Галоўная
Навіны хрысьціянскага сьвету
Гл. таксама:
Першаярарх УГКЦ выказаў словы падтрымкі беларускаму народу
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
Хіратонія двух новых сьвятароў БГКЦ
У 70-ыя ўгодкі Львоўскага псеўдасабору ярархі УГКЦ сустрэліся з Папам
Былы зьверхнік УГКЦ кардынал Любамір Гузар не выключае, што новы Папа Рымскі Францішак наведае Ўкраіну

31.05.2017
Ва Ўкраіне смутак — памёр былы першаярарх УГКЦ
31 траўня 2017 году, на 85 годзе жыцьця адышоў у вечнасьць Яго Блаславенства Любамір кардынал Гузар, былы Вярхоўны архібіскуп Кіева-Галіцкі — паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
10 гадоў, з 2001 да 2011 году, Яго Блаславенства кардынал Любамір (Гузар) узначальваў Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву, пасьля чаго пайшоў на спачын па стану здароўя і ў сувязі з дасягненьнем 75-гадовага ўзросту.
Пасьля перадачы кіраўніцтва Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы маладому наступніку — Вярхоўнаму Архібіскупу Сьвятаславу (Шаўчуку), апошнія гады свайго жыцьця Яго Блаславенства Любамір прысьвяціў актыўнай прапаведніцка-асьветніцкай працы. Ён рэгулярна даваў інтэрв’ю і выказваўся па актуальных праблемах жыцьця Царквы і грамадзтва. Ён быў голасам сумленьня ўкраінскага грамадзтва, з якім вымушаныя былі лічыцца і да якога прыслухоўваліся ўлады. Уладыка Любамір не баяўся казаць адкрыта і прама як пра грахі тых, хто пры ўладзе, пры шыкоўных маёнтках і вялікіх грошах, так і пра грахі простых людзей. Ня толькі для многіх хрысьціянаў Украіны, але і для ўсёй украінскай нацыі ды далёка за яе межамі гэты мудры ярарх быў заслужаным маральным аўтарытэтам. Уладыку Любаміра Гузара паважалі нават нерэлігійныя людзі, а на яго публічных выступах заўсёды былі поўныя аўдыторыі.
Ён быў з тых душпастыраў, да якіх зьвярталіся і прыслухоўваліся ня толькі царкоўныя ярархі і сьвятары, але нават вядомыя палітыкі, у тым ліку прэзідэнты. І ў той жа час ён быў просты і даступны. Патрапіць да яго, каб паразмаўляць з ім пра жыцьцё і ўласныя праблемы ды атрымаць ад яго мудрую бацькоўскую параду мог і звычайны чалавек. Карысталіся такой магчымасьцю і беларускія сьвятары і вернікі.
Ён заклаў асновы новай грамадзкай і сацыяльнай актыўнасьці ўкраінскага грэка-каталіцкага духавенства, а таксама паставіў сьціпласьць і матэрыяльную непераборлівасьць як норму для сьвятароў.
Дзякуючы яго мудраму і ўзважанаму кіраўніцтву Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквой стасункі паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі ва Ўкраіне значна палепшыліся, што прызнавалі і праваслаўныя ярархі. Зьявілася і пачало разьвівацца супрацоўніцтва паміж імі.
У адпаведнасьці з распараджэньнем кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Львова, дзе ў 2008 годзе Ўладыку Любаміру Гузару надалі тытул пачэснага грамадзяніна, 1 чэрвеня ў горадзе будзе аб’яўлены дзень жалобы.
Дата разьвітаньня і пахаваньня былога першаярарха УГКЦ будзе абвешчана пазьней, цяпер яна ўзгадняецца з радзінай, што жыве ў замежжы, і з ярархамі УГКЦ у сьвеце, многія з якіх пажадалі асабіста прыехаць на пахаваньне.
Даведка:
Любамір Гузар прыйшоў у сьвет 26 лютага 1933 году ў Львове. Падчас ваеннага ліхалецьця яго сям’я была вымушаная пакінуць Украіну, патрапіўшы ў 1949 годзе праз Аўстрыю ў ЗША.
Даведка:
Любамір Гузар прыйшоў у сьвет 26 лютага 1933 году ў Львове. Падчас ваеннага ліхалецьця яго сям’я была вымушаная пакінуць Украіну, патрапіўшы ў 1949 годзе праз Аўстрыю ў ЗША.
