У Менску маліліся за беатыфікацыю біскупа Баляслава Слосканса 18 красавіка 2021 году мінула 40 гадоў ад дня спачыну Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса, які на працягу многіх гадоў, у вельмі складаныя часы, быў архіпастырам беларускіх католікаў лацінскага і візантыйскага абрадаў як у Беларусі, так і за яе межамі.
16.04.2021
Абраны новы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч абраны новым старшынём Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі (ККББ). Выбары прайшлі 14 красавіка 2021 году на 80-м пленарным пасяджэньні біскупскай асамблеі. Пасяджэньне было прымеркаванае да 30-годдзя адраджэньня структураў Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Наша Бацькаўшчына перажывае сваю Вялікую пятніцу 2 красавіка, у Вялікую пятніцу, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у рыма-каталіцкай катэдры ў Магілёве ўзначаліў набажэнства Мукі Госпада, якой папярэднічаў Крыжовы шлях на пляцы перад храмам, паведамляе Catholic.by.
У сьвята Дабравешчаньня біскуп Юры Касабуцкі заклікае маліцца за Беларусь Біскуп Юры Касабуцкі заклікае ў дзень 25 сакавіка, калі католікі лацінскага і візантыйскага абраду ў Беларусі адзначаюць сьвята Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, маліцца за Беларусь і за беларускі народ, за нашую еднасьць і салідарнасьць, за спыненьне рэпрэсіяў у краіне, за палітвязьняў і ўсіх перасьледаваных.
17.02.2021
Пасланьне Папы на Вялікі пост: аднавіць веру, надзею і любоў 12 лютага ў Ватыкане было абнародавана пасланьне Папы Францішка на Вялікі пост 2021 году. Сёлета ён распачнецца 15 лютага — у беларускіх грэка-католікаў, а 17 лютага, у Папяльцовую сераду — у рыма-католікаў.
Пасланьне Папы на Вялікі пост: аднавіць веру, надзею і любоў
12 лютага ў Ватыкане было абнародавана пасланьне Папы Францішка на Вялікі пост 2021 году. Сёлета ён распачнецца 15 лютага — у беларускіх грэка-католікаў, а 17 лютага, у Папяльцовую сераду — у рыма-католікаў.
Папа Францішак. Фота: LaPresse.Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, тэма сёлетняга велікапоснага пасланьня Папы: «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім...» (Мц 20, 18). Францішак заахвочвае ў ім аднавіць нашую веру, зачэрпнуць жывой вады надзеі і прыняць адкрытым сэрцам любоў Бога. Ён заклікаў перажыць гэты Вялікі пост у духу беднасьці і дабраахвотных абмежаваньняў, сыноўскай блізкасьці з Богам і ў духу міласэрнай любові да людзей.
ПАСЛАНЬНЕ СЬВЯТОГА АЙЦА ФРАНЦІШКА
НА ВЯЛІКІ ПОСТ 2021 ГОДУ
«Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім...»
Вялікі пост: час аднавіць веру, надзею і любоў
Дарагія браты і сёстры!
Абвяшчаючы Сваім вучням пра Сваю муку, сьмерць і ўваскрасеньне, каб выканаць волю Айца, Ісус паказвае ім глыбокі сэнс Сваёй місіі і заклікае іх далучыцца да яе дзеля збаўленьня сьвету.
Ідучы велікапосным шляхам, які вядзе нас да велікодных урачыстасьцяў, памятайма пра Таго, хто «прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да сьмерці, сьмерці крыжовай» (Флп 2, 8). У гэты час навяртаньня мы аднаўляем нашу веру, чэрпаем «жывую ваду» надзеі і прымаем з адкрытым сэрцам Божую любоў, якая перамяняе нас у братоў і сясьцёр у Хрысьце. У Велікодную ноч мы адновім абяцаньні нашага Хросту, каб адрадзіцца новымі мужчынамі і жанчынамі, дзякуючы дзеяньню Сьвятога Духа. Аднак само велікапоснае падарожжа, як і ўся хрысьціянская дарога, ужо асьветлена сьвятлом Уваскрасеньня, якое ажыўляе пачуцьці, адносіны і выбар тых, хто хоча ісьці за Хрыстом.
Пост, малітва і міласьціна, як іх паказвае Ісус у сваёй пропаведзі (пар. Мц 6, 1-18), зьяўляюцца перадумовамі і праявамі нашага навяртаньня.
Шлях беднасьці і самаадрачэньня (пост), увага і жэсты любові да параненага чалавека (міласьціна) і сыноўскі дыялог з Айцом (малітва) дазваляюць нам уцелавіць шчырую веру, жывую надзею і дзейсную любоў.
1. Вера кліча нас прыняць Праўду і стаць яе сведкамі перад Богам і перад усімі нашымі братамі і сёстрамі.
У гэты час Вялікага посту прыняць і жыць Праўдай, аб’яўленай у Хрысьце, азначае перш за ўсё дазволіць, каб да нас дасягнула Слова Божае, якое перадае нам з пакаленьня ў пакаленьне Царква.
