Мітрапаліт Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы датэрмінова сышоў на пенсію 25 красавіка 2022 году Прэс-цэнтар Сьвятога Пасаду паведаміў, што Сьвяты Айцец Францішак прыняў адстаўку ад пастырскага кіраваньня грэка-каталіцкай Прэшаўскай архіяпархіяй у Славакіі архібіскупа-мітрапаліта Яна Бабяка, SJ. Адначасова Папа Францішак прызначыў біскупа Пятра Руснака з Браціслаўскай япархіі Апостальскім адміністратарам sede vacante Прэшаўскай архіяпархіі.
Ватыкан: тэолагі асуджаюць расейскую агрэсію супраць Украіны Ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны зьяўляецца злачынствам супраць міжнароднага права, правоў чалавека, свабоды і гуманізму — лічаць члены Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пра гэта яны скіравалі адмысловую заяву — паведамляе Vatican News.
Біблія павінна быць сёньня нашай “Малой падарожнай кніжкай” 20 студзеня 2022 г. у грэка-каталіцкай царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адбылася Экуменічная малітоўная сустрэча з нагоды 500-годдзя выданьня “Малой падарожнай кніжкі” Францішка Скарыны, выдадзенай у Вільні ў 1522 г.
18.01.2022
Папа: ахвяруем цяжкасьці і пакуты ў інтэнцыі еднасьці хрысьціянаў Пасьля малітвы Анёл Гасподні, якая 16 студзеня 2022 году прайшла на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак скіраваў заклік у сувязі з набліжэньнем Тыдня малітваў за еднасьціь хрысьціянаў — паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.
03.12.2021
Візіт Папы на Кіпр і ў Грэцыю – крок у дыялогу любові Візіт Папы Рымскага на Кіпр і ў Грэцыю стане важным крокам на шляху «дыялогу любові» з Праваслаўнымі Цэрквамі. Такое меркаваньне выказаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, кардынал Курт Кох.
01.12.2021
Папа Патрыярху Барталамею I: мы ўмацоўваем глыбокую сувязь, якая ўжо нас яднае Як інфармуе Vatican News, у сёлетнім традыцыйным пасланьні Канстанцінопальскаму патрыярху з нагоды сьвята апостала Андрэя Першапакліканага, брата сьвятога Пятра, Папа Рымскі Францішак адзначыў, што іх супольная адказнасьць перад абліччам сучасных выклікаў вынікае з іх агульнай веры.
Апостал Андрэй — сьвяты апякун хрысьціянскага братэрства З 21 лістапада ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі пачалася душпастырская навэнна перад сьвятам Апостала Андрэя Першапакліканага — асаблівага апекуна і заступніка Ўсходняй (Візантыйскай) Царквы, якога шануюць хрысьціяне як на Ўсходзе, так і на Захадзе.
Апостальскі Візітатар БГКЦ павіншаваў вернікаў з сьвятам Раства Хрыстова
У сваім пастырскім Слове на сьвята Нараджэньня Хрыстова 2016 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) пажадаў, каб сьледам за Францішкам Скарынам і нашымі праайцамі, захапляючыся Таямніцай Уцелаўленьня Спрадвечнага Слова Божага, вернікі чыталі Слова Божае ды знаходзілі ў ім сьвятло і моц для свайго хрысьціянскага жыцьця.
«Напярэдадні Юбілею 500-годдзя беларускай Бібліі хочам дзякаваць Госпаду за Францішка Скарыну — сапраўднага евангелізатара Беларускага Народу. А найлепшым ушанаваньнем памяці Доктара Францішка будзе чытаньне Слова Божага на роднай, беларускай мове», — напісаў Архімандрыт Сяргей (Гаек).
Ніжэй прапануем тэкст Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Нараджэньня Хрыстова 2016 году.
Любыя ў Госпадзе Манахі, Манахіні, Браты Семінарысты!
Дарагія Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
Адвеку нечувана было,
каб Бог Ісус на зямлі зьявіўся
і пажыў сярод людзей,
нашы недамаганьні і хворасьці на сябе ўзяў…
Францішак Скарына,
Акафіст Імю Ісусаваму, кандак 7.
1. Такімі словамі 500 гадоў таму сын Беларускай Зямлі — Францішак Скарына з Полацку выказваў сваё захапленьне Таямніцай Уцелаўленьня Спрадвечнага Слова Божага — Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.
Ужо больш за тысячу гадоў беларускія хрысьціяне ўсходняй традыцыі з пабожнай пашанай радасна сьпяваюць візантыйскі трапар: «Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня».
