10.02.2016
У Лондане асьвяцілі падмурак беларускай грэка-каталіцкай царквы
У Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане 7 лютага 2016 году адбылося ўрачыстае асьвячэньне падмурка храму ў гонар сьв. Кірылы Тураўскага і Ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу.

Абрад закладаньня вуглавога каменя і асьвячэньня падмурка новай беларускай грэка-каталіцкай царквы ды Боскую Літургію з гэтай нагоды ў Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры імя сьв. Кірылы Тураўскага (Марыян хаўс) узначальвалі Апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі архібіскуп Антоніё Мэніні і біскуп Глеб Ланчына, зьверхнік Украінскай грэка-каталіцкай япархіі Сьвятой Сям’і ў Лондане. На ўрачыстасьці прысутнічалі таксама каталіцкія сьвятары, што служаць у Лондане, і прадстаўнікі беларускай дыяспары.
Вуглавы камень, закладзены ў падмурак будучай беларускай сьвятыні ў Лондане, быў сьпецыяльна прывезены з Беларусі, з Друі. Гэта сымбалічна, бо ўласна з кляштару айцоў-марыянаў у Друі паходзіў першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп у XX стагоддзі Ўладыка Чэслаў Сіповіч і некаторыя іншыя беларускія сьвятары, што служылі ў пасьляваенны час у Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане.
Грэка-каталіцкі Ўладыка Глеб Ланчына ў сваім казаньні адзначыў, што гэтая падзея зьяўляецца спаўненьнем мараў і высілкаў пачынальнікаў беларускага рэлігійнага жыцьця ў Вялікабрытаніі — сьветлай памяці біскупа Чэслава Сіповіча і спачылага летась а. Аляксандра Надсана, а таксама шматлікіх беларускіх вернікаў — папярэднікаў тых, хто ўдзельнічаў ва ўрачыстасьці асьвячэньня падмуркаў новай царквы.
Месцам для малітвы на працягу больш чым паўстагоддзя зьяўлялася невялікая капліца, уладкаваная ў адным з дамоў Marian House, што былі набытыя для патрэбаў Беларускай каталіцкай місіі біскупам Чэславам Сіповічам.
Праект новай царквы зрабіў архітэктар і парафіянін беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Лондане Рафаэль Цзыўай Со. Гэты праект нарадзіўся ў яго пасьля непасрэднага знаёмства з многімі старажытнымі сьвятынямі ў Беларусі. Ён спалучае элементы сучаснай архітэктуры і традыцыйнага культавага дойлідзтва, уласьцівага беларускім храмам. Цікава адзначыць, што гэта будзе першы драўляны храм, збудаваны ў сталіцы Вялікабрытаніі пасьля Вялікага пажару ў Лондане ў 1666 годзе і першы беларускі каталіцкі храм, пабудаваны ў замежжы самімі беларусамі.
Як адзначыў беларускі сьвятар а. Сяргей Стасевіч, адказны за душпастырства беларускіх грэка-католікаў у Лондане, царква сьв. Кірылы Тураўскага і Ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу стане таксама мемарыялам ахвярам Чарнобыльскай катастрофы 1986 году, 30-годдзе якой будзе адзначацца сёлета.
Завяршэньне будаўніцтва царквы плануецца ўвосені 2016 году.
З нагоды закладкі вуглавога каменя і асьвячэньня падмуркаў новай беларускай царквы ў Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры імя сьв. Кірылы Тураўскага ў Лондане адкрылася выстава «Драўляная архітэктура Гародні», якая будзе экспанавацца пад адкрытым небам да канца будаўніцтва. Адкрыцьцю гэтай выставы ў Лондане паспрыялі вернікі гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай.
Фота Alison Cameron і а. Сяргея Стасевіча.