Галоўная
Навіны хрысьціянскага сьвету
Гл. таксама:
Ісус Хрыстос прыходзіць як Слова любові Бога да кожнага чалавека
Апостальскі Візітатар БГКЦ павіншаваў вернікаў з сьвятам Раства Хрыстова
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане
Гісторыя адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі

24.12.2020
«Слова сталася целам і пасялілася між намі»
З нагоды сьвятаў Раства Хрыстовага 2020 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) накіраваў вернкіам сваё пасланьне і віншаваньне, у якім адзначыў, што радасьць сьвята зьмешваецца з смуткам у гэты складаны для Бацькаўшчыны час. Ён таксама заклікаў вернікаў сьведчыць сваю веру, надзею і любоў, будаваць еднасьць і салідарнасьць у нашым грамадзтве, падмуркам для якіх павінны быць праўда, справядлівасьць і міласэрнасьць.
Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі
на Нараджэньне Хрыстовага 2020 году
«Слова сталася целам і пасялілася між намі»
(Евангельле паводле Яна 1, 14)
1. Спрадвечны Сын Божы — Ісус Хрыстос прыйшоў на зямлю, каб быць Эмануэлем — «Богам з намі» і ўсталяваць з чалавецтвам супольнасьць, дзе «ўжо ня будзе ні сьмерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо ня будзе» (Апакаліпсіс 21, 4). У час Раства Хрыстовага з асаблівай увагай асэнсоўваем радасную навіну: «Слова сталася целам і пасялілася між намі».
Але радасьць сьвята Нараджэньня Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста ў гэтым годзе ў нашай любімай Бацькаўшчыне Беларусі зьмешвацца з смуткам, які перажываюць многія людзі — нашыя браты, сёстры, сябры, знаёмыя і незнаёмыя. Крыніцамі гэтага смутку ёсьць эпідэмія хваробы Кавід-19 і крызісная грамадзка-палітычная сітуацыя. Гэтыя дзьве рэчы нясуць непакой, няўпэўненасьць, цярпеньні і боль. І ў гэты час Cупольнасьць нашай Царквы хоча быць побач з кожным церпячым чалавекам у Беларусі. Мы ня можам думаць толькі пра боль і цярпеньні, але хочам дапамагаць пераадолець гэтыя боль і цярпеньні, памагаць лячыць раны, якія атрымалі нашыя блізкія ў адным народзе ў гэты складаны час.
Як хрысьціяне мы чытаем Біблію — Слова Божае, каб у ім знаходзіць сьвятло і моц для хрысьціянскага жыцьця. Каб жыцьцё сем’яў, хрысьціянскіх супольнасьцяў ды ўсяго грамадзтва будаваць паводле Слова Божага.
2. Спрадвечны Сын Божы, стаўшыся чалавекам, узьняў годнасьць чалавека на найвышэйшы ўзровень ў сьвеце. Верны абвяшчэньню гэтай чалавечай годнасьці Богачалавек даў сябе прыбіць да крыжа для збаўленьня чалавека. Годнасьць чалавека, такім чынам, стварае падмурак для будаваньня адносінаў у грамадзтве, у якім шануюцца традыцыйныя хрысьціянскія каштоўнасьці: і ў малым грамадзтве нашых сем’яў і парафіяў, і ў вялікім грамадзтве нашага народу. Будаваньне пашаны да кожнага бліжняга, а значыць да кожнага чалавека, зьяўляецца важным заданьнем кожнага верніка нашай Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы. Важным заданьнем для ўсіх нас таксама зьяўляецца салідарнасьць з слабымі, з тымі, хто ў патрэбе.
Супакой, які абвяшчалі нябесныя сілы людзям добрай волі пасьля нараджэньня Збаўцы, — вельмі важная каштоўнасьць. Каштоўнасьць, дадзеная Госпадам, але яна вымагае сталай працы (подзьвігу) для будаваньня адзінства чалавечай супольнасьці. Будаўнічым матэрыялам для гэтага подзьвігу павінны стаць тры важныя складовыя часткі: праўда, справядлівасьць і міласэрнасьць, якія асаблівым чынам клічуць нас да прабачэньня крыўдаў. Прабачыць — ня значыць забыцца на зло, якое было зьдзейсьнена, ня значыць даць дазвол на ўчыненьне зла. Прабачыць — гэта перш за ўсё не падпарадкавацца той самай зьнішчальнай сіле, якая скрыўдзіла нас, гэта адмовіцца ад адказу злом на зло.
3. Яго Сьвятасць Папа Францішак 8 сьнежня 2020 году распачаў Юбілейны год сьвятога Язэпа ў Каталіцкай Царкве. У Апостальскім лісьце «Patris corde» («Бацькоўскім сэрцам»), накіраваным на пачатак Юбілею, Папа зьвярнуў увагу на творчую адвагу сьвятога Язэпа, якая выяўлялася менавіта тады, калі здавалася, што людзкія сілы перад усеўладным злом слабыя.
«Часам можа здавацца, што і нашае жыцьцё знаходзіцца ва ўладзе моцных, але Евангельле паказвае нам, што Бог заўсёды знаходзіць спосаб выратаваць тое, што мае значэньне, з умовай, што мы праявім такую ж творчую адвагу, як цясьляр з Назарэту, які змог ператварыць праблему ў магчымасьць, давяраючы заўсёды Божаму Провіду», — гэтыя словы Сьвятога Айца натхняюць нас на службу Богу, Царкве і бліжняму ў складаных абставінах нашага жыцьця.
4. У гэтым годзе напярэдадні сьвятаў Раства Хрыстовага — 23 сьнежня нашая Царква адзначае 425 гадоў з дня, калі епіскапат Кіева-Літоўскай мітраполіі на нашых землях аднавіў Еднасьць з Рымскім Апостальскім Пасадам. Дзякуем Міласэрнаму і Чалавекалюбнаму Госпаду за вялікае сьведчаньне веры нашых папярэднікаў і подзьвіг будаваньня Еднасьці Царквы.
Сьведчаньне веры, надзеі і любові Супольнасьці нашай Царквы ў Беларусі давяраем магутнаму заступніцтву сьвятога і праведнага Язэпа, апекуна Паўсюднай Царквы.
5. Пачэсныя Айцы Сьвятаслужыцелі, дарагія Браты і Сёстры!
Да ўсіх вас накіроўваю сьвяточнае віншаваньне, жадаючы, каб дні Раства Хрыстовага і Новы год былі для нас радаснай сустрэчай з Ісусам Хрыстом — Словам, Якое ёсьць «сьвятлом людзей» (Ян 1, 4), што прасьвятляе нашае жыцьцё і ўмацоўвае нашую веру, надзею і любоў. У гэты сьвяточны час ды ва ўсім Новым 2021 годзе будзьма «сьведкамі Евангельля любові да кожнага чалавека».
Няхай блаславеньне Ісуса Хрыста — Эмануэля дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да нашых Братоў і Сясьцёр рыма-католікаў, праваслаўных, пратэстантаў і да ўсіх людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.
Усіх шчыра віншую з Раством Хрыстовым:
Хрыстос нарадзіўся — славім Яго!
Менск, Раство Хрыстова 2020 г.
+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі
Тэгі: Раство, БГКЦ, архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар, грэка-католікі, унія, Язэп, зло, пандэмія
Гл. таксама:
Ісус Хрыстос прыходзіць як Слова любові Бога да кожнага чалавека
Апостальскі Візітатар БГКЦ павіншаваў вернікаў з сьвятам Раства Хрыстова
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане
Гісторыя адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі
Гэты артыкул чыталі 50 разоў (-ы)