Папа хоча бачыць у новых біскупах асобаў, здольных абудзіць Царкву Сёньня патрэбныя біскупы, якія не задавальняюцца павярхоўным, але імкнуцца да глыбіняў, адкуль Сьвяты Дух працягвае натхняць сваю Царкву. З такімі словамі Папа Францішак 18 верасьня 2014 году ў Ватыкане зьвярнуўся да біскупаў, якія атрымалі хіратонію на працягу апошняга году — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча 20 гадоў споўнілася адноўленай грэка-каталіцкай парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча. З гэтай нагоды ў Лідзкай парафіі ягонага імя адбылося ўрачыстае набажэнства, у якім узяў удзел айцец Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі. Пасьля малітвы на сьвяце гучала сярэднявечная беларуская музыка, парафіяне танчылі і радаваліся. Рэпартаж з сайту Радыё Свабода.
20.09.2014
Маскоўскі патрыярхат заклікае багасловаў зноў абмеркаваць “праблему уніі” Старшыня Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Іларыён Алфееў, каментуючы ў інтэрв’ю “Интерфакс-Религия” пачатак працы ў Амане чарговай сесіі Зьмешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнымі Цэрквамі, заявіў, што падзеі ва Ўкраіне зноў абвастрылі “праблему уніі” і лічыць неабходным абмеркаваць яе на гэтым форуме.
Пілігрымка ў памяць блаславёнага сьвятамучаніка Тэадора Ромжы Напрыканцы лета, 22-24 жніўня 2014 году, адбылася 8-ая пешая пілігрымка моладзі Мукачаўскай Грэка-Каталіцкай япархіі з Хуста ў Вялікі Бычкаў, дзе захоўваюцца сьвятыя мошчы Блаславёнага Тэадора. Пра свой паломніцкі шлях і ўдзел у гэтай пілігрымцы распавядае адзін з вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з Баранавічаў.
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял Сітуацыя, у якой знаходзяцца беларускія грэка-католікі, цяжкая, аднак у іх ёсьць вялікі духоўны патэнцыял — так лічыць дапаможны біскуп Прэшаўскай грэка-каталіцкай архіяпархіі ў Славакіі Ўладыка Мілан Лах, SJ. Пра ўражаньні гэтага ярарха пасьля візіту ў Беларусь з нагоды 100-гадовага юбілею беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча распавядае матэрыял з кароткім інтэрв’ю на афіцыйным сайце грэка-каталіцкага архібіскупства ў Прэшаве.
Кнігу выбраных твораў айца Аляксандра Надсана прэзентавалі ў Горадні У душпастырскім цэнтры грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні 7 верасьня 2014 году адбылася першая ў Беларусі прэзентацыя кнігі выбраных твораў Апостальскага Візітатара для беларусаў-католікаў замежжа айца Аляксандра Надсана.
03.09.2014
Прадстаўнік Папы пра біскупа Сіповіча: “Ён ня мог прадаць праўду, праўду, якая вызваляе” 31 жніўня 2014 году ў парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Друі адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 100-ых угодкаў з дня нараджэньня выхаванца Друйскага кляштару айцоў-марыянаў грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча. Падчас сьвяткаваньняў Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці выступіў з беларускамоўнай гаміліяй, якая выклікала вялікую цікавасьць у тым ліку і ў беларускіх сьвецкіх СМІ, многія з якіх прыводзілі цытаты з яе. Прапануем поўны тэкст гэтай гаміліі прадстаўніка Папы ў Беларусі.
02.09.2014
У Друі і Менску адбыліся ўрачыстасьці ў гонар 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча У памяць пра выдатнага беларускага рэлігійнага i грамадзкага дзеяча, першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа ў ХХ стагоддзі Ўладыку Чэслава Сіповіча, які скончыў сваё зямное жыцьцё ў Лондане, ў 100-ыя ўгодкі з дня нараджэньня на яго радзіме была ўстаноўлена і асьвячана мемарыяльная табліца, а на магіле бацькоў закладзена капсула з зямлёй з магілы біскупа і ўстаноўлены новы помнік.
