Мітрапаліт Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы датэрмінова сышоў на пенсію 25 красавіка 2022 году Прэс-цэнтар Сьвятога Пасаду паведаміў, што Сьвяты Айцец Францішак прыняў адстаўку ад пастырскага кіраваньня грэка-каталіцкай Прэшаўскай архіяпархіяй у Славакіі архібіскупа-мітрапаліта Яна Бабяка, SJ. Адначасова Папа Францішак прызначыў біскупа Пятра Руснака з Браціслаўскай япархіі Апостальскім адміністратарам sede vacante Прэшаўскай архіяпархіі.
Ватыкан: тэолагі асуджаюць расейскую агрэсію супраць Украіны Ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны зьяўляецца злачынствам супраць міжнароднага права, правоў чалавека, свабоды і гуманізму — лічаць члены Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пра гэта яны скіравалі адмысловую заяву — паведамляе Vatican News.
Біблія павінна быць сёньня нашай “Малой падарожнай кніжкай” 20 студзеня 2022 г. у грэка-каталіцкай царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адбылася Экуменічная малітоўная сустрэча з нагоды 500-годдзя выданьня “Малой падарожнай кніжкі” Францішка Скарыны, выдадзенай у Вільні ў 1522 г.
18.01.2022
Папа: ахвяруем цяжкасьці і пакуты ў інтэнцыі еднасьці хрысьціянаў Пасьля малітвы Анёл Гасподні, якая 16 студзеня 2022 году прайшла на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак скіраваў заклік у сувязі з набліжэньнем Тыдня малітваў за еднасьціь хрысьціянаў — паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.
03.12.2021
Візіт Папы на Кіпр і ў Грэцыю – крок у дыялогу любові Візіт Папы Рымскага на Кіпр і ў Грэцыю стане важным крокам на шляху «дыялогу любові» з Праваслаўнымі Цэрквамі. Такое меркаваньне выказаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, кардынал Курт Кох.
01.12.2021
Папа Патрыярху Барталамею I: мы ўмацоўваем глыбокую сувязь, якая ўжо нас яднае Як інфармуе Vatican News, у сёлетнім традыцыйным пасланьні Канстанцінопальскаму патрыярху з нагоды сьвята апостала Андрэя Першапакліканага, брата сьвятога Пятра, Папа Рымскі Францішак адзначыў, што іх супольная адказнасьць перад абліччам сучасных выклікаў вынікае з іх агульнай веры.
Апостал Андрэй — сьвяты апякун хрысьціянскага братэрства З 21 лістапада ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі пачалася душпастырская навэнна перад сьвятам Апостала Андрэя Першапакліканага — асаблівага апекуна і заступніка Ўсходняй (Візантыйскай) Царквы, якога шануюць хрысьціяне як на Ўсходзе, так і на Захадзе.
Яна абараняла беларускасьць і вучыла любіць Бацькаўшчыну
22 красавіка 2015 году ў грэка-каталіцкай царкве ў Берасьці прайшло адпяваньне і грамадзкае разьвітаньне з Марыяй Лукашук — маці дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука.
Пасьля чыну пахаваньня, які адслужыў над целам памёрлай а. Ігар Кандрацьеў, шматлікія прысутныя, што напоўнілі ў царкву, каб разьвітацца з спн. Марыяй Лукашук, падзяліліся сваімі ўспамінамі пра яе. Разьвітальнае слова пра Марыю Пракопаўну сказалі блізкія сябры яе сына Аляксандра Лукашука, Маці дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода спн. Марыя Лукашук з Берасьця.якія добра ведалі спачылую — пісьменьнік Уладзімір Арлоў, журналіст Валянцін Жданко, а таксама яе сябры і калегі па працы — выкладчыкі Берасьцейскага ўніверсітэту, сьвятар, грамадзкія актывісты з Берасьця. Многія з іх адзначалі неабыякавасьць, спагадлівасьць, прынцыповасьць і цьвёрдасьць характару Марыі Пракопаўны. Прыгадалі, як часта яна заступалася за іншых, дапамагала калегам, маладым асьпірантам і студэнтам, пры чым ня толькі ў навуцы, але і ў жыцьцёвых справах.
Згодна з пісьмовым запаветам спн. Марыі Лукашук, пахавалі яе на радзіме продкаў, недалёка ад Берасьця — у вёсцы Ставы Камянецкага раёну, дзе на працягу многіх гадоў царкоўным старастам і руплівым даглядчыкам старога храму і могілак быў яе брат.
Увечары на наступны дзень, 23 красавіка, дзеці, унукі і іншыя сваякі і сябры спачылай сабраліся ў грэка-каталіцкай царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя на Боскую Літургію, каб памаліцца за супакой спн. Марыі Лукашук.
Першы раз у грэка-каталіцкую царкву сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя спн. Марыя Лукашук трапіла ў 2000 годзе падчас прыезду ў Берасьце Апостальскага Візітатара для беларусаў-католікаў у замежжы а. Аляксандра Надсана. Пабываўшы на беларускім набажэнстве і сустрэчы з гэтым выдатным сьвятаром і беларусам, спн. Лукашук сказала тады, што гэта ёсьць тая Царква, дзе ёй хочацца быць, дзе яна змагла шчыра памаліцца Богу па-беларуску ў традыцыі продкаў, дзе ўбачыла сапраўдную беларускую супольнасьць вернікаў.
Будучы ўжо ў паважаным узросьце, праз нейкі час яна паведаміла душпастыра берасьцейскіх грэка-католікаў, што напісала сваім блізкім тэстамент, каб, калі прыйдзе яе час, яе адпявалі па-беларуску ў грэка-каталіцкай царкве ў Берасьці.
Марыя Лукашук пражыла 88 гадоў і была равесьніцай а. Аляксандра Надсана, які шмат у чым паўплываў на яе выбар Царквы. Амаль у адзін час з ім яна і адыйшла да Бога ў сьветлы пасхальны час 20 красавіка 2015 году. І разьвітаньне з ёй было таксама сьветлым, як і памяць, якую яна пакінула па сабе.
Марыя Лукашук (з радзіны Сахарчукоў) нарадзілася ў 1927 годзе на Берасьцейшчыне. У сям’і яе бацькоў у пашане былі гаспадарлівасьць, цяга да ведаў, вера ў Бога, імкненьне да справядлівасьці і незалежнасьці. У часы Другой сусьветнай вайны 15-гадовая Марыя, за плячыма якой было 5 гадоў польскай школы, стала настаўніцай, а праз год і дырэктаркай школы, каб нават у тых неспрыяльных умовах вучыць чытаць і пісаць малых дзетак і сваіх раўналетак. У пасьляваенны час яна вырашыла застацца вернай абранай прафесіі і паступіла спачатку ў настаўніцкую вучэльню ў Берасьці, а пазьней, ужо працуючы ў школе, на завочнае аддзяленьне педагагічнага інстытуту. Марыя Пракопаўна выкладала расейскую і беларускую мову спачатку для школьнікаў, а неўзабаве і для студэнтаў. Вяршыняй яе педагагічнай кар’еры стала ўзначальваньне двух катэдраў ва ўніверсітэце ў Берасьці.
Шмат гадоў Марыя Лукашук загадвала катэдрай расейскай і беларускай моваў з методыкай выкладаньня Берасьцейскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту. Кандыдат філалагічных навук, аўтар каля 10 метадычных дапаможнікаў.
Марыя Лукашук і Васіль Быкаў. Прага, 2003 г.Усё жыцьцё будучы прынцыпова беспартыйнай (у педвучэльні яна нават у камсамоле не была), пасьля рэферэндуму па сымболіцы і мове, стала актывісткай БНФ, ахвяравала са сваёй пенсіі грошы на ТБМ, была сталай аўтаркай «Народнай Волі», «Нашага слова», пісала ў многія іншыя СМІ, адстойваючы беларускую мову, культуру і годнасьць людзей. На 25 сакавіка заўсёды вывешвала нацыянальны сьцяг на сваім балконе.
Марыя Пракопаўна нястомна абараняла беларускасьць і вучыла ўсіх любіць Бацькаўшчыну, быць беларусамі.