Гэтая Праўда не зьяўляецца інтэлектуальнай канструкцыяй, якая даступная толькі для некаторых абраных, найвышэйшых альбо найвыдатных розумаў, але гэта ёсьць пасланьне, якое мы атрымліваем і можам зразумець дзякуючы розуму сэрца, адкрытага на веліч Бога, Які любіць нас яшчэ да таго, як мы самі гэта ўсьвядомім.
Гэтая Праўда — сам Хрыстос, Які, цалкам прыняўшы нашую чалавечнасьць, стаў Шляхам — патрабавальным, але адкрытым для ўсіх, — што вядзе да паўнаты Жыцьця.
Пост, перажыты як досьвед адрачэньня, дапамагае тым, хто практыкуе яго ў прастаце сэрца, нанова адкрыць для сябе дар Божы і зразумець праўду пра нас, як створаных на Яго вобраз і падабенства, якія ў Ім знаходзяць спаўненьне. У досьведзе дабраахвотнай беднасьці той, хто посьціць, становіцца бедным з беднымі і «назапашвае» багацьце атрыманай і разьдзеленай з іншымі любові. дапамагае любіць Бога і бліжняга. Так зразуметы і практыкаваны пост дапамагае любіць Бога і бліжняга, бо, як вучыць сьвяты Тамаш Аквінскі, любоў — гэта рух, які зьвяртае ўвагу на іншага, разглядаючы яго як адно з сабою (пар. Энцыкліка «Fratelli tutti», 93).
Вялікі пост — гэта час веры, каб прыняць Бога ў наша жыцьцё і дазволіць Яму «пасяліцца» ў нас (пар. Ян 14, 23). Посьціць — значыць вызваліць нашае жыцьцё ад таго, што яго абцяжарвае, у тым ліку ад перанасычэньня інфармацыяй — праўдзівай ці фальшывай — і спажывецкіх рэчаў, каб адкрыць дзьверы нашага сэрца для Таго, Хто прыходзіць да нас бедны ва ўсім, але «поўным ласкі і праўды» (Ян 1, 14) — для Сына Божага, Збаўцы.
2. Надзея як «жывая вада», якая дазваляе нам працягваць нашае падарожжа
Самаранка, якую Ісус просіць напаіць Яго ля студні, не разумее, калі кажа, што можа прапанаваць ёй «жывую ваду» (Ян 4, 10). Спачатку яна, натуральна, думае пра звычайную ваду, але Ісус мае на ўвазе Сьвятога Духа, Якога Ён дасьць удосталь ў пасхальнай Таямніцы і Які дае нам надзею, якая не расчаруе. Ужо прадказваючы Свае пакуты і сьмерць, Ісус абвяшчае гэтую надзею, калі кажа: «І на трэці дзень уваскрэсьне» (Мц 20, 19). Ісус кажа нам пра будучыню, наўсьцяж адкрытую праз міласэрнасьць Айца. Спадзявацца на Яго і дзякаваць Яму азначае верыць, што гісторыя не заканчваецца на нашых памылках, на нашым гвалце і несправядлівасьці ды граху, які ўкрыжаваў Любоў. Гэта азначае чэрпаць прабачэньне Айца з Яго адкрытага сэрца.
У цяперашнім кантэксьце праблемаў, у якіх мы жывем і ў якіх усё здаецца крохкім і няпэўным, размовы пра надзею могуць здавацца правакацыяй. Час Вялікага посту існуе аднак для таго, каб з надзеяй зноў зьвярнуць свой погляд да цярплівасьці Бога, Які не перастае клапаціцца пра Сваё стварэньне, да якокога мы часта ставімся дрэнна (пар. Энцыкліка «Laudato siʼ», 32-33; 43-44). Гэта надзея на прымірэньне, да чаго палымяна заклікае нас сьв. Павел: «прымірыцеся з Богам» (2 Кар 5, 20). Атрымліваючы прабачэньне ў Тайне пакаяньня, якая ёсьць цэнтрам нашага працэсу навяртаньня, мы можам, з свайго боку, пашыраць прабачэньне: паколькі мы самыя яго атрымалі, мы можам таксама прапанаваць яго іншым праз гатоўнасьць весьці уважлівы дыялог з іншымі і заняць паставу, якая нясе суцяшэньне тым, хто быў паранены. Божае прабачэньне, у тым ліку праз нашыя словы і ўчынкі, дазваляе нам перажываць Вялікдзень у братэрстве.
У час Вялікага посту давайце будзем больш увагі надаваць «словам падбадзёрваньня, якія падтрымліваюць, умацоўваюць, супакойваюць і заахвочваюць, замест словаў, якія прыніжаюць, засмучаюць, раздражняюць і пагарджаюць» (Энцыкліка «Fratelli tutti», 223). Часам для таго, каб даць надзею, дастаткова быць зычлівым чалавекам, які гатовы адкласьці ў бок усе свае клопаты і тэрміновыя справы, каб зьвярнуць на кагосьці ўвагу, падараваць усьмешку, сказаць слова падбадзёрваньня і стварыць месца для слуханьня пасярод агульнай абыякавасьці» (там жа, 224).