У Друі і Менску адбыліся ўрачыстасьці ў гонар 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча
У памяць пра выдатнага беларускага рэлігійнага i грамадзкага дзеяча, першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа ў ХХ стагоддзі Ўладыку Чэслава Сіповіча, які скончыў сваё зямное жыцьцё ў Лондане, ў 100-ыя ўгодкі з дня нараджэньня на яго радзіме была ўстаноўлена і асьвячана мемарыяльная табліца, а на магіле бацькоў закладзена капсула з зямлёй з магілы біскупа і ўстаноўлены новы помнік.
Уладыка Чэслаў Сіповіч быў адной з тых ключавых постацяў, хто адраджаў у XX стагоддзі зьнішчаную ў 1839 годзе беларускую Ўніяцкую Царкву. У часы, калі Грэка-Каталіцкая Царква ў СССР была забаронена і знаходзілася ў падпольлі, ён у 1947 годзе дабіўся ад Ўсходняй Кангрэгацыі ў Рыме дазволу на стварэньне ў Лондане Каталіцкай місіі для беларусаў-католікаў візантыйскага абраду, якая на некалькі дзесяцігоддзяў стала асноўным цэнтрам жыцьця Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп у XX стагоддзі Чэслаў Сіповіч.Высьвячаны на біскупа 4 жніўня 1960 году, на працягу многіх гадоў Уладыка Чэслаў Сіповіч рупліва апекаваўся расьцярушанымі па сьвеце беларускімі католікамі абодвух абрадаў, будучы Апостальскім візітатарам беларусаў у замежжы (1963-1981). Як грэка-каталіцкі ярарх, ён дастойна прадстаўляў Беларускую Царкву на II Ватыканскім саборы.
З нагоды 100-ых угодкаў з дня нараджэньня біскупа Чэслава Сіповіча 30 жніўня 2014 году ў Менску, у капліцы грэка-каталіцкага Цэнтру праведнага Язэпа, у яго памяць была адслужана Архірэйская Літургія, якую ўзначальваў дапаможны біскуп Прэшаўскай грэка-каталіцкай архіяпархіі ў Славакіі Ўладыка Мілан Лах, SJ. У прысутнасьці шматлікіх вернікаў разам з ім саслужылі Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей Гаек і амаль усе грэка-каталіцкія сьвятары, якія служаць сёньня ў Беларусі.Урачыстая Боская Літургія ў памяць Уладыкі Чэслава Сіповіча ў капліцы грэка-каталіцкага Цэнтру сьв. Язэпа ў Менску.
А ў нядзелю, 31 жніўня, у Друі, дзе некалі быў кляштар беларускіх айцоў-марыянаў і дзе атрымліваў сваю духоўную фармацыю будучы ярарх, разам з братамі рыма-католікамі адбылося ўрачыстае сьвяткаваньне юбілею славутага беларускага грэка-каталіцкага біскупа.
Друя сустракае паважаных гасьцей.На ўрачыстасьці ў маленькую сёньня Друю, у абноўлены намаганьнямі мясцовага душпастыра кс. Сяргея Сурыновіча старажытны касьцёл, прыехалі ажно тры каталіцкія ярархі: Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, славацкі грэка-каталіцкі біскуп з Прэшаўскай архіяпархіі Мілан Лах, рыма-каталіцкі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а таксама Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), асістэнт Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана айцец Сяргей Стасевіч з Лондану, рыма-каталіцкае і грэка-каталіцкае духавенства ды прадстаўнікі манаскіх супольнасьцяў. З Менску на сьвята прыехала вялікая група грэка-каталіцкіх пілігрымаў, да якіх далучыліся і вернікі з іншых мясцовасьцяў краіны. На 100-гадовы юбілей беларускага біскупа сабраліся таксама і прадстаўнікі вялікай радзіны Сіповічаў, якія жывуць у розных кутках краіны. Узначаліў урачыстасьці ў Друі прадстаўнік Сьвятога Айца ў Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці.
Перад пачаткам малітоўнага ўшанаваньня памяці Ўладыкі Чэслава Сіповіча ў друйскім касьцёле былі асьвечаныя новыя помнікі на магілах бацькі і маці біскупа, якія пахаваныя на могілках у вёсцы Дзедзінка. Новы помнік на магіле Сіповічаў у Дзедзінцы.Пры ўезьдзе ў вёску можна пабачыць старыя могілкі, на якіх спачылі многія прадстаўнікі сям’і Сіповічаў — яго бацькі (бацька памёр у 1957-ым, маці — у 1974 годзе), малодшыя браты і сёстры (памерлі зусім малымі), брат Ян і сястра Феліцыя. Побач знаходзіцца капліца, пабудаваная каля 15 гадоў таму на месцы старой драўлянай, якая, пэўна, памятала і малітву Чэслава Сіповіча. Таксама ў гэты дзень у магілу яго бацькоў была пакладзена капсула з зямлёй, прывезенай з магілы Чэслава Сіповіча ў Лондане. Цяпер гэта і сымбалічная магіла самога біскупа на сваёй радзіме: на пліце помніка зьмешчана і яго прозьвішча.
