Галоўная
Навіны хрысьціянскага сьвету
На пачатку сустрэчы Рымскі Архірэй падзякаваў кіраўніцтву і сябрам арганізацыі за «шчодрае ахвяраваньне», зробленае ў фонд Апостальскай элемазінарыі, што займаецца аказаньнем дапамогі тым, хто жыве ў нястачы. І гэта стала нагодай для роздумаў Папы пра патрэбнасьць не забываць пра ахвярнасьць і дабрачыннасьць у вырашэньні грамадзкіх праблемаў, не спадзеючыся толькі на навуку і тэхналогіі.
Гл. таксама:
Папа: будаваць справядлівы сьвет азначае ўвасабляць веру
Папа Рымскі заклікаў да спыненьня гвалту ў Беларусі
Рымскі Архірэй рэарганізаваў структуры Сірыйска-Малабарскай Царквы
24 красавіка ў каталіцкіх цэрквах Еўропы зьбіраюць ахвяраваньні для Ўкраіны
У БГКЦ — Дні малітвы за хрысьціянаў Блізкага Ўсходу

27.04.2019
Францішак: дабрабыт забясьпечваецца салідарнасьцю, а не прагрэсам
Найноўшыя тэхналогіі і навуковы прагрэс няздольныя пабудаваць гарманічнае грамадзтва, выкараніць беднасьць і сацыяльную маргіналізацыю. Для гэтага патрэбны салідарнасьць і ахвярнасьць, лічыць Папа Рымскі.
Францішак казаў пра гэта 27 красавіка 2019 году падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў асацыяцыі Саюзу правінцый Італіі — паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News. Ён падкрэсьліў, што неабходна, каб «як асобныя грамадзяне, так і іх прадстаўнікі», разумелі важнасьць «клопату пра агульны дом», прадухіляючы безразважную эксплуатацыю тэрыторыяў.

Францішак заўважыў, што хуткае разьвіццё найноўшых тэхналогіяў і прагрэс у галіне навуковых ведаў аб’ектыўна ня могуць «спарадзіць гарманічнае грамадзтва, пазбаўленае беднасьці і ізаляваньня», таму што «рост магчымасьцяў сутыкаецца з паралельным ростам патрэбаў, якія трэба задаволіць, сфераў, якія патрабуюць уважлівага клопату, праблемаў, вартых увагі і прыкладаньня вялікіх намаганьняў і рэсурсаў для выяўленьня магчымых рашэньняў».
Для гэтага, паводле словаў Сьвятога Айца, патрэбныя разважлівыя і салідарныя намаганьні ўсіх і кожнага, праца групаў і асацыяцыяў грамадзянскай супольнасьці і структураў, якія ўвасабляюць грамадзкую ўладу. Да іх ліку Папа далучыў і правінцыі Італіі.
«Яны (...) утвараюць элемент спалучэньня і стымулу для больш пераканаўчай дзейнасьці на карысьць найбольш вострых патрэбаў мясцовых супольнасьцяў», — адзначыў Папа.
Францішак заклікаў сябраў асацыяцыі спрыяць росту сьвядомасці і неабыякавасьці жыхароў адносна стану тэрыторыяў і навакольнага асяроддзя і заўважыў, што догляд за належным станам дарог, школаў і іншых грамадзкіх аб’ектаў павінен прылічвацца да «цэнтральных пытаньняў», якія патрабуюць адпаведнай увагі.
«Вы добра ведаеце, наколькі значнай можа быць эканомія і эканамічныя выгоды для супольнасьці, калі яна мае мудрасьць укладаць грошы і чалавечыя рэсурсы, каб прадухіляць бязладдзе, страту функцыянальнасьці і заняпад», — сказаў Святы Айцец.
На заканчэньне сустрэчы Францішак пажадаў гасьцям з мужнасьцю і рашучасьцю працягваць сваю працу, каб ператвараць правінцыі Італіі ў «гарнізоны і рухаючыя цэнтры мысьленьня, што здольныя ставіць мэты для сапраўды ўстойлівага разьвіцьця, гарманічна ўключаючыся ў велізарную сетку стасункаў і дасягненьняў, зьдзейсьненых прыродай, гісторыяй, працай і розумам папярэдніх пакаленьняў».
Саюз правінцыяў Італіі — гэта асацыяцыя, у якой прадстаўленыя ўсе тэрытарыяльныя суб’екты Італіі, акрамя аўтаномных Трэнта, Бальцана і Аосты. Аказвае тэхнічную і палітычную падтрымку гэтым тэрыторыям, адстойвае іх сацыяльныя, эканамічныя і культурныя інтарэсы ў італьянскім парламенце і ўрадавых колах краіны.
Фота: Vatican Media.
Гл. таксама:
Папа: будаваць справядлівы сьвет азначае ўвасабляць веру
Папа Рымскі заклікаў да спыненьня гвалту ў Беларусі
Рымскі Архірэй рэарганізаваў структуры Сірыйска-Малабарскай Царквы
24 красавіка ў каталіцкіх цэрквах Еўропы зьбіраюць ахвяраваньні для Ўкраіны
У БГКЦ — Дні малітвы за хрысьціянаў Блізкага Ўсходу
Гэты артыкул чыталі 32 разоў (-ы)