Галоўная
Навіны за 2021 год
З мастацкіх твораў Ганны Цімашук і карцін з кветкамі Тацяны Шаўчук у царкве грэка-каталіцкай царкве сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці падрыхтавана невялікая экспазіцыя «Унія на Палесьсі. Грэка-каталіцкія місіянеры, прапаведнікі і вызнаўцы веры ХХ ст.». Яе складаюць дзевяць партрэтаў выдатных беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў, якія служылі справе Еднасьці Царквы ў такім складаным і бурапенным XX стагоддзі, і цэнтральны твор «Унія на Палесьсі», на якім зьмешчаны выявы пяці знакавых асяродкаў Уніі з выявамі парафіяльных сьвятыняў у Альбярціне, Бабровічах, Альпені, Таракані і Гарадной. Паміж партрэтамі сьвятароў, некаторыя з якіх ствараліся мастачкай Ганнай Цімашук паводле невялікіх, і часам ня вельмі выразных ды адзінкавых архіўных фотаздымкаў, на выставе зьмешчаны карціны з сьціплымі ў сваёй прыгажосьці кветкамі. Гэтыя кветкі каля партрэтаў сьвятароў — як просты і шчыры знак удзячнасьці сьвятарам, што служылі справе Уніі, несьлі Божае Слова, а таксама асьвету і дапамогу бедным у самыя далёкія закуткі Заходняга Палесься, а пазьней і далёка ад Бацькаўшчыны.
І менавіта такімі сьведкамі веры і прадаўжальнікамі жыцьця няўміручай ідэі зьяднанай Царквы ў XX стагоддзі на Заходнім Палесьсі і ў жыцьці беларускай дыяспары ў сьвеце былі беларускія сьвятары, партрэты якіх прадстаўленыя на выставе да 425-х угодкаў Уніі ў парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці. Напэўна, сымбалічна і тое, што гэтыя душпастыры Еднасьці служылі вернікам як візантыйскага, так і лацінскага абрадаў, паўсюль, куды іх пасылаў Госпад, як браты-апосталы Пятро і Андрэй — апекуны хрысьціянскага Захаду і Ўсходу.
У гэтыя восенькія дні, калі на сьвята Дзядоў, беларусы прыходзяць на магілы сваіх продкаў і ўзгадваюць у малітвах свой род, беларускім грэка-католікам варта асабліва ўзгадаць кожнага з гэтых адданых, мужных і адначасова сьціплых сьвятароў — сапраўдных слугаў Хрыстовых, якія часам дзяліліся з найбяднейшымі вернікамі тым апошнім, што мелі самыя. Многія з іх зазналі перасьлед як за польскім, так і савецкім часам і ў часы нацысцкай акупацыі, а некаторыя з іх прайшлі праз лагеры ці загінулі ў турмах або далёка на выганьні ад Бацькаўшчыны. Хай жа ім будзе вечная памяць і нашая ўдзячнасьць!
Гл. таксама:
Першаярарх УГКЦ на сімпозіюме, прысьвечаным 425-годдзю Берасьцейскай уніі: «Мы хочам прапанаваць дыскусію пра мадэль еднасьці Царквы»
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
«Веру ў Адзіную Царкву»
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў
Фота з сямейнага архіву беларускага грэка-каталіцкага сьвятара Баляслава Пачопкі

24.10.2021
Выстава ў Берасьці «Унія на Палесьсі. Грэка-каталіцкія місіянеры, прапаведнікі і вызнаўцы веры ХХ ст.»
Адмыслова да 425-х угодкаў Берасьцейскай царкоўнай Уніі мастачка з Берасьця Ганна Цімашук стварыла шэраг мастацкіх партрэтаў выдатных постацяў Грэка-Каталіцкай Царквы, якія аддана служылі і прапаведавалі на Заходнім Палесьсі ў міжваенны час і пазьней працягвалі жыцьцё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на эміграцыі.

