Мітрапаліт Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы датэрмінова сышоў на пенсію 25 красавіка 2022 году Прэс-цэнтар Сьвятога Пасаду паведаміў, што Сьвяты Айцец Францішак прыняў адстаўку ад пастырскага кіраваньня грэка-каталіцкай Прэшаўскай архіяпархіяй у Славакіі архібіскупа-мітрапаліта Яна Бабяка, SJ. Адначасова Папа Францішак прызначыў біскупа Пятра Руснака з Браціслаўскай япархіі Апостальскім адміністратарам sede vacante Прэшаўскай архіяпархіі.
Ватыкан: тэолагі асуджаюць расейскую агрэсію супраць Украіны Ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны зьяўляецца злачынствам супраць міжнароднага права, правоў чалавека, свабоды і гуманізму — лічаць члены Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пра гэта яны скіравалі адмысловую заяву — паведамляе Vatican News.
Біблія павінна быць сёньня нашай “Малой падарожнай кніжкай” 20 студзеня 2022 г. у грэка-каталіцкай царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адбылася Экуменічная малітоўная сустрэча з нагоды 500-годдзя выданьня “Малой падарожнай кніжкі” Францішка Скарыны, выдадзенай у Вільні ў 1522 г.
18.01.2022
Папа: ахвяруем цяжкасьці і пакуты ў інтэнцыі еднасьці хрысьціянаў Пасьля малітвы Анёл Гасподні, якая 16 студзеня 2022 году прайшла на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак скіраваў заклік у сувязі з набліжэньнем Тыдня малітваў за еднасьціь хрысьціянаў — паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.
03.12.2021
Візіт Папы на Кіпр і ў Грэцыю – крок у дыялогу любові Візіт Папы Рымскага на Кіпр і ў Грэцыю стане важным крокам на шляху «дыялогу любові» з Праваслаўнымі Цэрквамі. Такое меркаваньне выказаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, кардынал Курт Кох.
01.12.2021
Папа Патрыярху Барталамею I: мы ўмацоўваем глыбокую сувязь, якая ўжо нас яднае Як інфармуе Vatican News, у сёлетнім традыцыйным пасланьні Канстанцінопальскаму патрыярху з нагоды сьвята апостала Андрэя Першапакліканага, брата сьвятога Пятра, Папа Рымскі Францішак адзначыў, што іх супольная адказнасьць перад абліччам сучасных выклікаў вынікае з іх агульнай веры.
Апостал Андрэй — сьвяты апякун хрысьціянскага братэрства З 21 лістапада ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі пачалася душпастырская навэнна перад сьвятам Апостала Андрэя Першапакліканага — асаблівага апекуна і заступніка Ўсходняй (Візантыйскай) Царквы, якога шануюць хрысьціяне як на Ўсходзе, так і на Захадзе.
Кардынал Кох пра стан экуменічнага дыялогу і новыя выклікі для хрысьціянства
Мы ідзем наперад маленькімі крокамі, але зрухі ёсьць. Прагрэс экуменічнага дыялогу часта патрабуе ахвярнасьці і цярпеньня, і нярэдка яго цаною становіцца кроў мучанікаў. Пра гэта казаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў у інтэрв’ю газеце “L’Osservatore Romano”, — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
Напрыклад, дыялог з праваслаўнымі характарызуецца сваёй “разнастайнасьцю”, сказаў кардынал Курт Кох. Бо праваслаўны сьвет вельмі розны, у ім ёсьць шмат Цэркваў. Ватыканскі ярарх прызнаўся, што сёньня найбольш складаная і напружаная сітуацыя адзначаецца ва Ўкраіне, “паколькі праваслаўны Маскоўскі Патрыярхат крытыкуе Каталіцкую Царкву, не робячы выразнага адрозьненьня паміж верай і палітыкай”. І наадварот, “адносіны з Канстанцінопальскім Патрыярхатам вельмі добрыя”. Яны пазначаны “доўгай гісторыяй сяброўства” і “духоўнай сулучнасьцю”. На жаль, адзначыў ватыканскі ярарх, гэта, па прычыне існуючых кантрастаў, немагчыма ў выпадку іншых Праваслаўных Цэркваў.
Кардынал Курт Кох. Фота: Commons Wikimedia / RPP-Institut.Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў падкрэсьліў значэньне нядаўняй сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Барталамея I у Ерусаліме: гэтая сустрэча “была ня толькі ўспамінам візіту Паўла VI да Патрыярха Атэнагора, але і важным крокам для будучага экуменізму, неабходнага для разьвіцьця сувязяў і еднасьці”. Кардынал Кох з сумам канстатаваў, што “многія сёньня звыкліся казаць пра дзьве Царквы, але ёсьць толькі адна Царква, ёсьць адна і тая ж Царква — на Захадзе і на Ўсходзе. Менавіта таму так важна зноў здабыць еднасьць і поўную еўхарыстычную сулучнасьць. Гэта было гарачым жаданьнем Паўла VI і Патрыярха Атэнагора, але дагэтуль яно ня выканана”.
Кардынал Кох сьцьвярджае, што еднасьць, якой жадаў Павел VI, усё яшчэ не рэалізаваная праз нявырашаныя багаслоўскія пытаньні. Мае быць праведзена яшчэ вялікая праца, асабліва Міжнароднай зьмяшанай камісіяй па багаслоўскім дыялогу. У тэалагічным плане галоўным выклікам для праваслаўных і католікаў сёньня зьяўляецца пытаньне “суадносінаў паміж калегіяльнасьцю і першынствам” папы Рымскага. Гаворка ідзе не пра “кампраміс паміж двума рэчаіснасьцямі, але пра сінтэз вялікай моцы праваслаўя, калегіяльнасьці, і вялікай моцы каталіцтва, першынства. Ёсьць таксама і іншыя пытаньні, але найперш трэба абавязкова вырашыць пытаньне аб першынстве”.
