палесьсе, Апостальскі нунцый, Клаўдыё Гуджэроцьці, Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі, Парфір Кульчыцкі
Гл. таксама:
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял
Апостальскі нунцый: Папа цэніць існаваньне беларускіх грэка-католікаў
Архібіскуп Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкі храм у Віцебску
Свабода ня можа быць без духоўнасьці
Сустрэць агонь і несьці агонь
Гэты артыкул чыталі 153 разоў (-ы)