Галоўная
Навіны хрысьціянскага сьвету
Дзелячыся ўспамінамі, архімандрыт Сяргей распавёў, што прыехаў у Рым у 1978 годзе — праз год пасьля сьмерці айца Гарошкі. У генеральным доме айцоў-марыянаў ён пасяліўся ў тым жа пакоі, дзе жыў і працаваў знакаміты беларускі сьвятар. Тут жа была магчымасьць пазнаёміцца з яго літаратурнай спадчынай, значную частку якой складалі катэхетычныя і тэалагічныя матэрыялы, падрыхтаваныя для эфіраў Ватыканскага радыё.
Гл. таксама:
75 гадоў таму пабачыў сьвет першы беларускі грэка-каталіцкі малітоўнік «Божым шляхам»
Беларускі душпастыр, што ішоў Божым шляхам
Архімандрыт Леў Гарошка (26.II.1911 — 28.VII.1977)
Архімандрыт Сяргей Гаек: Папа пажадаў грэка-католікам Беларусі асэнсаваць сваю спадчыну
Сьвяты Пасад падтрымлівае імкненьне да свабоды і справядлівасьці ў Беларусі

28.07.2022
45 гадоў з дня сьмерці Льва Гарошкі: успаміны архімандрыта Сяргея Гаека
45 гадоў таму, 28 ліпеня 1977 году, у Парыжы адышоў у вечнасьць архімандрыт Леў Гарошка — беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч, царкоўны гісторык, публіцыст, пісьменьнік і былы кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Як інфармуе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у дзень асаблівага ўспаміну пра айца Льва Гарошку на папскую радыёстанцыю завітаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Ён памаліўся аб вечным супакоі для сьвятара ў капліцы Ватыканскага радыё — месцы, дзе і сам айцец Леў давяраў Богу свае радасьці, праблемы і спадзяваньні.

«На жаль, я асабіста не сустракаўся з айцом Гарошкам. Пазьней я меў магчымасьць паехаць у Лондан, размаўляў там з біскупам Чэславам Сіповічам, айцом Язэпам Германовічам. Пра Гарошку ў іх было такое меркаваньне: шмат пісаў і шмат маўчаў, хоць вельмі часта даволі крытычна адносіўся да некаторых спраў, з якімі сустракаўся», — падзяліўся архімандрыт Сяргей.
Пра айца Льва Гарошку часта казалі як пра «тытана працы», прычым ня толькі ў беларускай місіі ў Лондане, але таксама ў Парыжы, бо значны перыяд жыцьця айцец Леў служыў у французскай сталіцы. Пасьля Другой сусьветнай вайны тут было шмат беларусаў: адныя прыходзілі ў касьцёл Сэн-Сюльпіс, дзе ён служыў літургію, іншыя зьвярталіся да яго па дапамогу ці параду. Многія з іх сьведчылі, што айцец Гарошка быў адкрытым чалавекам, а ў той жа час ня вельмі эмацыйным, — адзначыў а. Сяргей Гаек.
Апостальскі візітатар грэка-католікаў Беларусі мяркуе, што як тэолаг і катэхізатар айцец Леў Гарошка змог рэалізаваць сябе на Ватыканскім радыё. На падставе матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архіве папскай радыёстанцыі, беларуская дасьледчыца Алена Андросік, напісала доктарскую дысертацыю, у якой паказала, што айцец Леў быў выдатным тэолагам, глыбока перакананым у тым, што вера ў Бога — гэта аснова маральнага жыцьця. Дактарат быў абаронены ў Люблінскім каталіцкім універсітэце на польскай мове, але цяпер ёсьць ідэя перакласьці яго на беларускую.
На думку архімандрыта Сяргея Гаека, Леў Гарошка быў уважлівым да актуальных выклікаў свайго часу: калі ў Савецкім Саюзе вера лічылася цемрашальствам, на падставе сваіх разважаньняў на Ватыканскім радыё, ён выдаў кнігу «Навука і рэлігія», у якой сабраў сьведчаньні пра Бога шматлікіх вялікіх навукоўцаў. Яна перавыдавалася некалькі разоў, што сьведчыць пра запатрабаванасьць такой літаратуры. І менавіта, каб падкрэсьліць важнасьць літаратурнай дзейнасьці айца Льва Гарошкі, яго імем была названа бібліятэка пры грэка-каталіцкім Цэнтры праведнага Язэпа ў Менску, — адзначыў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
* * *
Леў Гарошка нарадзіўся 26 лютага 1911 г. у вёсцы Трашчычы (сёньня Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.). У 1928—1931 гг. вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі, потым у Львоўскай духоўнай акадэміі, у 1936—1937 гг. у Каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя).
