Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных.
А вы зважайце... (Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце 13:22-23)
«Люблю прыказаньні Твае, Госпадзе!» 7 ліпеня 2015 году вырушыла пілігрымка з Віцебску ў Полацак, якую штогод ладзіць Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква. За 5 дзён, з 7 па 11 ліпеня, удзельнікі пілігрымкі пройдуць каля 110 км.
05.07.2015
Парафіяльны фэст у грэка-католікаў Берасьця 27-28 чэрвеня 2015 году берасьцейскія грэка-католікі адзначалі сваё парафіяльнае сьвята ў гонар братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу.
20.06.2015
Беларускія грэка-каталікі маюць новага сьвятара Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мае яшчэ аднаго сьвятара — айца Аляксея Філіпенку. У мінулую нядзелю ў Кастамлотах сьвятарскае пасьвячэньне на просьбу Апостальскага Візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека ўдзяліў дапаможны біскуп Перамышальска-Варшаўскай архіяпархіі Яўген Паповіч.
05.06.2015
За прымірэньне паміж хрысьціянамі і народамі Прадстаўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архім. Сяргей Гаек, а таксама расейскі грэка-каталіцкі сьвятар з Санкт-Пецярбургу а. Кірыла Міронаў прынялі ўдзел у працы міжканфесійнай духоўнай канферэнцыі, прысьвечанай прымірэньню хрысьціянаў і міру паміж народамі «Kairos-2015», якая адбылася 30-31 траўня 2015 году ў Бары (Італія).
28.04.2015
Яна абараняла беларускасьць і вучыла любіць Бацькаўшчыну 22 красавіка 2015 году ў грэка-каталіцкай царкве ў Берасьці прайшло адпяваньне і грамадзкае разьвітаньне з Марыяй Лукашук — маці дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука.
25.04.2015
Верш у памяць а. Аляксандра Надсана Беларускі паэт, празаік і перакладчык Віктар Шніп напісаў верш з нагоды адыходу ў вечнасьць а. Аляксандра Надсана.
23.04.2015
Лекцыя ў Маладэчна па гісторыі Ўніяцкай Царквы У нядзелю, 26 красавіка 2015 году, у Маладэчна адбудзецца публічная лекцыя Дзяніса Лісейчыкава «Уніяцкая Царква ў Беларусі 1596-1839 гг.: міфы, штампы, стэрэатыпы».
22.04.2015
Памёр марыянін, які дапамагаў БГКЦ 20 красавіка 2015 году ў Лондане на 51-ым годзе жыцьця раптоўна памёр польскі марыянін а. Пётра Смалінскі, які шмат дапамагаў беларускім грэка-католікам.
20.04.2015
Грэка-каталіцкі сьвятар: Айцец Надсан быў аўтарытэтам і для беларусаў па-за Царквой Беларуская супольнасьць сьвету 29 красавіка ў Лондане разьвітаецца з а. Аляксандрам Надсанам, Апостальскім візітатарам каталікоў усходняга абраду на эміграцыі, адным з духоўных лідараў беларусаў сьвету. Асэнсаваць маштаб асобы а. Надсана карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO паспрабавала ў гутарцы са сьвятаром грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэем Кратом.
18.04.2015
Народжаны для Неба «Калі даведаўся, што памёр айцец Аляксандар Надсан, напэўна, павінен быў смуткаваць», — піша грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні а. Андрэй Крот.
27-28 чэрвеня 2015 году берасьцейскія грэка-католікі адзначалі сваё парафіяльнае сьвята ў гонар братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу.
