I ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць,
ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея (Пасланьне сьв. ап. Паўла да Рымлянаў 5:3-4)
Каталіцкія ярархі Беларусі павіншавалі беларускіх грэка-католікаў з 25-годдзем аднаўленьня адкрытай дзейнасьці Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Аляксандар Кашкевіч ад імя каталіцкіх ярархаў Беларусі накіраваў на імя Апостальскага візітатара БГКЦ Віншавальны ліст з нагоды 25-годдзя аднаўленьня адкрытага душпастырства і літургічнага жыцьця Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, у якім выказаў падзяку ўсім, хто служыць для разьвіцьця Божай справы ў нашай краіне, і пажадаў, каб і далей паглыблялася супрацоўніцтва паміж католікамі ўсходняй і заходняй традыцыяў.
13.03.2015
Унія. Адроджаная беларуская Царква Беларускія грэка-католікі адзначаюць сёньня 25 гадоў аднаўленьня легальнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі. Праз 150 гадоў забароны, ганеньняў і забыцьця.
03.03.2015
У Беларусь прыедзе Дзяржаўны Сакратар Ватыкану Як паведаміла Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь, па запрашэньні беларускіх уладаў з 12 па 15 сакавіка 2015 году адбудзецца афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Яго Эмінэнцыі кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага Сакратара Яго Сьвятасьці Папы Францішка.
24.02.2015
БГКЦ: Асэнсаваць духовую спадчыну і новыя заданьні З нагоды пачатку Вялікага посту ў Нядзелю Праваслаўя Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) накіраваў Пастырскае слова, у якім зьвярнуў увагу на заклік Сьвятога Айца да духоўнага абнаўленьня, каб нанова асэнсаваць крыніцы нашага пакліканьня да Сьвятой Царквы, і заклікаў грэка-католікаў асэнсаваць спадчыну мінулых дзесяцігоддзяў і новыя заданьні.
21.02.2015
Францішак: адрозьніваць рэальны пост ад фармальнага Хрысьціяне, асабліва на працягу Вялікага посту, пакліканы жыць сапраўднай любоўю да Бога і бліжняга, сказаў Папа Францішак 20 лютага 2015 году падчас ранішняй Еўхарыстыі ў Ватыкане.
30.01.2015
Кардынал Кох: Папа Францішак адчыняе многія дзьверы Кардынал Курт Кох, які ўзначальвае Папскую Раду па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, па завяршэньні Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў даў інтэрв’ю для Радыё Ватыкану. Ён адзначыў, што малітва за еднасьць ёсьць незаменная, а сама еднасьць — гэта дар Сьвятога Духу, і мы павінны быць адкрытымі для прыняцьця гэтага дару.
27.01.2015
Еднасьць хрысьціянаў ня стане вынікам тэарэтычных дыскусіяў Увечары 25 студзеня 2015 году, на завяршэньне Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, Папа Францішак узначаліў урачыстую вячэрню ў рымскай базыліцы сьв. Паўла за мурамі. Важным момантам набажэнства стала экуменічная малітва ля магілы сьв. Паўла — апостала язычнікаў, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі іншых Цэркваў і царкоўных супольнасьцяў.
26.01.2015
Папа: Бог прагне нашай еднасьці Да тэмы экуменізму зьвярнуўся Сьвяты Айцец Францішак 25 студзеня 2015 году падчас сваіх разважаньняў перад малітвай «Анёл Гасподні». Ён заклікаў вернікаў да шчырай малітвы, каб узмоцніць імкненьні ўсіх вызнаўцаў Хрыста да поўнай еднасьці — паведамляе Радыё Ватыкану.
25.01.2015
Архімандрыт Сяргей (Гаек): Апосталы славянаў Кірыла і Мятод натхняюць нас на шляху экуменічнай дзейнасьці З нагоды Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, які штогод праходзіць у Каталіцкай Царкве 18-25 студзеня, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) даў невялікае інтэрв’ю Catholiс.by, у якім спаслаўся на прыклад Настаўнікаў славянаў сьв. Кірылы і Мятода і адзначыў, што еднасьць хрысьціянаў немагчымая бяз духу братэрства.
