
25.02.2011
З 22 па 23 лютага 2010 году ў Брухавічах, каля Львова, у рэкалекцыйным доме Львоўскай Архіяпархіі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы,адбылася сустрэча ўкраінскіх каталіцкіх біскупаў лацінскага і візантыйскага абрадаў. Пасяджэньні праходзілі пад старшынствам Адміністратара УГКЦ Архібіскупа Львоўскага Ігара Возьняка і Старшыні Канферэнцыі Рыма-Каталіцкіх Біскупаў Украіны Архібіскупа Мітрапаліта Львоўскага Мечыслава Макшыцкага. “Новыя рэлігійныя плыні і рухі: украінскі кантэкст” – такой была асноўная тэма дыскусіяў украінскіх ярархаў. Таксама яны абмяркавалі пытаньні падрыхтоўкі да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ і адзначэньня 10- й гадавіны яго пілігрымкі ва Ўкраіну.
Архібіскуп Іван Юркавич зьвярнуўся з разьвітальным словам да прысутных, адзначыўшы, што мінулыя сем гадоў яго дыпламатычнай місіі ва Ўкраіне былі пазначаныя спакойным духоўным жыцьцём Царквы і згодаю. “Ад гэтай духоўнай атмасферы атрымалі дары найперш сьвятары і вернікі, якія змаглі арганізаваць парафіяльныя структуры і разьвіць шмат пастырскіх і сацыяльных ініцыятываў. Ня толькі для мяне, але таксама для шматлікіх гасьцей, якія наведалі Ўкраіну за гэты перыяд, менавіта сьведчаньне глыбокай веры, пасьвячанасьць і шчыльная сувязь, якія захавалі вернікі з Каталіцкай Царквой, склалі, мабыць, самае глыбокае ўражаньне. Думаю, гэта будзе самае дарагое ўражаньне, якое я забяру з сабою з Украіны. Вялікія літургічныя сьвяткаваньні, з жывым удзелам вернікаў, якіх я бачыў у Зарваніцы, Бярдзічаве і многіх іншых санктуарыюмах, застануцца для мяне самай цёплай згадкай пра вашую краіну”, - сказаў архібіскуп Іван Юркавіч.
Украінскія каталіцкія ярархі абодвух абрадаў падзякавалі таксама за служэньне кардыналу Любамір Гузару, які склаў паўнамоцтвы зьверхніка Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Рыма-каталіцкі мітрапаліт Макшыцкі адзначыў, што сустрэча прайшла ў атмасферы дабразычлівасьці, духу малітвы і ўзаемнага братэрства. Падобныя сустрэчы каталіцкіх біскупаў абодвух абрадаў адбываюцца рэгулярна, два разы ў год.
Паводле Radiovaticana.org/ucr