Новы Апостальскі нунцый у Беларусі бачыць сваім прыярытэтам разьвіцьцё экуменізму Прызначаны 13 траўня 2016 году Папам Францішкам новы Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь мансіньёр Габар Пінтэр накіраваў прывітальнае слова да біскупаў, сьвятароў, членаў манаскіх супольнасьцяў, вернікаў ды ўсіх грамадзянаў добрай волі ў Беларусі, паведамляе Ватыканскае радыё.
24 красавіка ў каталіцкіх цэрквах Еўропы зьбіраюць ахвяраваньні для Ўкраіны Сьвяты Айцец Францішак, Папа Рымскі, выяўляючы клопат і салідарнасьць з людзьмі ва Ўкраіне, якія пацярпелі ў выніку вайсковых дзеяньняў, выступіў з заклікам правесьці ў нядзелю, 24 красавіка 2016 году, ва ўсіх каталіцкіх цэрквах Еўропы збор ахвяраваньняў для гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.
22.04.2016
Год без айца Надсана – новыя выклікі для грэка-католікаў 15 красавіка 2016 году грэка-католікі Беларусі, і ня толькі, успамінаюць айца Аляксандра Надсана — знакамітага суайчыньніка, сьвятара, публіцыста і перакладчыка. Сёлета спаўняецца роўна год з моманту, як яго ня стала. У гэты дзень ў Беларусі і за мяжой вернікі моляцца і дзякуюць за яго вялікую працу на зямлі.
08.04.2016
Грэка-каталіцкая парафія ў Маладэчне адсьвяткавала сваё 25-годдзе 3 красавіка 2016 году, у Нядзелю Тамаша (іншая назва — нядзеля Божай Міласэрнасьці) маладэчанская грэка-каталіцкая парафія адсьвяткавала сваё парафіяльнае сьвята ў гонар Хрыста Чалавекалюбцы і адначасова 25-годдзе свайго існаваньня.
Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Пасхі Гасподняй 2016 году Сёлетнія велікодныя ўрачыстасьці Царква Хрыстова сьвяткуе ў пасхальнай персьпектыве Божай Міласэрнасьці — адзначыў у сваім пасланьні Апостальскі Візітатар БГКЦ. «Любоў Божая, якая праявілася ў тым, што Ён не пашкадаваў Свайго Сына для збаўленьня людзей, дазваляе чалавеку паверыць у прысутнасьць любові ў сьвеце, паверыць у яе магутнасьць. Паверыць у міласэрнасьць і адкрыць глыбокі, праўдзівы сэнс любові, міласэрнасьці і салідарнасьці ў адносінах між людзьмі, між народамі, між Цэрквамі», — напісаў архім. Сяргей Гаек.
Год без айца Надсана – новыя выклікі для грэка-католікаў
15 красавіка 2016 году грэка-католікі Беларусі, і ня толькі, успамінаюць айца Аляксандра Надсана — знакамітага суайчыньніка, сьвятара, публіцыста і перакладчыка. Сёлета спаўняецца роўна год з моманту, як яго ня стала. У гэты дзень ў Беларусі і за мяжой вернікі моляцца і дзякуюць за яго вялікую працу на зямлі.
Менавіта на літургічных перакладах айца Надсана адбывалася станаўленьне грэка-каталіцкай супольнасьці 25 гадоў таму, менавіта ён захаваў такую спадчыну, якую цяперашняму пакаленьню яшчэ трэба будзе асэнсаваць, адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Апольстальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Айцец Аляксандар Надсан (21.04.2014).«Можна сказаць, што евангелізацыю на роднай беларускай мове ў свой час пачаў Францішак Скарына, а вельмі значны ўклад у гэтую справу ўнёс айцец Аляксандар Надсан. І ня толькі для грэка-католікаў, але і для ўсіх хрысьціянаў Беларусі. Трэба сказаць, што ён пакінуў спадчыну і мы павінны вырашыць, што з ёй рабіць. Гэта выклік для нас. Ёсьць пэўныя працы, якія ён пачаў пісаць і ня скончыў, на жаль. Напрыклад, чарнавік яго кнігі пра архімандрыта Льва Гарошку», — сказаў сьвятар.
У Грэка-Каталіцкай Царкве Беларусі спадзяюцца, што справа Надсана будзе працягнута. Аўтарытэт для сьвятароў і вернікаў — ён нібыта зьвязваў пакаленьні і запальваў тых, хто імкнуўся да веры, нагадаў Архімандрыт Сяргей. «Гэта ёсьць заданьне на будучыню. І, вядома, мы адчуваем недахоп пэўнага аўтарытэта, які б накіроўваў нашыя ініцыятывы літургічных перакладаў і іншую працу. У замежжа засталіся блізкія супрацоўнікі айца Аляксандра, якія працягваюць там яго працу. Але трэба яшчэ шмат папрацаваць у Беларусі, бо мы, грэка-католікі, ужо перайшлі праз гэты мост і ёсьць тут. Калі мы прыйшлі на абяцаную зямлю, трэба не спыняцца, трэба штосьці рабіць, ісьці далей», — лічыць айцец Сяргей Гаек.
Айца Аляксандра Надсана ўспамінаюць ня толькі як таленавітага дасьледчыка, дасканалага перакладчыка, але асабліва — як сапраўднага пастыра. І асобу, якая яднала ўсіх грэка-католікаў замежжа. Чаго сёньня, мабыць, не хапае, прызнаўся архімандрыт Сяргей Гаек.
Яшчэ перад адыходам да вечнасьці айца Аляксандра Надсана, Апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў у замежжы, адбыліся пэўныя зьмены: беларускія грэка-каталіцкія структуры замежжа ўліліся ў жыцьцё мясцовых Цэркваў. «Структурна гэта нават спрасьціла працу душпастыраў замежжа. Але, вядома, там не хапае духоўнага лідара, які сваім аўтарытэтам яднаў бы гэтыя адзінкі. Гэта новая сітуацыя. Душпастырскай працай і жыцьцём беларускіх грэка-католікаў у замежжв цяпер больш цікавіцца Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў. Але ў плане духоўным ёсьць плюсы і мінусы. У сэнсе структурнай дынамізацыі парафіяў нічога дрэннага ня сталася, як раз можа нават і наадварот. З іншага боку, недахоп духоўнага лідара, можна сказаць, бацькі, мы адчуваем. І таму для нас гэта выклік. Трэба нам усё гэта асэнсаваць і імкнуцца выкарыстаць той скарб, які дадзены», — лічыць архімандрыт Сяргей Гаек.
Айцец Аляксандар Надсан памёр 15 красавіка 2015 году ў Лондане, пакінуўшы пасьля сябе вялікую духоўную і літаратурную спадчыну. А яшчэ пытаньні, роздумы і, галоўнае, прыклад — адданага жыцьця і цярплівай працы дзеля адраджэньня веры і Бацькаўшчыны.