Падчас нядаўняга візіту ў Славакію ў верасьні 2021 году Папа Рымскі Францішак падчас візантыйскай Боскай Літургіі ў Прэшаве, зьвяртаючыся да 30 тысячаў сабраных пілігрымаў, заклікаў захоўваць памяць пра сьціплых і простых людзяей, якія перадавалі сваю веру, якія аддалі сваё жыцьцё з любові да Бога і бліжніх. «Яны — нашыя героі, — падкрэсьліў Біскуп Рыму, — героі штодзённага жыцьця, і іхняе жыцьцё зьмяняе гісторыю. Сьведкі нараджаюць іншых сьведкаў, таму што яны зьяўляюцца донарамі жыцьця. Менавіта так распаўсюджваецца вера: ня дзякуючы магутнасьці сьвету, а дзякуючы мудрасьці крыжа; ня праз структуры, а праз сьведчаньні. І сёньня Госпад, у красамоўнай крыжовай цішы, таксама пытаецца ў вас: «Хочаш быць Маім сьведкам?»

Вось імёны сьвятароў, чые партрэты прадстаўленыя на выставе ў царкве ў Берасьці:
— а. Баляслаў Пачопка, які служыў у Бабровічах і Целяханах, які ўвайшоў у гісторыю Беларусі як адзін з пачынальнікаў беларускага школьніцтва і рэлігійнага друку;
— а. Вячаслаў Аношка — місіянер і арганізатар грамадзка-культурнага жыцьця на Століншчыне ў Альпені, на Мярлінскіх хутарах і ў Далятычах;
— архімандрыт Леў Гарошка — царкоўны гісторык, выдавец і публіцыст, які да эміграцыі служыў у Гарадной, Стоўпцах, Збуражы і Баранавічах;
— духоўны вучань грэка-каталіцкага экзарха-мучаніка Леаніда Фёдарава а. Данат Навіцкі з Таракані, таемна высьвячаны ў лагерных умовах на Салаўках біскупам Менска-Магілеўскім Баляславам Слосканам, які стаў вядомым дзеячам экуменічнага руху ў пасьляваеннай Польшчы;
— кс. Пятро Татарыновіч, стваральнік і шматгадовы працаўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, які ў міжваенны час шмат і палымяна прапаведаваў пра еднасьць Царквы ў палескіх уніяцкіх парафіях;
— хрысьціянскі пісьменьнік і паэт а. Язэп Германовіч, вязень ГУЛАГа, які напісаў вершаваны твор «Унія на Палесьсі» пасьля наведваньня парафіі ў Альпені, калі туды прыязджаў грэка-каталіцкі біскуп Мікалай Чарнецкі;
— архімандрыт Фабіян Абрантовіч, нязломны вызнаўца веры, што загінуў у Бутырскай турме, які ў свой час працаваў у духоўнай семінарыі ў Пінску і спрычыніўся да адбудовы зьнішчанага вайной будынка семінарыі;
— экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы Беларусі а. Антон Неманцэвіч, які ў міжваенны час удзельнічаў у сьвятарскіх канферэнцыях у справе Уніі ў Пінску, выдаваў часопіс «Да Злучэньня» і быў зьвязаны з працай Усходняй місіі езуітаў у Альбярціне, стварыў Апостальства малітвы за Беларусь, абвяшчаў Божае Слова і мужна нёс падтрымку беларусам і ваеннапалонным у часы нацысцкай акупацыі ды загінуў у труме СД у Менску;
— першы пасьля 1839 году беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, які стаў пераемнікам місіі беларускіх сьвятароў міжваеннага часу і працягнуў жыцьцё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы аж да нашых часоў, жывучы ў вольным сьвеце.

Тэгі: Берасьцейская унія, еднасьць, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, сьвятары, вызнаўцы, выстава, Заходняя Палесьсе, Берасьце, Ганна Цімашук
Гл. таксама:
Першаярарх УГКЦ на сімпозіюме, прысьвечаным 425-годдзю Берасьцейскай уніі: «Мы хочам прапанаваць дыскусію пра мадэль еднасьці Царквы»
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
«Веру ў Адзіную Царкву»
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў
Фота з сямейнага архіву беларускага грэка-каталіцкага сьвятара Баляслава Пачопкі
Гэты артыкул чыталі 130 разоў (-ы)