Галоўная
Навіны за 2020 год
Адной з найважнейшых малітоўных інтэнцый грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск — Полацак, якая праходзіла пад дэвізам «Сьвятло Ўсходу», было духоўнае адраджэньне Беларусі.
Гэты дзень закончыўся для пілігрымаў Акафістам Імю Ісусаваму, які напісаны Францішкам Скарынам. Малітву ў грэка-каталіцкай царкве вялебнай Параскевы Полацкай узначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей. А яшчэ была важная падзея ў хрысьціянскім жыцьці маленькай Міланіі — дачушкі параха полацкай грэка-каталіцкай парафіі. У яе была «страшная» першая споведзь, а на наступны дзень, на сьвяточным фэсьце — доўгачаканая ўрачыстая Еўхарыстыя разам з яшчэ адной маладой парафіянкай.
Фота: а. Аляксандра Шаўцова, Міколы Шараха, Кацярыны Вінакуравай. Відэа: Кацярына Вінакурава.
Гл. таксама:
Традыцыйную пілігрымку памяці манахаў, забітых Пятром I, адмянілі, бо ўлады запатрабавалі 3000 рублёў
Юбілейная 25-я грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск — Полацак
Удзельнікі грэка-каталіцкай пілігрымкі будуць натхняцца спадчынай Скарыны
Пілігрымка БГКЦ: верыць у адзіную Царкву
Беларускія грэка-католікі запрашаюць у пілігрымку ў Полацак

14.07.2020
Грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацак завершылася ўшанаваньнем сьв. Яна Паўла ІІ
Сёлетняя XXVI грэка-каталіцкая пілігрымка з Віцебску ў Полацак адбывалася 8-12 ліпеня 2020 году ў фармаце анлайн. У яе духоўнай праграме бралі ўдзел больш за 100 ўдзельнікаў.
Прыватную пілігрымку шляхам сьв. Язафата зьдзейсьніла невялікая група вернікаў, якія маліліся на Боскай Літургіі ў Віцебску, Шуміліне і Полацку.

На пачатку сёлетняй пілігрымкі словы духовай сулучнасьці і сваё архіпастырскае блаславеньне для ўсіх удзельнікаў пілігрымкі даслаў з Чыкага Высокадастойны Ўладыка Бенядыкт (Алексійчук). 26 гадоў таму, калі ён нёс служэньне ў Полацку, ён стаў ініцыятарам штогадовай грэка-каталіцкай пілігрымкі з Віцебску ў Полацак. Уладыка перадаў, што ў гэтыя дні ён далучаецца да руплівых і нястомных малітваў пілігрымаў за Беларусь.
У духоўнай праграме сёлетняй пілігрымкі грэка-католікі асаблівую ўвагу ўдзялілі разважаньням над тэкстамі сьв. папы Яна Паўла ІІ, адзначыўшы такім чынам 100-годдзе з дня яго нараджэньня. Разважалі яны найперш над тэкстам яго Апостальскага пасланьня «Orientale Lumen» («Сьвятло Ўсходу») і энцыклікай Яна Паўла ІІ «Slavorum Apostoli» («Апосталы славянаў»), прысьвечанай настаўнікам славянаў сьв. Кірылу і Мятоду, якія прынеслі славянам дар Евангельля на роднай мове.
Біблійная праграма духоўнай пілігрымкі грэка-католікаў базавалася на чытаньнях і разважаньнях над першымі разьдзеламі з Евангельля паводдле Яна:
«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было на пачатку ў Бога: усё праз Яго пачалося, і без Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць. У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей...»
8 ліпеня, у першы дзень пілігрымкі, яе ўдзельнікі маліліся за перакладчыкаў і выдаўцоў Бібліі на беларускай мове, ад Францішка Скарыны да нашых дзён. Боскую Літургію ў храме Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Віцебску адслужылі Архімандрыт Сяргей (Гаек) і мясцовы грэка-каталіцкі сьвятар айцец Аляксей Варанко ў саслужэньні дыякана Багдана Сунака.
Наступны дзень быў прысьвечаны малітвам за сем’і Беларусі, за бацькоў, дзяцей і моладзь, за ўмацаваньне хрысьціянскіх і сямейных каштоўнасьцяў у грамадзтве. У Санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне Боскую Літургію ў гэтым намеры адслужыў а. Аляксандар Шаўцоў з Полацку.
У трэці дзень ўдзельнікі духоўнай пілігрымкі маліліся за хрысьціянскія Цэрквы ў Беларусі, за іх плённае сьведчаньне Евангельля. 10 ліпеня пілігрымы разам з а. Аляксандрам Шаўцовым памаліліся ля памятнага крыжа на месцы былой рэзідэнцыі ўніяцкіх архібіскупаў у Струньні. Як і падчас усіх пяці дзён духовай пілігрымкі, вернікі чыталі першыя разьдзелы Евангельля паводле Яна, задумваліся над словамі з Апостальскага пасланьня сьв. Папы Яна Паўла ІІ «Orientale Lumen» («Сьвятло Ўсходу»), 25-годдзе зьяўленьня якога адзначаецца сёлета, ды разважалі пра складаны шлях да еднасьці хрысьціянаў.
Словы Папы Яна Паўла ІІ з яго Апостальскага пасланьня «Сьвятло Ўсходу» па-ранейшаму застаюцца надзвычай актуальным заклікам для ўсіх хрысьціянаў, як на Ўсходзе, так і на Захадзе: «Мы ня можам стаць перад Хрыстом, Уладаром гісторыі, такімі падзеленымі, якімі мы сталіся на працягу другога тысячагоддзя. Гэтыя падзелы павінны саступіць месца зьбліжэньню і паразуменьню; раны мусяць быць залечаныя на шляху да адзінства хрысьціянаў».
11 ліпеня, у дзень мучаніцкай сьмерці Полацкіх манахаў-базыльянаў (1705 г.), удзельнікі пілігрымкі маліліся за хрысьціянаў, перасьледаваных за веру ў Хрыста і вернасьць Царкве.
У гэты дзень грэка-каталіцкія пілігрымы па традыцыі наведалі царкву старавераў у Полацку, дзе іх заўсёды рады вітаць мясцовыя вернікі, і былую катэдру сьв. Язафата, архібіскупа Полацкага — храм сьв. Сафіі, дзе ў 1705 годзе прынялі сьмерць мучанікаў 5 манахаў-базыльянаў, якіх забіў за іх веру цар Пётар з сваімі падручнымі. Як раз у гэты дзень у музеі-запаведніку «Полацкая Сафія» для ўсіх наведвальнікаў былі арганізаваныя бясплатныя экскурсіі і канцэрт арганнай музыкі.

У нядзелю, 12 ліпеня, на пляцы перад царквой вялеб. Параскевы Полацкай у Полацку адбылося ўрачыстае завяршэньне XXVI грэка-каталіцкай пілігрымкі.
На сьвяточную Боскую Літургію сабралося больш за 70 вернікаў з Полацку і Віцебску, а таксама пілігрымы з Менску, Маладэчна, Барысава. Некаторыя з іх прыехалі на роварах, невялікая група прыйшла пешшу.
Набажэнства ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), з якім саслужылі а. Аляксандар Шаўцоў з Полацку, а. Аляксей Варанко з Віцебску і а. Аляксей Філіпенка з Менску. Дыяканскае служэньне спаўняў Багдан Сунак.
Удзельнікі сьвяткаваньня ў Полацку ўшанавалі сьв. Папу Яна Паўла ІІ з нагоды 100-х угодкаў з дня яго нараджэньня і падзякавалі Богу за 30 гадоў, што мінулі пасьля першай адкрытай грэка-каталіцкай Боскай Літургіі ў Беларусі, якая адбылася 11 сакавіка 1990 году.
Як асаблівы духоўны дар і наказ вернікам былі ўзгаданыя словы сьв. Папы Яна Паўла ІІ, якія ён перадаў грэка-католікам Беларусі 7 студзеня 2005 году: «Будзьце мужнымі! Адвагі!»
Словы прывітаньня ўдзельнікам урачыстасьці ў Полацку перадаў таксама Часовы павераны ў справах Сьвятога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь найвялебны айцец. Махэр Шаммас: «Усім вернікам жадаю шчодрага Божага блаславеньня! Госпад, Які ведае сэрцы, няхай кожнага верніка надзеліць ласкай, неабходнай на шляху сьвятасьці!»
На завяршэньне сьвяткаваньняў у Полацку ўдзельнікі XXVI грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск — Полацак атрымалі блаславеньне і ўшанавалі абраз сьв. папы Яна Паўла ІІ. Ікону ў візантыйскім стылі (памерам 75 х 40 см) для беларускіх грэка-католікаў вясною 2020 году да 100-годдзя Яна Паўла ІІ напісаў расейскі грэка-каталіцкі сьвятар-іканапісец а. Кірыла Міронаў, які цяпер служыць у Рыме.
+ + +
МАЛІТВА АБ ПРАСЛАЎЛЕНЬНІ ПОЛАЦКІХ МУЧАНІКАЎ
Хрысьце Божа наш, ушаноўваем Тваю бясконцую веліч, славім Тваю нязьменную міласэрнасьць.
Складаем падзяку Табе, бо Ты даў нам мужных вызнаўцаў веры — Полацкіх мучанікаў Якуба, Канстанціна, Тэафана, Якуба і Язэпа, якія ў храме Сьвятой Сафіі — Мудрасьці Божай ад рук бязбожнага цара загінулі, ахвяраваўшы жыцьцё за сваю Царкву і за сваіх вернікаў.
Просім Цябе праславіць іх той жа славаю, у якой яны жылі і працавалі ў сваім жыцьці і аддалі яго за Цябе, Госпадзе. Праз іх заступніцтва пакорліва Цябе просім аб ласцы (...) — у надзеі на Тваю міласэрнасьць, што Ты прымеш нашую малітву.
Бо Ты міласэрны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Апублікавана Кацярынай Вінакуравой Нядзеля, 12 ліпеня 2020 г.
Тэгі: Полацкія мучанікі, базыльяне, грэка-католікі, пілігрымка, Віцебск, Полацак, Ян Павел ІІ, Сьвятло Ўсходу
Гл. таксама:
Традыцыйную пілігрымку памяці манахаў, забітых Пятром I, адмянілі, бо ўлады запатрабавалі 3000 рублёў
Юбілейная 25-я грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск — Полацак
Удзельнікі грэка-каталіцкай пілігрымкі будуць натхняцца спадчынай Скарыны
Пілігрымка БГКЦ: верыць у адзіную Царкву
Беларускія грэка-католікі запрашаюць у пілігрымку ў Полацак
Гэты артыкул чыталі 93 разоў (-ы)