17 кастрычніка 1937 году з блаславеньня мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага быў высьвячаны на сьвятара ўкраінскім грэка-каталіцкім біскупам Мікітам Будкам у прыватнай капліцы мітрапаліта ГКЦ у Львове. Душпастырскую працу пачаў у на Палесьсі ў Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі. Служыў у парафіях Угрынічы, Гарадная (Столінскі р-н), Стоўпцы, Збураж (Маларыцкі р-н). Перасьледаваўся за сваю душпастырскую і асьветніцкую дзейнасьць польскімі сьвецкімі ўладамі, стала знаходзіўся пад наглядам паліцыі.
У траўні 1939 г. загадам Наваградзкага ваяводы быў выселены з пагранічнай паласы ў Збураж каля Маларыты. З канца 1939 г. па 1944 г. перабраўся бліжэй да сваіх родных мясьцінаў у Баранавічы, дзе працаваў на настаўніцкіх курсах, настаўнікам беларускай і лацінскай моваў у гандлёвай і медычнай школах, рэдакцыях беларускіх газет ды інш. Уратаваў ад вывазу ў Нямеччыну моладзь з медычнай школы, якую немцы планавалі накіраваць у працоўныя лагеры.
Пасьля стварэньня ў верасьні 1939 г. Беларускага грэка-каталіцкага экзархату і прызначэньня ў кастрычніку 1940 г. Антона Неманцэвіча экзархам, а. Леў Гарошка 2 траўня 1942 г. быў абраны ў Раду экзархату і прызначаны намесьнікам экзарха.
Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У 1945 г. арганізоўваў беларускае душпастырства ў Берліне і Мюнхене, потым пераехаў у Рым. У 1946 г. прызначаны Ўсходняй Кангрэгацыяй для душпастырства беларусаў у Францыі, пераехаў у Парыж. У 1946—1957 гг. быў рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі.
У 1946 г. выдаў малітоўнік «Божым шляхам», а ў 1947—1957 гг. выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс «Божым шляхам». Пісаў пад псеўданімамі Л. Дварэцкі, Анатоль Жменя, Л. Іскра, Пракоп Каваль ды іншымі. Аўтар шэрагу брашураў рэлігійнай тэматыкі.
У 1959 г. паступіў у навіцыят айцоў-марыянаў у Рыме. У 1960 г. быў пераведзены ў Лондан, дзе прызначаны на пасаду рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі. У 1962 г. прыняў манаства ў капліцы сьв. апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане. Да 1969 г. заставаўся рэктарам Місіі ды ігуменам законнага Дому ў Лондане. Быў адным з выкладчыкаў у школе-інтэрнаце імя Кірылы Тураўскага. Далучыўся да Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі, уваходзіў у Галоўную ўправу, быў намеснікам старшыні арганізацыі. Ад імя беларусаў выступаў у Брытанскай радзе дапамогі ўцекачам. У 1964 г. стаў першым старшынём Беларускай харытатыўнай секцыі (фонду).
У 1965 г. атрымаў годнасьць архімандрыта. У 1970 г. перабраўся ў Рым, дзе кіраваў Беларускай секцыяй Радыё Ватыкану. Адначасова выконваў абавязкі рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі.
Памёр 28 ліпеня 1977 г. у шпіталі ў Парыжы. Пахаваны ў адной магіле з а. Язэпам Германовічам на St. Pancras Сemetery ў Лондане.
Як адзначае дасьледчыца жыцьця беларускай дыяспары ў сьвеце Натальля Гардзіенка, вялікі і вельмі цікавы архіў гэтага выдатнага беларускага сьвятара і грамадзкага дзеяча захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане.
Тэгі: а. Леў Гарошка, Ватыканскае радыё, архімандрыт Сяргей Гаек, «Божым шляхам», Лондан, Парыж, Рым
Гл. таксама:
75 гадоў таму пабачыў сьвет першы беларускі грэка-каталіцкі малітоўнік «Божым шляхам»
Беларускі душпастыр, што ішоў Божым шляхам
Архімандрыт Леў Гарошка (26.II.1911 — 28.VII.1977)
Архімандрыт Сяргей Гаек: Папа пажадаў грэка-католікам Беларусі асэнсаваць сваю спадчыну
Сьвяты Пасад падтрымлівае імкненьне да свабоды і справядлівасьці ў Беларусі
Гэты артыкул чыталі 26 разоў (-ы)