У апошнія гады вернікі грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці галоўныя свае парафіяльныя ўрачыстасьці ў гонар сваіх сьвятых заступнікаў ладзяць у апошнюю суботу чэрвеня. І невыпадкова. Сьвятыя браты-апосталы Пятро і Андрэй (выява на сьцяне грэка-каталіцкага храму ў Берасьці) і абраз Маці Божай Берасьцейскай.У гэтыя дні католікі абодвух абрадаў ушаноўваюць таксама цудатворную ікону Маці Божай Берасьцейскай і адзначаюць сьвята Вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла. Гэтыя два апосталы, якіх называюць слупамі Царквы, як і родны брат сьв. Пятра апостал Андрэй Першапакліканы, пачулі ад Бога адно і тое ж пакліканьне: «Ідзі за мною». І яны пайшлі за Хрыстом.
Насьледаваць гэтых апосталаў і ісьці сьледам за Хрыстом, зьвяртаючыся ў духу любові і еднасьці ня толькі да братоў рыма-католікаў, але і да вернікаў з іншых канфесіяў і нават тых, хто яшчэ не адчуў Божага закліку ды шукае Яго, імкнуцца ў грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
Па традыцыі на сваё парафіяльнае сьвята Еднасьці ў Берасьці яны запрашаюць сваіх братоў па веры, сяброў парафіі і дабрадзеяў. Асабліва рады тут гасьцям з іншых грэка-каталіцкіх парафіяў Берасьцейшчыны, якія паўсталі ў свой час як плён місійнай дзейнасьці берасьцейцаў, а таксама вернікам з супольнасьцяў харызматычнага накірунку. Сёлета на 2-дзённы парафіяльны фэст з насычанай праграмай у Берасьце прыехалі госьці з Івацэвічаў, Баранавічаў, Камянца, Кобрыня, Горадні, Астраўца і Менску.
Перад пачаткам сьвяточнай Літургіі ў суботу, 27 чэрвеня, адбыўся хрост немаўля з сям’і дыякана Віталя Быстрова. Новаахрышчаны хлопчык атрымаў сымбалічнае імя Пётар Павел — Хрост немаўля Пятра Паўла з сям’і дыякана Віталя Быстрова.у гонар вярхоўных апосталаў. Хочацца верыць, што гэтыя сьвятыя апекуны дамогуць яму ўпэўнена крочыць па жыцьці сьледам за Хрыстом.
Урачыстую Боскую Літургію 27 чэрвеня ў гонар патронаў парафіі ў Берасьці — родных братоў-апосталаў Пятра і Андрэя — узначаліў нядаўна прызначаны новы дэкан Заходняга дэканату БГКЦ а. Андрэй Буйніч з парафіі сьв. Язафата ў Лідзе. Казаньне падчас сьв. Літургіі на тэму любові прамовіў душпастыр гарадзенскіх грэка-католікаў а. Андрэй Крот. Сапраўдная еднасьць немагчымая без любові. Пра тое, як разумеюць любоў і пра розныя праявы любові ў жыцьці хрысьціяніна гаварыў сьвятар.
Папа Рымскі Францішак, як перамнік сьв. апостала Пятра, якога асабліва ўзгадваюць усе католікі ва ўрачыстасьць Пятра і Паўла, заклікае «аднавіць арыгінальную сьвежасьць Евангельля», знаходзячы «новыя шляхі», «крэатыўныя метады» і не зьнявольваючы Ісуса ў нашых «нудных схемах», каб структуры Царквы «станавіліся больш місійнымі». Сьвяты Айцец заклікае «трымаць паўсюль дзьверы цэркваў адчыненымі». Свой спосаб новай евангелізацыі шукаюць і ў грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці. Новапрызначаны дэкан Заходняга дэканату БГКЦ а. Андрэй Буйніч і дыякан Віталь Быстроў падчас урачыстай Літургіі ў Берасьці, 27.06.2015.Тут імкнуцца падтрымліваць любоў да роднай беларускай культуры, якая сёньня апынулася ў незайздросным стане, ненавязьліва паказаць, што ўсё сьветлае і ўзьнёслае, што натхняе і прымушае чалавека тварыць, думаць і разважаць пра агульначалавечыя каштоўнсьці, урэшце мае карані ў Богу.
