
29.06.2010
На старажытнай Барыса-Глебскай царкве абарончага тыпу з элементамі готыкі і рэнесансу ў Наваградку, якая зьяўляецца помнікам гісторыі і гісторыка-культурнай каштоўнасьцю 1-й катэгорыі (гэта значыць — сусьветнага значэньня), мясцовы праваслаўны сьвятар хоча ўсталяваць недарэчныя цыбуліны з пазалотаю.
Другая значная перабудова была за расейскім часам. Пасьля скасаваньня Уніі да 1860-ых гг. Барысаглебская царква ператварылася ў руіну. У 1866 г. распрацаваны праект перабудовы храма ў псеўдарускім стылі, а ў 1873-75 гг. ён быў рэалізаваны. Высокі клінчаты дах замянілі пакатым і чатырохсхільным, быў дададзены пасярэдзіне купал і ўсталяваныя барабаны з какошнікамі ды залатыя цыбульныя купалы на абарончых вежах.
За польскім часам, у 1923-24 гг., храм зноў рэканструяваны: замест драўлянага барабана з галоўкай адноўлена першапачатковае скляпеньне, умацаваны падмурак.
У сваім звароце А.Астаповіч адзначае, што паводле зьвестак таварыства, працы па рэканструкцыі царквы праводзяцца без дазволу Міністэрства культуры, яны прывядуць да неабгрунтаванай зьмены аўтэнтычнага аблічча помніка архітэктуры.
Паводле словаў Антона Астаповіча, па-першае, парушана сама працэдура выкананьня прац на гісторыка-культурных каштоўнасьцях, а яна ў нас жорстка рэгламентавана заканадаўствам. Па-другое, гэта прывядзе да зьмены аблічча гатычнага помніка.
Антон Астаповіч просіць Міністэрства культуры, каб для забесьпячэньня кантролю за выкананьнем заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Наваградзкім раёне, накіраваць на адрас Наваградзкага райвыканкама і праваслаўнага прыхода Барысаглебскай царквы прадпісаньне аб спыненьні незаконных прац.
У апошні час у Беларусі зьнявечаны недарэчнымі рэканструкцыямі і перабудовамі ўнікальныя драўляныя цэрквы ў вёсках Гошчава Івацэвіцкага, Махро Іванаўскага, Порплішча Докшыцкага раёнаў ды ў многіх іншых месцах краіны. Ці прыслухаюцца ў Міністэрстве культуры да аўтарытэтнага меркаваньня сьпецыялістаў па ахове помнікаў і дапамогуць правесьці якасную рэстаўрацыю старажытнай Барысаглебскай царквы ў Наваградку? Ці здолее хтосьці нарэшце стрымаць дылетанцкі будаўнічы запал правінцыйных рэстаўратараў, якімі кіруюць не архітэктары, а праваслаўныя пастыры?
Ігар Бараноўскі
Падрабязьней пра архітэктурныя асаблівасьці і выгляд Барысаглебскай царквы ў Наваградку гл. тут: www.radzima.org, globus.tut.by
Гл. таксама:
Каб стварыць беларускую царкву ў Лондане, кітаец вывучыў нашу гісторыю
Міністэрства культуры патрабуе спыніць усе працы па рэканструкцыі Барысаглебскай царквы ў Наваградку
Пры аднаўленьні царквы Сьвятога Духа знайшлі крыпты з астанкамі фундатараў
Грэка‑каталікі Менску зьвярнуліся да Лукашэнкі
У Верхнім горадзе сталіцы адбудуюць царкву Сьвятога Духа