Перад пачаткам урачыстай сьв. Імшы ў друйскім касьцёле грэка-каталікі прасьпявалі Акафіст да Багародзіцы. Затым слова пра жыцьцё і дзейнасьць біскупа Чэслава Сіповіча прамовіў айцец Сяргей Стасевіч, які жыве і служыць у Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане, працягваючы распачатую Ўладыкам Сіповічам справу. Урачыстае набажэнства ў памяць біскупа Сіповіча ў друйскім касьцёле.Сьвятар з Лондану зрабіў незвычайны падарунак прысутным — ён прывез на ўрачыстасьці ў Друю запіс голасу самога біскупа Сіповіча. Гэта быў запіс яго апошняй прамовы да грамадзянскай супольнасьці сьвету, зроблены падчас удзелу беларускага біскупа ў пілігрымцы Крыжоў паняволеных народаў — апошняй пілігрымцы ў зямным жыцьці гэтага волата духа і адданага сына Беларусі.
Напачатку сьв. Імшы на сьцяне касьцёлу была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка з барэльефам славутага выхаванца Друйскай гімназіі і кляштара біскупа Чэслава Сіповіча, 100-годдзе з нараджэньня якога адзначаецца ў гэтым годзе. Тэкст на ёй напісаны беларускай лацінкай. Яе асьвячэньне зьдзейсьніў Апостальскі Нунцый Уладыка Клаўдзі (Гуджэроцьці).
Падчас сьв. Імшы з гаміліяй па-беларуску выступіў прадстаўнік Папы архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці. У знак павагі да памяці славутага беларускага грэка-каталіцкага ярарха менавіта тут, у Друі, Апостальскі Нунцый упершыню за час сваёй працы ў Беларусі прамовіў сваю гамілію цалкам па-беларуску. Характарызуючы постаць біскупа Чэслава Сіповіча, Уладыка Клаўдзі адзначыў: “Ён мог бы мець спакойнае законнае жыцьцё. Дастаткова было б прыняць перакананьні тых, хто настойліва навязваў яму чужую ідэнтычнасьць. Шмат пакутаў абмінулі б яго, і паводле сучаснага мысьленьня ён быў бы шчасьлівым. Гэта было б мізэрнае, эгаістычнае і баязьлівае шчасьце, якое, у перакананьні Чэслава Сіповіча, не было годным Бога”.
Прамаўляе Апостальскі Нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці.“Сёньня тут, у Друі, у “беларускім” кляштары марыянаў, адным з санктуарыяў беларускай культуры, мы адчуваем прысутнасьць Чэслава Сіповіча ў таямніцы Бога”, — сказаў ён. “Спадзяемся, што біскуп Сіповіч даруе моўныя памылкі прадстаўніку Папы ў Беларусі, які намагаецца сёньня гаварыць пра яго на ягонай жа мове. Гэта выраз таго, што ўвесь Касьцёл паважае і шануе гэтую мову і гэты народ і просіць прабачэньня за тое, калі не заўсёды рабіў гэта так, як павінен”, — заявіў Апостальскі Нунцый.
Біскуп Чэслаў Сіповіч быў ня толькі выдатным рэлігійным дзеячам, доктарам багаслоўя. Ён пакінуў свой сьлед як гісторык, культуролаг, пісьменьнік, публіцыст і перакладчык. Уладыка Чэслаў Сіповіч стаў ініцыятарам адкрыцьця і заснавальнікам Беларускай бібліятэкі імя Ф.Скарыны ў Лондане, якая дзейнічае і сёньня. Тым самым ён зрабіў неацэнны ўклад у прапаганду беларускай гісторыі і культуры на Захадзе. Хочацца спадзявацца, недалёкі той час, калі імя славутага земляка будзе ўшанавана і ў назвах вуліц у Друі і іншых мясцовасьцях на яго Бацькаўшчыне.