Таму дзьверы душпастырскага цэнтру грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці заўжды гасьцінна адчыненыя для людзей творчых і ўсіх, хто любіць родную мову, гісторыю і культуру. Творчыя сустрэчы з рознымі музыкамі сталі ня рэдкасьцю ў парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.
Пасьля сьвяточнай Літургіі 27 чэрвеня гасьцямі сьвята берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі на Рэчыцы сталі Алесь Дзянісаў і музыкі з гарадзенскага фольк-рокавага гурта «Людзі на балоце». Музыкі сьпявалі песьні пра тыя каштоўнасьці, што хвалююць кожнага чалавека. Сярод іх былі як аўтарскія, так і песьні на вершы вядомых гарадзенскіх паэтаў — Дануты Бічэль і Алеся Чобата, Выступаюць госьці парафіяльнага сьвята ў Берасьці — Алесь Дзянісаў і музыкі з гурта «Людзі на балоце», 27.06.2015.а таксама заўчасна памерлых Марыі Базылюк-Сасьнюк — беларускай настаўніцы і паэткі з Беласточчыны і Андрэя Пяткевіча з Наваградчыны.
Алесь Дзянісаў неяк сказаў, што «некаторыя вершы Дануты Янаўны так напісаныя, што акурат яны, на мой погляд, могуць прывесьці да Бога — ненавязьліва і без фанатызму». Варта адзначыць, што сам музыка шукае свой шлях да Бога ў грэка-каталіцкай парафіі ў Горадні, а спн. Данута Бічэль (рыма-каталічка паводле хросту) часта моліцца разам з гарадзенскімі грэка-каталікамі. Усе прысутныя на канцэрце былі прыемна ўражаныя выступам музыкаў і песьнямі, што прагучалі ў іх выкананьні, за што шчыра падзякавалі і запрасілі выступіць у Берасьці зноў.
Пасьля канцэрту ўсіх удзельнікаў урачыстасьцяў чакаў сьвяточны абед.
У другі дзень парафіяльнага фэсту ў Берасьці — у нядзелю, 28 чэрвеня — правілася Літургія сьвята Вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, падчас якой вернікі асабліва маліліся за Папу Францішка.
Адразу пасьля Літургіі ў душпастырскім цэнтры грэка-католікаў Берасьця адбылася прэзентацыя новай кнігі доктара гістарычных навук, праф. Сьвятланы Марозавай з Горадні «Сваёй веры ламаць ня будзем»: супраціў дэунізацыі ў Беларусі (1780-1839. Прафесар Гарадзенскага дзяржуніверсітэту спн. Сьвятлана Марозава — аўтар больш за 300 публікацыяў па гісторыі Ўніяцкай Царквы і ВКЛ.
Новая кніга д-ра С. Марозавай напісана на аснове аналізу вялікага комплексу гістарычных крыніц, выяўленых дасьледчыцай у архівах і рукапісных аддзелах бібліятэк Беларусі, Літвы, Расеі, Польшчы і Ўкраіны. Яны дазволілі аўтару зрабіць выснову, што зусім не адпавядае рэчаіснасьці міф расейскай імперскай прапаганды,Праф. Сьвятлана Марозава прэзентуе сваю новую кнігу ў Берасьці, 28.06.2015. падтрыманы пазьней савецкай гістарычнай навукай, які жыве і сёньня, пра добраахвотную і лёгкую адмову беларускіх уніятаў ад сваёй веры.
Насамрэч уніяты аказалі масавы і моцны супраціў дэўнізацыі — зьнішчэньню іх веры, адзначыла ў сваім выступе д-р Сьвятлана Марозава. Аўтар паказала гэта на канкрэтных прыкладах з розных мясьцінаў Беларусі. Нездарма аўтар манаграфіі выбрала эпіграфам да сваёй кнігі наступныя словы: «Па меры таго, як паступова праліваецца сьвятло на таямніцы нашай гісторыі, у нас усё больш цямнее ў вачах». Працэс выцясьненьня і ліквідацыі царызмам Уніяцкай Царквы быў вельмі балючым для вернікаў і расьцягнуўся на шэсьць дзесяцігоддзяў — з 1780-ых па 1839 г., і нават многія дзесяцігоддзі пазьней Унія ўсё яшчэ жыла ў сэрцах людзей.