Сярэднюю адукацыю будучы грэка-каталіцкі першаярарх атрымаў у Малой духоўнай семінарыі ў Стэмфардзе (штат Канэктыкут, ЗША). Затым вывучаў філасофію ў Калегіюме сьвятога Васіля, дзе ў 1954 годзе атрымаў ступень бакалаўра. Багаслоўскія студыі прайшоў у Вашынгтонскім каталіцкім універсітэце ў ЗША. У 1958 годзе, як выхаванец Вялікай духоўнай семінарыі сьвятога Язафата, атрымаў ліцэнцыят багаслоўя, а 30 сакавіка 1958 году быў высьвячаны на сьвятара Стэмфардзкай япархіі УГКЦ у ЗША.
Працаваў душпастырам сярод моладзі. Пазьней вывучаў філасофію ў Фордгамскім універсітэце Нью-Ёрку, дзе ў 1967 годзе атрымаў ступень магістра. У 1969 годзе прыехаў у Рым для працягу багаслоўскіх студыяў, пасьля заканчэньня якіх у 1972 годзе стаў доктарам багаслоўя.
Працаваў душпастырам сярод моладзі. Пазьней вывучаў філасофію ў Фордгамскім універсітэце Нью-Ёрку, дзе ў 1967 годзе атрымаў ступень магістра. У 1969 годзе прыехаў у Рым для працягу багаслоўскіх студыяў, пасьля заканчэньня якіх у 1972 годзе стаў доктарам багаслоўя.
У 1972 годзе ўступіў у старажытны каталіцкі манастыр візантыйскага абраду сьвятога Тодара Студыта (манахаў Студыйскага ўставу) у Гротафэрата пад Рымам.
У 1973-1984 гадах выкладаў у Папскім місіянерскім універсітэце «Урбаніяна» у Рыме, выконваў розныя даручэньні першаярарха УГКЦ Ёсіфа Сьліпога.
2 красавіка 1977 году ў манастыры Студыйскага ўставу ў Кастэль-Гандольфа паблізу Рыму быў высьвячаны на грэка-каталіцкага біскупа Вярхоўным архібіскупам УГКЦ Ёсіфам Сьліпым.
Ад 1978 году Ўладыка Любамір Гузар зьяўляўся архімандрытам манастыра сьв. Тодара Студыта, а таксама адказным за манастыры Студыйскага ўставу па-за межамі Ўкраіны.
З 1984 па 1991 год служыў протасінкелам Львоўскай архіяпархіі УГКЦ у Рыме.
Пасьля легалізацыі УГКЦ ва Ўкраіне ў 1993 годзе, разам з усёй супольнасьцю ўкраінскіх манахаў у Гротафэрата, вярнуўся на родную зямлю. У 1993—1994 гадах служыў духаўніком у Львоўскай духоўнай семінарыі Сьвятога Духа. А ў лістападзе 1996 году Ўладыка Любамір (Гузар) быў прызначаны біскупам-памочнікам Зьверхніка Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Пасьля сьмерці тагачаснага першаярарха УГКЦ Вярхоўнага архібіскупа Львоўскага Міраслава Любачыўскага 26 студзеня 2001 году на Надзвычайным Сінодзе біскупаў УГКЦ ён быў абраны Вярхоўным архібіскупам УГКЦ. Ягоная інтранізацыя адбылася 28 студзеня 2001 году ў архікатэдры сьв. Юра ў Львове. У тым самым годзе 21 лютага Папа Рымскі Ян Павел II упісаў імя Вярхоўнага архібіскупа Любаміра Гузара ў сьпіс сябраў Калегіі кардыналаў, разам з цяперашнім Папам, а тады — архібіскупам Буэнас-Айрэсу Хорхэ Марыё Бэргольё.
Падчас служэньня кард. Любаміра Гузара першаярархам УГКЦ 21 жніўня 2005 году было абвешчана пра перанос рэзідэнцыі Зьверхніка УГКЦ з Львова ў Кіеў, а ягоны тытул ад гэтага часу стаў называцца «Вярхоўны архібіскуп Кіева-Галіцкі».
10 лютага 2011 году на прэс-канферэнцыі ў Кіеве Яго Блаславенства Любамір (Гузар) паведаміў аб тым, што папа Бенядыкт XVI, у адпаведнасьці з нормамі канону 126, §2 Кодэксу канонаў Усходніх Цэркваў прыняў яго зрачэньне ад ураду Вярхоўнага архібіскупа УГКЦ. Адпаведную просьбу Сьвятому Айцу Зьверхнік УГКЦ падаў, калі яму споўнілася 75 гадоў.
Гл. таксама:
Першаярарх УГКЦ выказаў словы падтрымкі беларускаму народу
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
Хіратонія двух новых сьвятароў БГКЦ
У 70-ыя ўгодкі Львоўскага псеўдасабору ярархі УГКЦ сустрэліся з Папам
Былы зьверхнік УГКЦ кардынал Любамір Гузар не выключае, што новы Папа Рымскі Францішак наведае Ўкраіну
Гэты артыкул чыталі 99 разоў (-ы)