Будучы ўжо на пенсіі, яна не магла сядзець, склаўшы рукі, імкнулася, наколькі дазваляла здароўе, быць актыўнай: яна наведвала і выступала на розных сустрэчах і імпрэзах у Берасьці, яе цікавіла гісторыя свайго роду, гісторыя Берасьцейшчыны, тэатар (муж яе быў дырэктарам тэатру ў Берасьці), літаратура. Яна шмат ліставалася з вядомымі асобамі, пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі. Сябравала з паэтам Нілам Гілевічам, пісьменьнікам Уладзімірам Арловым, акадэмікам Радзімам Гарэцкім, Васілём Быкавым і многімі іншымі. Лёс зьвёў яе ў Берасьці і з сям’ёй Адама Трыпуса — беларускага вайскоўца і настаўніка, які кіраваў антыпольскай партызанкай БНР у Гарадзенскім павеце.
Дзьверы яе кватэры заўсёды былі гасьцінна адчыненыя для яе сяброў, сяброў яе сына, дачкі. Свой аптымізм і веру ў тое, што Беларусь будзе вольнай і незалежнай, імкнулася перадаць іншым. Яна заўсёды імкнулася не скардзіцца пра незайдросны лёс беларускай мовы, а наадварот, радавалася і распавядала ўсім пра цікавыя ініцыятывы і маленькія дасягненьні ў справе адраджэньня ў нашай краіне беларускай мовы і культуры, пра якія даведвалася. Цікавілася яна і жыцьцём і справамі беларускага класу ў Берасьці, а яго вучням на сьвяты рыхтавала падарункі.
У апошнія гады Марыя Пракопаўна захапілася чытаньнем Бібліі на беларускай мове. Паводле яе словаў, чытала яе рэгулярна, амаль штодзень. Як узгадвала на разьвітаньні з спн. Лукашук у царкве адна з яе каляжанак па выкладчыцкай працы ва ўніверсітэце, яна нават любіла часам працытаваць нейкае выказваньне з Бібліі, прывесьці прыклад з яе.
Распавядаючы пра спн. Марыю Лукашук для Радыё Свабода, Уладзімір Арлоў адзначыў: «Сыход у іншы сьвет заўсёды высьвечвае сапраўдную значнасьць, сапраўдны маштаб асобы. Марыя Пракопаўна Лукашук была цудоўнай Маці, Мовазнаўцай, Педагогам з вялікай літары. Яна была настаўніцай для вельмі многіх і многіх у нашай краіне, настаўніцай беларускай вернасьці, беларускай ахвярнасьці, аптымізму ў самыя неспрыяльныя часы. І яна была змагаркай. Яна змагалася за свае погляды, за беларускую мову, за нацыянальную ідэю, урэшце, за будучыню Беларусі. Яна пісала лісты, яна пасылала пасылкі тым, хто пакутаваў за свае погляды ў зьняволеньні.
Калі казаць пра тое, якой асабіста для мяне была Марыя Пракопаўна, я скажу так: яна была старэйшай сяброўкай. Яна чытала ўсе мае кніжкі і адгукалася на іх у лістах да мяне і ў водгуках у прэсе».
Двое яе дзяцей і трое ўнукаў Марыі Лукашук паразьляталіся сёньня па розных краінах сьвету. Кожны з іх для яе, як маці і бабулі, быў несумненным гонарам.
«Старасьць шчасьлівая, калі шчасьлівыя твае дзеці і ўнукі. Старасьць шчасьлівая, калі паважаюць цябе твае дзеці і ўнукі», — напісала ў сваіх дзёньнікавых запісах Марыя Пракопаўна Лукашук.
Няхай усё тое добрае, што пасеяла сваім жыцьцём Марыя Пракопаўна, захаваецца ў гэтай сям’і і перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне.
«Хачу, каб Беларусь была цывілізаванай і беларускай», — казала яна.
Падаецца, усё, што магла зрабіць дзеля ажыцьцяўленьня сваёй мары, гэтая інтэлігентная беларуска з Берасьця спн. Марыя Лукашук — маці, што выхавала сына, які стаў дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабоды, — зрабіла. Няхай жа Бог дасьць ёй вечны супакой і сьветлай застанецца памяць пра яе.