Галоўная
Навіны хрысьціянскага сьвету
Паводле традыцыі на гэтым набажэнстве прысутнічала праваслаўная дэлегацыя Ўсяленскага Канстанцінопальскага Патрыярхату, якую ўзначальваў мітрапаліт Пергамскі Ян Зізіулас.
Гл. таксама:
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
Кардынал Кох: Папа Францішак адчыняе многія дзьверы
Папа: Бог прагне нашай еднасьці
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”
Папа: хто ня моліцца, той ператварае веру ў ідэалогію

12.07.2013
Быць адзінымі ў разнастайнасьці
Умацаваньне ў веры, любові і еднасьці — гэта фундаментальныя рысы, якія характарызуюць служэньне Наступніка апостала Пятра, — адзначыў Папа Францішак падчас сьв. Імшы ва ўрачыстасьць сьвятых апосталаў Пятра і Паўла.

«Калі мы дазваляем узяць верх логіцы чалавечай улады і не даём настаўляць нас і весьці веры, Богу, то становімся каменем спатыкненьня», — сказаў Папа, адпраўляючы раніцай 29 чэрвеня 2013 году Імшу ў ватыканскай базыліцы сьв. Пятра з нагоды сьвята заступнікаў Царквы Рыму — сьвятых вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, паведамляе Радыё Ватыкану.
Знак сулучнасьці з біскупам Рыму і абавязаньне быць прыладамі сулучнасьці — палій, літургічны знак, сымбаль згубленай авечкі і Добрага Пастыра, Які аддае жыцьцё за Сваіх авечак, быў ускладзены Папам Францішкам на плечы 35 архібіскупаў мітрапалітаў з усяго сьвету. Гэты абрад па традыцыі зьдзяйсьняецца 29 чэрвеня, у сьвята заступнікаў Царквы Рыму. Іх прысутнасьць зьяўляецца знакам сулучнасьці ў Царкве, які не азначае аднастайнасьці — адзначыў Сьвяты Айцец, цытуючы словы II Ватыканскага Сабору.
Разнастайнасьць, паводле словаў Папы — гэта насамрэч вялікая каштоўнасьць, гэта «велізарнае багацьце, якое прымушае нас перажываць, пэўным чынам, падзею Пяцідзясятніцы: сёньня, як тады, вера Царквы прамаўляе на ўсіх мовах, і жадае аб’яднаць народы ў адзіную сям’ю».
«Разнастайнасьць у Царкве, — сказаў Рымскі Архірэй, — заўсёды заснавана на гармоніі еднасьці, як велізарная мазаіка, у якой усе элементы ўдзельнічаюць у стварэньні вялікай карціны Бога». «І гэта павінна заахвочваць заўсёды пераадольваць усялякі канфлікт, які раніць цела Царквы. Адзіныя ў разнастайнасьці: такі шлях Ісуса! …Сінод Біскупаў, у гармоніі з першынством. Мы павінны ісьці гэтым шляхам сінадальнасьці, узрастаць у гармоніі з служэньнем першынства».
Біскуп Рыму закліканы ўмацоўваць у еднасьці веры і любові, — падкрэсьліў Папа. Кіруючыся евангельскім вобразам Пятровага вызнаньня Ісусу: «Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога», за якім сьледуюць словы Месіі «Ты — Пётра, і на гэтым камені Я пабудую Царкву Маю», Папа Францішак перасьцярог хрысьціянаў і служак Царквы ад небясьпекі кіравацца логікай гэтага сьвету: «Калі Ісус кажа пра Сваю сьмерць і ўваскрасеньне, пра шлях Бога, які не адпавядае чалавечаму шляху ўлады, у Пятру зноў абуджаецца цела і кроў: ён «пачаў пярэчыць Госпаду: …хай ня будзе гэтага з Табою!» (Мц 16, 22). І Ісус адказвае яму сурова: «адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса!» (Мц 16, 23). Калі мы дазваляем браць верх нашым пачуцьцям, думкам, логіцы чалавечай улады і не даём навучаць нас і весьці веры, Богу, то становімся каменем спатыкненьня».
Далей у сваім разважаньні Папа прыгадаў словы апостала Паўла: «Подзьвігам добрым я змагаўся». Подзьвіг Паўла стаўся ў мучаніцтве, падкрэсьліў Сьвяты Айцец: «Сьв. Павел меў адзіную зброю: пасланьне Хрыста і дар усяго свайго жыцьця Хрысту і іншым. І менавіта тое, што ён, кажучы пра недахопы, першым прыводзіў у прыклад сябе, не шкадаваў сябе, быў усім для ўсіх, зрабіла яго пераканаўчым і будавала Царкву. Біскуп Рыму закліканы жыць і сьцьвярджаць у гэтай любові да Хрыста і да ўсіх без адрозьненьняў, абмежаваньняў і межаў».
«Апосталы Пятро і Павел даручаюць кожнаму з біскупаў заданьне быць слугой еднасьці», — сказаў на заканчэньне Сьвяты Айцец.
Гл. таксама:
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
Кардынал Кох: Папа Францішак адчыняе многія дзьверы
Папа: Бог прагне нашай еднасьці
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”
Папа: хто ня моліцца, той ператварае веру ў ідэалогію
Гэты артыкул чыталі 116 разоў (-ы)