“Міжнародная камісія, якая зьбіралася ў Равэне ў 2007 годзе, апублікавала выніковы дакумент, падпісаны як католікамі, так і праваслаўнымі. У ім ясна паказвалася, што Царква мае патрэбу ў protos на мясцовым, рэгіянальным і сусьветным узроўні. Гэта было значным крокам наперад, таму што праваслаўныя таксама прызналі, што Царква мае патрэбу ў “першым” на сусьветным узроўні. Толькі тады, калі Царква мае сусьветны маштаб, першынство мае сэнс як знак і прылада еднасьці. Мы павінны адшукаць такую форму ажыцьцяўленьня першынства Рымскага біскупа, якую прымалі б і іншыя Цэрквы. Пасьля II Ватыканскага сабору папы рабілі і робяць шмат для экуменізму. Не выклікае сумневаў факт, што многія зьверхнікі іншых Цэркваў хочуць прыязджаць у Рым, і гэта стварае ўражаньне, што папа ўжо выяўляе і ажыцьцяўляе экуменічнае першынство, якое праяўляецца ў сяброўстве і братэрстве”. Кардынал Кох прывёў таксама ў прыклад малітоўныя сустрэчы ў Асізі: “Хто можа запрасіць усе хрысьціянскія Цэрквы і іншыя рэлігіі на сусьветную сустрэчу і малітву за мір? Гэта ўжо ёсьць пазітыўнае ажыцьцяўленьне экуменічнага першынства біскупа Рыму”.
Сёньня і перад католікамі, і перад праваслаўнымі секулярная рэчаіснасьць ставіць адны і тыя ж выклікі. “У сувязі з гэтым, Каталіцкая Царква ініцыявала праект новай евангелізацыі”, — нагадаў ватыканскі ярарх. Прычым, новая евангелізацыя павінна мець у тым ліку і экуменічнае вымярэньне, “таму што секулярызм зьяўляецца выклікам, на які мы можам адказаць толькі разам”. Таксама трэба быць сёньня больш сьмелымі ў сумесным асуджэньні перасьледу хрысьціянаў, лічыць старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, бо “усе супольнасьці, усе Цэрквы маюць сваіх мучанікаў”, а “кроў не падзяляе, але яднае”. Гэта асабліва актуальна для “краінаў паходжаньня хрысьціянства на Блізкім Усходзе”, адкуль пасьлядоўнікі Хрыста цяпер вымушаны ўцякаць перад небясьпекай сьмерці.
Кардынал Курт Кох распавёў таксама пра стан дыялогу з юдаізмам. На яго думку, чакае “яшчэ доўгі шлях да паяднаньня паміж юдаізмам і хрысьціянствам”. Дыялог, які вядзецца цяпер, ватыканскі ярарх лічыць вельмі важным, паколькі ён падкрэсьлівае агульнае і адрознае. Ён даволі складаны, бо “габрэйскі сьвет вельмі разнастайны”. Але была створана асацыяцыя пад назвай Міжнародны габрэйскі камітэт па міжрэлігійных кансультацыях, які аб’яднаў розныя плыні юдаізму ва ўсім сьвеце.
Ярарх нагадаў, што сёлета спаўняецца 50 гадоў з моманту апублікаваньня Дэкрэту аб экуменізме “Unitatis redintegratio”. Таму наступная пленарная сэсія Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў будзе прысьвечана разважаньню над яго рэалізацыяй. Кардынал нагадаў, што праца ватыканскай дыкастэрыі канцэнтруецца на двух напрамках — Усход і Захад. Дыялог з Усходнімі Цэрквамі і Ўсходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі сканцэнтраваны ў асноўным на пытаньнях эклезіялогіі, з пратэстанцкімі супольнасьцямі — кола пытаньняў куды больш шырокае.
“Цяпер у пратэстанцкім сьвеце не назіраецца тэндэнцыі да большага адзінства. Існуе, па сутнасьці, вялікая фрагментацыя. Пастаянна ствараюцца новыя супольнасьці, і гэта праблема. Гэта азначае, што больш няма агульнага погляду на экуменізм”, — адзначыў кардынал Кох. У такой сітуацыі, на яго думку, “важна зразумець, куды мы хочам ісьці”.
Наступным выклікам, на думку кіраўніка ватыканскай дыкастэрыі, зьяўляецца на сёньняшні дзень “вялікі рост евангельскіх і пяцідзясятніцкіх рухаў”. Пяцідзясятнікі ў сьвеце колькасна другія пасьля Каталіцкай Царквы, нагадаў кардынал Кох. “Мы вымушаны казаць сёньня пра “пентэкасталізацыю” хрысьціянства або пра чацьвёрты тып хрысьціянства: католікі, праваслаўныя, пратэстанты і пяцідзясятнікі. Гэта зьяўляецца сур’ёзным выклікам для будучыні. Я перакананы, што ў гэтым сэньсе Папа Францішак можа адкрыць некаторыя дзьверы, якія пакуль яшчэ зачыненыя”, — сказаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў у інтэрв’ю ватыканскай газеце.