БГКЦ: Асэнсаваць духовую спадчыну і новыя заданьні
З нагоды пачатку Вялікага посту ў Нядзелю Праваслаўя Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) накіраваў Пастырскае слова, у якім зьвярнуў увагу на заклік Сьвятога Айца да духоўнага абнаўленьня, каб нанова асэнсаваць крыніцы нашага пакліканьня да Сьвятой Царквы, і заклікаў грэка-католікаў асэнсаваць спадчыну мінулых дзесяцігоддзяў і новыя заданьні.
Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі
на Нядзелю Праваслаўя 2015 году
Пачэсныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
1. Вялікі пост — гэта час, калі Сьвятая Царква заклікае нас увайсьці на шлях больш цеснай сувязі з Ісусам Хрыстом, наблізіцца да таямніцы Яго пакутаў і Ўваскрасеньня.
На пачатку Вялікага посту ў гэтым годзе Яго Сьвятасць Папа Рымскі Францішак нагадаў нам, што чалавек — стварэньне абмежаванае, грэшнае, якое патрабуе пакаяньня і навяртаньня да Бога. Навярнуцца да Бога «ўсім сэрцам» значыць, паводле словаў Папы, «ступіць на шлях не павярхоўнага перамяненьня, а на духоўны шлях, пракладзены ў сэрцы чалавека, там, дзе засяроджаныя яго пачуцьці і адносіны, там, дзе ён робіць выбар».
Таму Папа Францішак запрасіў усіх хоць бы на хвіліну спыніцца і прымірыцца з Богам, зьвярнуцца да Яго з новым сэрцам, ачышчаным ад зла. Сьвяты Айцец заклікаў усіх пражыць Вялікі пост з «надзеяй і радасьцю», так, каб «яго вонкаваму выкананьню адпавядала глыбокае духоўнае абнаўленьне».
Духоўнае абнаўленьне азначае нанова асэнсаваць крыніцы нашага пакліканьня да Сьвятой Царквы, асэнсаваць духовую спадчыну ды новыя заданьні.
2. Першая нядзеля Вялікага посту ў нашай царкоўнай традыцыі называецца Нядзеляй Праваслаўя. Праваслаўе, якое сьвяткуем у гэтую нядзелю, — гэта праўдзівая вера і праўдзівае пакланеньне Богу, праўдзівае праслаўленьне Бога, што на працягу стагоддзяў вызнавала і абараняла ўся Хрыстовая Паўсюдная — значыць Каталіцкая — Царква.
Таму Нядзеля Праваслаўя — гэта ўрачыстасьць усёй Царквы, Усходняй і Заходняй. Гэтую ўрачыстасьць усталяваў Усяленскі Сабор у Канстанцінопалі ў 842 годзе, пасьля перамогі над ерасьсю іканаборства, калі стала магчыма прылюдна і ўрачыста аддаваць пашану і пакланяцца сьвятым іконам Ісуса Хрыста, Багародзіцы і сьвятых.
У Нядзелю Праваслаўя 2015 году мы хочам узгадаць той час, калі 25 гадоў таму ў Беларусі стала магчыма адкрыта і прылюдна пакланяцца Богу, і калі беларускія грэка-католікі змаглі аднавіць душпастырскую дзейнасьць.
Моладзь з Менску ў а. Яна Матусевіча ў Барунах, 12.11.1989.3. Нам трэба ўзгадаць, што канец 80-х гадоў ХХ-га стагоддзя ў Беларусі вызначаўся ростам зацікаўленасьці Ўніяцкай Царквой сярод студэнтаў і інтэлігенцыі Менску і іншых гарадоў Беларусі.
Крыху больш за 25 гадоў таму — 12 лістапада 1989 году — група моладзі ды інтэлігэнцыі з Менску прыехала ў Баруны, дзе тады ў былым базыльянскім храме, яшчэ ў рыма-каталіцкай парафіі, служыў айцец Ян Матусевіч. Яны прасілі яго атуліць іх сваёй духоўнай апекай. Пазьней ён ахрысьціў шмат маладых людзей. Вось чаму мы лічым гэты дзень датай аднаўленьня адкрытага, публічнага душпастырскага служэньня нашай Царквы.
Мы ня лічым, што нашая Беларуская Ўніяцкая Царква была ліквідаваная, проста яе дзейнасьць у час перасьледу была прыпыненая і душпастырства вялося ў падпольлі.
Браты і Сёстры! 19 лістапада 2014 году я меў магчымасьць сустрэцца з Яго Сьвятасьцю Папам Францішкам. Гэтая сустрэча з Папам, у тыя юбілейныя дні, калі адзначалася 25-годдзе выхаду з падпольля нашай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, мела асаблівае і сымбалічнае значэньне. Я, вядома, з гэтай нагоды прасіў у Сьвятога Айца асаблівага блаславеньня.
Блаславеньне Сьвятога Айца для нас і Яго словы, каб мы «з адвагай асэнсавалі спадчыну мінулых дзесяцігоддзяў, асабліва апошніх 25-ці гадоў», — гэта вялікая ласка, вялікая радасьць, але і вялікае заданьне.
Асэнсаваць духовую спадчыну мінулых 25-ці гадоў — значыць дзякаваць Госпаду за нястомныя высілкі і за верную любоў сьвятароў і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы да Беларусі.
Дзень 11 сакавіка 1990 году, калі а. Аляксандар Надсан адслужыў у Менску Боскую Літургію па-беларуску, можа быць прызнаны за дату аднаўленьня адкрытага літургічнага жыцьця грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі. У бліжэйшыя дні спаўняецца 25 гадоў ад гэтай даты. На працягу гэтых 25-ці гадоў, дзякуючы нястомнай перакладчыцкай працы а. Аляксандра Надсана, мы атрымалі беларускамоўныя тэксты багаслужбаў візантыйскай традыцыі і можам шчодра карміцца духовым багацьцем нашай літургічнай спадчыны.
Адпраўленьне багаслужбаў па-беларуску зьяўляецца ўвасабленьнем неабходнага для евангелізацыі сімбіёзу паміж Евангельлем і культурай. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква — верная сваёй традыцыі — бачыць сваю важную місію ў пашырэньні беларускай хрысьціянскай культуры. Інкультурацыя Евангельля і евангелізацыя культуры адбываецца ў шматлікіх сферах душпастырскага служэньня Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і ў замежжы.
5. Блаславёны час Вялікага посту ў нашай літургічнай традыцыі — гэта і час малітвы за нашых памерлых продкаў, якія былі сьведкамі жывой праўдзівай веры, вернасьці Хрысту і еднасьці Царквы. Асаблівым чынам падчас малітваў за памёрлых у суботы Вялікага посту ўзгадаем усіх тых, хто служыў Хрысту ва ўніяцкіх манастырах на нашай зямлі: Быценскім, Жыровіцкім, Менскім, Барунскім, Браслаўскім і іншых. Такая малітва няхай дапаможа нам увайсьці ў глыбіню праўды пра «Сулучнасьць сьвятых», якой ёсьць Паўсюдная Хрыстовая Царква ў яе як гістарычным, так і геаграфічным вымярэньні. Тады зможам лепш асэнсаваць каштоўнасьць нашай духовай спадчыны, якую подзьвігам нашага хрысьціянскага жыцьця маем працягваць сёньня ў нашай Бацькаўшчыне.
Усім сьвятарам, дыяканам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам нашай Царквы ды ўсім нашым сябрам жадаем пражыць Вялікі пост з «надзеяй і радасьцю», каб «яго вонкаваму выкананьню адпавядала глыбокае духоўнае абнаўленьне».
Даручаем вас малітвам Багародзіцы ды ўсіх сьвятых Беларускага народу.