Гісторык прывяла такі паказальны факт: «ліквідатар» Уніі Ёсіф Сямашка 11 лютага 1839 году, г. зн. за дзень да абвяшчэньня ў Полацку гістарычнага рашэньня даваў указаньні пра пакараньне і расправу над тымі ўніяцкімі сьвятарамі, якія супрацівіліся ліквідацыі Царквы і па нейкіх прычынах яшчэ не былі «нейтралізаваныя». Ня можа не ўражваць сваёй маштабнасьцю і мужнасьцю арганізатараў пратэст 111-ці ўніяцкіх сьвятароў. Напэўна, гэтая падзея, як і яе значэньне і месца ў гісторыі Беларусі XIX стагоддзя, яшчэ добра неасэнсаваныя. Сьвятлана Марозава прывяла яшчэ адзін, далёка ня ўсім вядомы, факт: рашэньне Полацкага сабору пра скасаваньне Уніі некалькі месяцаў улады трымалі ў таямніцы — афіцыйны Пецярбург усур’ёз баяўся паўстаньня, дзеля чаго ў Беларусь выклікалі дадатковае войска.
Прэзентацыя новай кнігі д-ра Сьвятланы Марозавай і расповед пра супраціў дэўнізацыі ў Беларусі, пра веру нашых продкаў быў вельмі карысны для сучасных грэка-католікаў, выклікалі жывую цікавасьць, у тым ліку і ў тых берасьцейцаў, што завіталі на гэтую імпрэзу. На жаль, зусім ня шмат асобнікаў кнігі спн. С. Марозава змаглі набыць сабе ўдзельнікі сустрэчы. Наклад кнігі ўсяго 100 ас. Аднак аўтар падпісала асобнік сваёй новай кнігі ў дар для бібліятэкі грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці, дзе ёй таксама даводзілася працаваць, а таксама паабяцала, што гэтая кніга будзе выкладзена для доступу ў інтэрнэце.
Пасьля знаёмства з драматычнымі старонкамі гісторыі Ўніяцкай Царквы і краю ўсіх прысутных чакала сьвяточная брацкая агапа. Аднак на гэтым 2-дзённы парафіяльны фэст у берасьцейскай парафіі яшчэ не завершыўся.
Заключным акцэнтам сьвяткаваньняў стала ўшанаваньне грэка-католікамі цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай — гэтай каштоўнай і фактычна адзінай памяткі пра сярэднявечнае Берасьце. Акафіст у санктуарыюме Маці Божай Берасьцейскай, 28.06.2015.Сёньня гэтая ікона Багародзіцы знаходзіца ў касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа, дзе створаны сактуарыюм. Урачыстасьць Маці Божай Берасьцейскай адзначаецца ў апошнюю суботу чэрвеня і малітоўнае ўшанаваньне Багародзіцы вернікамі грэка-каталіцкай супольнасьці фактычна завяршала і гэтыя сьвяткаваньні. Перад каранаванай залатымі папскімі каронамі цудатворнай іконай Маці Божай Берасьцейскай, якую называюць Маці-Выратавальніца, грэка-католікі засьпявалі сёлета Акафіст Маці Божай Нястомнай Дапамогі. З імі разам маліўся пробашч касьцёла кармяліт а. Бярнард Радзік і вернікі лацінскага абраду. Гэтая супольная малітва стала таксама сьведчаньнем еднасьці і брацкай любові паміж католікамі візантыйскага і лацінскага абрадаў.
Вось такім насычаным атрымалася сёлета ў грэка-католікаў Берасьця парафіяльнае сьвяткаваньне ў гонар сьвятых заступнікаў парафіі — братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.