Гэта выраз радаснай веры ў словы, якія Ісус Хрыстос сказаў пра Сябе: «Я сьвятло сьвету, хто ідзе за Мной, ня ходзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця» (Ян 8, 12).
Хрыстовае сьвятло дайшло і да нашых праайцоў — праз стагоддзі хрысьціянская вера і хрысьціянскі культ кшталтавалі жыцьцё беларускага народу ды прыносілі плады прасьвятленьня і культуры: пісьменнасьць, адукацыю, іканаграфію, архітэктуру, музыку, мастацтва.
2. Гэтая беларуская духоўная спадчына мела хрысьціянскія карані ва ўсходняй і заходняй духоўнай і культурнай традыцыях і сёньня яна выклікае шырокую зацікаўленасьць у шматлікіх краінах сьвету. Усім вядомы прыклад — выстава беларускіх ікон (у большасьці ўніяцкіх), якая прайша ў траўні ды чэрвені гэтага году ў Ватыканскім музеі.
Зразумела, што ўся гэтая беларуская духоўная спадчына зьяўляецца сёньня выклікам для кожнага хрысьціяніна Беларусі, для кожнага жыхара Беларусі, каб яе шанаваць, любіць ды разьвіваць.
Сьвятая Еўфрасіньня Полацкая, сьвяты Кірыла Тураўскі — гэта для нас прыклад веры і таго, як трэба мужна і разумна клапаціцца пра дабро свайго народу.
Чалавекам веры быў таксама Францішак Скарына, які Біблію — Слова Божае — пачаў друкаваць на зразумелай мове «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению».
Як вядома, першай біблійнай кнігай, якую Францішак Скарына надрукаваў у Празе 6 жніўня 1517 г., быў Псалтыр — кніга малітвы. Разумеў наш адукаваны Зямляк, што няма выхаваньня народу бяз веданьня Слова Божага і без малітвы. Таму ён сам склаў шэраг малітваў, якія зьяўляюцца сінтэзам усходняй і заходняй духоўнай традыцый, і якімі да сёньняшняга дня карыстаюцца беларускія грэка-католікі.
Напярэдадні Юбілею 500-годдзя беларускай Бібліі хочам дзякаваць Госпаду за Францішка Скарыну — сапраўднага евангелізатара Беларускага Народу. А найлепшым ушанаваньнем памяці Доктара Францішка будзе чытаньне Слова Божага на роднай, беларускай мове.
3. Хрысьціянін чытае Біблію — Слова Божае, каб у ім знаходзіць сьвятло і моц для хрысьціянскага жыцьця. Каб жыцьцё сваёй сям’і, сваёй хрысьціянскай супольнасьці ды ўсяго грамадзтва будаваць паводле Слова Божага.
Засноўваць і кшталтаваць жыцьцё паводле Слова Божага — гэта вялікі выклік і выхаваўчы подзьвіг.
Уніяцкая Царква на землях Беларусі прынесла свой каштоўны ўнёсак у сферу адукацыі. З удзячнасьцю Богу ўзгадваем уніяцкага мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага ды ягоную рэформу, у рамках якой 400 гадоў таму ён рэарганізаваў манахаў-базыльянаў ды даверыў ім арганізацыю школьніцтва паводле еўрапейскіх хрысьціянскіх стандартаў.
4. Пачэсныя Айцы Сьвятаслужыцелі, Дарагія Браты і Сёстры!
Да ўсіх вас накіроўваю маё сьвяточнае віншаваньне паводле словаў Францішка Скарыны: «Каб Бог Ісус, што на зямлі зьявіўся і пажыў сярод людзей, нашы недамаганьні і хворасьці на сябе ўзяў», каб дні Раства Хрыстовага былі для ўсіх нас радаснай сустрэчай з Ісусам Хрыстом — Сьвятлом сьвету, Які прасьвятляе нашае жыцьцё і ўмацоўвае нашую веру, надзею і любоў.
У гэты сьвяточны час ды ва ўсім Новым 2017 годзе будзьма «сьведкамі Евангельля любові да кожнага чалавека».
Няхай блаславеньне Ісуса Хрыста — Збаўцы кожнага чалавека — дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да нашых Братоў і Сёстраў рыма-католікаў, праваслаўных, пратэстантаў і да ўсіх людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.
Усіх вас шчыра віншую з Раством Хрыстовым:
Хрыстос нарадзіўся — славім Яго!
Менск, Раство Хрыстова 2016 г.
+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі