In memoriam: Уладыка Мілан Шашык 14 ліпеня 2020 году адышоў у дом Нябеснага Айца біскуп Мілан Шашык, СМ. Гэта была вялікая і харызматычная постаць Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі (sui juris) у XXI стагоддзі. Душпастыр надзвычай адораны духоўна, інтэлектуальна, з вялікім сэрцам, поўным любові.
Айцец Андрэй Крот: Хто ж будзе сьвятаром, калі ня я? 2 ліпеня 2020 году 15-годдзе свайго сьвятарства адзначыў а. Андрэй Крот, дэкан Заходняга дэканату БГКЦ і парах грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні. У гэты дзень у 2005 годзе ў Івана-Франкоўску ва Ўкраіне сьв. Тайну Сьвятарства яму ўдзяліў ўкраінскі грэка-каталіцкі Ўладыка Сафрон (Мудры).
Гадавіна дыяканскіх сьвячаньняў старшыні грэка-каталіцкай парафіі з Віцебску Багдана Сунака
Год таму, 20 ліпеня 2019 году, ва Ўкраіне ў м. Цячыве ў Закарпацьці высьвяцілі на дыякана Багдана Сунака — старшыню грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Віцебску.
На той урачыстай Боскай Літургіі, калі Ўладыка Мілан на просьбу кіраўніцтва БГКЦ рукапаклаў Багдана Сунака з віцебскай грэка-каталіцкай парафіі на дыякана, маліліся 2 біскупы, больш за 40 сьвятароў, Служба Божая правілася на стараславянскай, украінскай, беларускай, вянгерскай і румынскай мовах. Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) шчыра падзякаваў тады біскупу Мукачаўскаму і братняй памеснай Царкве за падтрымку БГКЦ.
Як год таму адбывалася рукапакладаньне на дыякана Багдана Сунак дазваляе ўзгадаць рэпартаж тэлерадыёкампаніі «Хуст».
30-годдзю выхаду з падпольля Грэка-Каталіцкай Царквы была прысьвячана ХІУ Пілігрымка Народаў і Нацыянальнасьцяў, якая адбылася ў м. Цячаве 20 ліпеня... Глядзіце рэпартаж рэгіянальнай тэлевізійнай кампаніі "Хуст"
Апублікавана Галиной Рибак Серада, 24 ліпеня 2019 г.
Гэтую падзею ўзгадвалі 12 ліпеня 2020 году ў Полацку, калі дыякан Багдан служыў падчас урачыстай Боскай Літургіі на завяршэньне XXVI грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск — Полацак, а вернікі дзякавалі Богу за 30 гадоў, што мінулі пасьля першай адкрытай грэка-каталіцкай Боскай Літургіі ў Беларусі ў 1990 годзе і адзначалі 100-годдзе з дня нараджэньня сьв. Папы Яна Паўла ІІ. Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек павіншаваў Багдана Сунака з першым годам яго дыяканскага служэньня, а ўдзельнікі сьвяткаваньняў засьпявалі яму «Многія леты».
Багдан Сунак, які жыве ў Віцебску і шмат гадоў зьяўляецца старшынём грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага, нарадзіўся
26 красавіка 1956 году на Львоўшчыне.
Пасьля васьмі класаў паступіў у Адэскую мараходную вучэльню, атрымаў там сьпецыяльнасьць электрыка. Неўзабаве быў прызваны на флот. Спачатку было сем месяцаў вучэбкі ў Кранштаце, потым накіраваньне ва Ўладзівасток — на падводную лодку, першае глыбокаводнае пагружэньне на падводнай лодцы 12 жніўня 1977 году ў Японскім моры, працяглыя, на некалькі месяцаў, марскія паходы. На Ціхаакіянскім флоце Багдан Сунак служыў у 1975-1978 гадах. Як адзначае, менавіта там ён навучыўся дысцыпліне, парадку і адказнасьці, і потым гэтыя ўрокі спатрэбіліся яму ў жыцьці.
28 чэрвеня 2004 году, падчас пілігрымкі ў Рым, старшыня віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Багдан Сунак быў разам з Апостальскім Візітатарам БГКЦ Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) і народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным на прыватнай аўдыенцыі ў Папы Рымскага Яна Паўла ІІ у Ватыкане.
20 ліпеня 2019 году грэка-каталіцкі біскуп Мукачаўскі Мілан Шашык высьвяціў яго на дыякана Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Віншуем дыякана Багдана, і хай добры Госпад падтрымлівае яго ў служэньні на карысьць Царкве і народу Божаму!