У засяроджанасьці і ў ціхай малітве мы атрымліваем ў дар надзею як натхненьне і ўнутранае сьвятло, якое асьвятляе выклікі і выбар, што зьвязаныя з нашым пакліканьнем: таму вельмі важна сабрацца для малітвы (пар. Мц 6, 6) і ў тайне сустрэць чулага Айца.
Пражыць Вялікі пост з надзеяй — значыць адчуць, што ў Ісусе Хрысьце мы зьяўляемся сьведкамі новага часу, у якім Бог «робіць усё новым» (пар. Адкр 21, 1-6). Гэта азначае прыняць надзею Хрыста, Які аддае Сваё жыцьцё на крыжы і Якога Бог уваскрашае на трэці дзень, каб былі «заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, хто спытае [нас] пра прычыну надзеі, якая ёсьць у нас» (1 Пт 3, 15).
3. Міласэрная любоў, якой мы жывем, насьледуючы Хрыста, з увагай і спагадай да кожнага, зьяўляецца найвышэйшай праявай нашай веры і надзеі.
Міласэрная любоў радуецца, калі бачыць як узрастае бліжні. Таму яна пакутуе, калі іншы знаходзіцца ў бядзе: самотны, хворы, бяздомны, пагарджаны, у патрэбе... Любоў — гэта імпульс сэрца, які дазваляе выйсьці па-за самых сябе, ствараючы повязь падтрымкі і яднаньня.
«Пачаўшы з “сацыяльнай любові”, можна ісьці ў кірунку цывілізацыі любові, да якой мы ўсе можам адчуваць пакліканьне. Любоў, з яе ўніверсальным дынамізмам, здольная будаваць новы свет, бо не зьяўляецца адным толькі пачуцьцём, але найлепшым спосабам для пошуку эфектыўных шляхоў разьвіцьця для ўсіх» («Fratelli tutti», 183).
Міласэрная любоў — гэта дар, які надае сэнс нашаму жыцьцю і дзякуючы якому мы глядзім на тых, хто аказаўся ў патрэбе, як на членаў нашай сям’і, сябра, брата. Нават самае малое, падоранае іншым з любоўю, ніколі не вычэрпваецца, але становіцца крыніцай жыцьця і шчасьця. Так сталася з мукой і алеем удавы ў Сарэпце, якая прапанавала прароку Ільлі невялікі праснак (пар. 3 Цар 17, 7-16); і з памнажэньнем хлябоў, калі Хрыстос паблаславіў хлеб, разламаў яго і даў вучням, каб яны раздалі яго людзям (пар. Мк 6, 30-44). Тое самае адбываецца з нашай міласьцінай, малой ці вялікай, якую даем з радасьцю і прастатой.
Перажыць Вялікі пост у духу міласэрнай любові значыць клапаціцца пра тых, хто пакутуе, адчувае пакінутым або ў стрэсе з прычыны пандэміі Covid-19. У кантэксьце вялікай няўпэўненасьці ў заўтрашнім дні, памятаючы словы, з якімі Бог зьвяртаецца да свайго слугі: «Ня бойся, бо Я адкупіў цябе» (Іс 43, 1), ахвяруйма разам з нашым жэстам міласэрнай любові словы даверу, дапаможам адчуць іншым, што Бог любіць іх як Сваіх дзяцей.
«Толькі з поглядам, гарызонт якога перамяняецца міласэрнай любоўю, што вядзе да ўсьведамленьня годнасьці іншага, бедныя будуць прызнаныя і ацэненыя ва ўсёй іх годнасьці, іх будуць шанаваць з іх ладам жыцьця і культурай, а значыць, па-сапраўднаму змогуць быць інтэграваныя ў грамадзтва» («Fratelli tutti», 187).
Дарагія браты і сёстры, кожны этап жыцьця — гэта час, каб верыць, спадзявацца і любіць. Хай гэты заклік пражыць Вялікі пост як шлях навяртаньня, малітвы і дзяленьня нашымі дабротамі дапаможа нам вярнуцца у нашай супольнай і асабістай памяці да веры, якая паходзіць ад жывога Хрыста, да надзеі, ажыўленай подыхам Сьвятога Духа, і да любові, невычэрпнай крыніцай якой ёсьць міласэрнае сэрца Айца.
Марыя, Маці Збаўцы, якая верна трывае ў падножжы крыжа і ў сэрцы Царквы, няхай падтрымлівае нас сваёй клапатлівай прысутнасьцю, і няхай блаславеньне Ўваскрослага суправаджае нас на шляху да пасхальнага сьвятла.
Рым, у Сьвятога Яна на Латэране, 11 лістапада 2020 г., успамін Сьвятога Марціна Турскага.