Галоўная
Навіны хрысьціянскага сьвету
Паводле Францішка, Сьвяты Дух сам па сабе зьяўляецца найвышэйшым Божым дарам, “падарункам Бога”, які перадаецца тым, хто прымае розныя духоўныя дары. Царква вылучае сем дароў Сьвятога Духа, а гэтая лічба сымбалізуе поўню і завершанасьць, адзначыў Папа, і нагадаў, што да іх адносяцца мудрасьць, розум, рада, мужнасьць, умеласьць, пабожнасьць і боязь Божая.
Гл. таксама:
5 гадоў з Папам Францішкам: статыстыка і адметнасьці пантыфікату
Папа Францішак: будзьце закваскай еднасьці, суцяшэньня і любові
24 красавіка ў каталіцкіх цэрквах Еўропы зьбіраюць ахвяраваньні для Ўкраіны
Рымскі Архірэй адчыніў Сьвятыя Дзьверы
Дар розуму дапамагае зазірнуць у глыбіню Божых думак

09.04.2014
Мудрасьць – гэта здольнасьць бачыць Божымі вачыма
Падчас агульнай аўдыенцыі 9 красавіка 2014 году Папа Францішак пачаў новы цыкл катэхезаў, прысьвечаны дарам Сьвятога Духа — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
Сьвяты Дух зьяўляецца душой, жыцьцятворнай лімфай Царквы і кожнага хрысьціяніна, адзначыў Папа. Сьвяты Дух – гэта любоў Бога, Які робіць з нашага сэрца Свой дом і ўваходзіць у адзінства з намі, лічыць Рымскі Архірэй. Ён заўсёды з намі, заўсёды ў нас, Ён ў нашым сэрцы.

Сьвяты Айцец засяродзіў сваю ўвагу на першым дары Сьвятога Духа – мудрасьці. “Гаворка ня ідзе пра простую чалавечую мудрасьць. Не! Чалавечая мудрасьць – гэта плён пазнаньня і досьведу. У Бібліі апавядаецца, што Саламон у момант сваёй каранацыі на караля Ізраіля папрасіў аб дары мудрасьці. Мудрасьць зьяўляецца ласкай здольнасьці бачыць усё Божымі вачыма. Менавіта так – бачыць сьвет, бачыць сітуацыі, здарэньні, праблемы, усё — вачыма Бога. Гэта мудрасьць. Часам мы глядзім на рэчы як нам падабаецца або ў залежнасьці ад стану нашага сэрца – з любоўю ці гневам, з нянавісьцю. Не! Гэта ня Божы погляд. Мудрасьць, гэта тое, што Сьвяты Дух чыніць у нас, каб мы бачылі ўсё вачыма Бога. Гэта дар мудрасьці”, - сказаў Папа.
Паводле Рымскага Архірэя, дар мудрасьці зьяўляецца плёнам блізкасьці з Богам. “Калі знаходзімся ў еднасьці з Госпадам, Сьвяты Дух нібыта перамяняе нашае сэрца і дазваляе прыняць усю Яго цеплыню і прыхільнасьць”, - падкрэсьліў Папа.
На думку Пантыфіка, менавіта Сьвяты Дух робіць хрысьціянаў мудрымі. Гэта не азначае, што Ён робіць чалавека тым, хто ведае адказы на ўсе пытаньні. Тут маецца на ўвазе іншая мудрасьць. Дух мудрасьці робіць чалавека тым, хто ведае Бога, ведае, як дзейнічае Бог, ведае, калі рэчы паходзяць ад Бога, а калі не.
“Сэрца мудрага чалавека ў гэтым сэньсе мае смак і водар Бога. І як жа важна, каб у нашых супольнасьцях былі такія хрысьціяне. Усё ў іх кажа аб Богу і робіцца цудоўным і жывым знакам Яго прысутнасьці і любові. Гэта тое, чаго мы ня можам дасягнуць імправізавана, ня можам набыць самі з сябе: гэта дар, які Бог дае паслухмяным Яго Духу. Мы маем Сьвятога Духа ўнутры нас, у нашым сэрцы, можам слухаць Яго, а можам і ня слухаць. Але калі слухаем Сьвятога Духа, Ён навучае нас шляхам мудрасьці, дорыць мудрасьць, якая заключаецца ў тым, каб бачыць вачыма Бога, чуць Яго вушамі, любіць сэрцам Бога, судзіць аб усім паводле Бога”, - сказаў Папа.
Францішак прывёў некалькі паўсядзённых прыкладаў дзейнасьці дару мудрасьці. Паводле Папы, мудра паступае маці, якая спакойна тлумачыць дзіцяці, як трэба сябе паводзіць, замест таго каб абурацца на яго; мудра паступаюць сужонкі, якія пасьля сваркі ідуць адзін аднаму насустрач і аднаўляюць супакой паміж сабой. Такая мудрасьць зьяўляецца дарам Сьвятога Духа і аб ёй трэба прасіць у Бога, каб будаваць сем’і і Царкву, лічыць Папа.
Напрыканцы аўдыенцыі Сьвяты Айцец нагадаў, што працягваецца час Вялікага посту. У сувязі з гэтым ён заклікаў не стамляцца прасіць прабачэньня ў Бога праз сакрамант споведзі, злучаць свае пакуты з пакутамі ўкрыжаванага Хрыста, прабачаць адно аднаго і аказваць узаемную дапамогу.
Гл. таксама:
5 гадоў з Папам Францішкам: статыстыка і адметнасьці пантыфікату
Папа Францішак: будзьце закваскай еднасьці, суцяшэньня і любові
24 красавіка ў каталіцкіх цэрквах Еўропы зьбіраюць ахвяраваньні для Ўкраіны
Рымскі Архірэй адчыніў Сьвятыя Дзьверы
Дар розуму дапамагае зазірнуць у глыбіню Божых думак
Гэты артыкул чыталі 82 разоў (-ы)