Галоўная
Навіны хрысьціянскага сьвету
1. Пасхальныя сьвяткаваньні сёлета зьяўляюцца асаблівымі для Царквы Хрыстовай. Яны праходзяць у межах Году Божай Міласэрнасьці, які быў абвешчаны Сьвятым Айцом Францішкам. Як адзначаў ягоны папярэднік сьвяты Папа Ян Павел ІІ: «Пасхальная містэрыя — гэта найвышэйшая кропка... у якой міласэрнасьць становіцца рэальнасьцю». Сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста зьяўляюцца найвышэйшымі з магчымых праяваў Божай Міласэрнасьці, выяўленай у дачыненьні да чалавека.
Гл. таксама:
Віншаваньне з Нараджэньнем Хрыстовым Апостальскага Візітатара БГКЦ
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі

27.03.2016
Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Пасхі Гасподняй 2016 году
Сёлетнія велікодныя ўрачыстасьці Царква Хрыстова сьвяткуе ў пасхальнай персьпектыве Божай Міласэрнасьці — адзначыў у сваім пасланьні Апостальскі Візітатар БГКЦ. «Любоў Божая, якая праявілася ў тым, што Ён не пашкадаваў Свайго Сына для збаўленьня людзей, дазваляе чалавеку паверыць у прысутнасьць любові ў сьвеце, паверыць у яе магутнасьць. Паверыць у міласэрнасьць і адкрыць глыбокі, праўдзівы сэнс любові, міласэрнасьці і салідарнасьці ў адносінах між людзьмі, між народамі, між Цэрквамі», — напісаў архім. Сяргей Гаек.
Вялебныя айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія манахі, манахіні і браты семінарысты!
Любыя ў Госпадзе браты і сёстры! Паважаныя сябры!

Любоў Божая, якая праявілася ў тым, што Ён не пашкадаваў Свайго Сына для збаўленьня людзей, дазваляе чалавеку паверыць у прысутнасьць любові ў сьвеце, паверыць у яе магутнасьць. Паверыць у міласэрнасьць і адкрыць глыбокі, праўдзівы сэнс любові, міласэрнасьці і салідарнасьці ў адносінах між людзьмі, між народамі, між Цэрквамі.
У гэтай пасхальнай персьпектыве Божай Міласэрнасьці беларускія грэка-католікі далучаюцца да словаў Дэкларацыі, якую ў лютым падпісалі ў Гаване Папа Францішак і Патрыярх Кірыл: «Прыносім падзяку Богу, які праслаўляецца ў Тройцы, за гэтую сустрэчу». Абдымкі высокіх першаярархаў — гэта каштоўны знак сапраўднага братэрства ў Хрысьце.
2. Крыж Хрыстовы паказвае глыбокую салідарнасьць Бога з грэшным, слабым, церпячым і разгубленым чалавецтвам. Крыж — гэта шанец на аднаўленьне гарманічнага парадку ў чалавеку, задуманага Богам ад стварэньня, шанец прабачэньня Богам чалавека і ўсталяваньня супакою ў сьвеце.
У гэтым годзе ўрачысты ўспамін Хрыстовых пакутаў і сьмерці ў Вялікую пятніцу супадае ў календары з сьвяткаваньнем Дабравешчаньня Багародзіцы.
Яго Сьвятасьць Папа Францішак напісаў у буле «Misericordiae Vultus», што Багародзіца, якая праз «найвышэйшы акт прабачэньня таго, хто Яго [Хрыста] ўкрыжаваў, паказвае нам, як далёка можа сягаць Божая Міласэрнасьць. Дзева Марыя пацьвярджае, што міласэрнасьць Божага Сына ня ведае межаў і даходзіць да ўсіх без выключэньня».
3. Словы пасхальнага хрысьціянскага прывітаньня «Хрыстос уваскрос — Сапраўды ўваскрос!», якое ўсьцяж паўтарае Царква Божая, гучаць як асаблівы заклік да ўсіх людзей спазнаць Божую Міласэрнасьць. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква хоча ўключыцца ў служэньне распаўсюджваньня Весткі пра Божую Міласэрнасьць праз абвяшчэньне Добрай Навіны Хрыстовай, служэньне прабачэньня сьвятароў, праз малітвы за тых, хто ў патрэбе і сьведчаньне міласэрнасьці праз дабрачыннасьць. Асаблівым чынам трэба адзначыць вартасьць дабрачыннай дзейнасьці ў сацыяльным служэньні многіх парафіяў.
Многія вернікі Царквы пачалі практыкаваць у гэтым годзе Вяночак да Божай Міласэрнасьці, варта таксама зьвярнуцца да старажытнай малітвы нашай Царквы — Акафісту да Хрыста Чалавекалюбцы.
4. Таксама гэты год для нашай Царквы зьяўляецца часам падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 500-годдзя выданьня Бібліі Францішкам Скарынам.
Міласэрнасьць Божая, якая прамянее з слова Божага, змагла 500 гадоў таму дакрануцца да большай колькасьці людзкіх сэрцаў на нашай зямлі праз пераклад Бібліі на нашую родную мову. Няхай жа падрыхтоўкай да гэтага Юбілею будзе больш руплівае чытаньне Сьвятога Пісаньня па-беларуску вернікамі нашай Царквы.
У гэтым годзе адзначаем таксама 90-годдзе з дня нараджэньня а. Аляксандра Надсана, які ў мінулым годзе адышоў да Госпада. Ягонае ахвярнае служэньне праз пераклады літургічных тэкстаў візантыйскай традыцыі на беларускую мову сталася каштоўным сьведчаньнем Міласэрнасьці Божай да нашага народу.
Любыя ў Госпадзе браты і сёстры!
Вялікдзень прыносіць нам радасьць Уваскрасеньня Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста — радасьць перамогі Божай Міласэрнасьці.
Хай глыбокая вера, мужная надзея і дзейсная любоў суправаджаюць нас на шляху нястомнага сьведчаньня ўсім жыхарам Беларусі пра пасхальную Перамогу Ўваскрослага Хрыста ў нашых сем’ях і ў нашай Бацькаўшчыне.
Хрыстос уваскрос — Сапраўды ўваскрос!
+ архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі візітатар
Менск, Пасха Хрыстова 2016 г.
Гл. таксама:
Віншаваньне з Нараджэньнем Хрыстовым Апостальскага Візітатара БГКЦ
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі
Гэты артыкул чыталі 426 разоў (-ы)