Папа схіліўся перад патрыярхам, просячы блаславеньня 28-30 лістапада 2014 году Папа Францішак зьдзейсьніў падарожжа ў Турцыю. Падчас экуменічнай малітвы ў катэдральнай царкве сьв. Георгія ў рэзідэнцыі Канстанцінопальскага патрыярха ў Стамбуле 29 лістапада 2014 году Біскуп Рыму схіліўся перад Патрыярхам Барталамеем I і папрасіў яго пра блаславеньне для яго і для Рымскай Царквы.
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў Інтэрв’ю з гісторыкам і рэлігіязнаўцам Аляксеем Юдзіным пра ўкраінскіх грэка-католікаў, значэньне тэрміну «унія» і дагматычную сьпецыфіку старажытных Усходніх Цэркваў на сайце “ПостНаука”.
Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І падпісалі сумесную дэкларацыю 25 траўня 2014 году ў памяшканьні Апостальскай дэлегатуры ў Ерусаліме адбылася прыватная сустрэча паміж Папам Францішкам і Патрыярхам Барталамеем І. Яе вынікам стала абвяшчэньне сумеснай дэкларацыі, якая складаецца з дзесяці пунктаў — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
31.05.2014
Яўген Усошын — ад грузчыка да сьвятара Інтэрв’ю грэка-каталіцкага сьвятара з Менску айца Яўгена Ўсошына журналістцы газеты “Новы Час” Вікторыі Чаплевай пра сваё пакліканьне, шлях да сьвятарства, пра пошукі чалавекам свабоды і шчасьця.
08.05.2014
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар: насілу да веры ніхто не прыводзіць Пра супольнасьці беларускіх грэка-католікаў і асаблівасьці душпастырскай працы сярод іх — размова ў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандра Амяльчэні з айцом Антонам Нікалаевым, душпастырам грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску.
06.05.2014
Сімпозіюм на тэму ўсходняга кананічнага права ў Рыме 23-25 красавіка 2014 году ў Рыме адбыўся сімпозіюм на тэму ўсходняга царкоўнага права: “Усходняе кананічнае права — 50 гадоў пасьля II Ватыканскага Сабору” — паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
27.11.2013
Рымскі Архірэй перажывае за лёс усходніх католікаў Немагчыма зьмірыцца з думкай пра Блізкі Ўсход без хрысьціянаў — гэта адна з ключавых думак з прамовы Папы Францішка, з якой ён зьвярнуўся 21 лістапада 2013 году да ўдзельнікаў пленарнага паседжаньня Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
Кардынал Сандры: сьвятыя Кірыла і Мятод як праява «нязьменнай навізны» евангельскага прапаведаньня
У амбасадзе Славакіі пры Сьвятым Пасадзе ў Рыме 10 чэрвеня 2014 году адбылася прэзентацыя актаў сімпозіюму на тэму «Сьвятыя Кірыла і Мятод сярод славянскіх народаў: 1150 гадоў ад пачатку місіі» — паведамляе Katolik.ru. Сам гэты сімпозіюм праходзіў у лютым 2013 году ў Папскім Усходнім інстытуце.
Сьвятыя Кірыла і Мятод.На прэзентацыі актаў у славацкай амбасадзе выступіў канцлер Папскага Ўсходняга інстытуту, прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры. Ён адзначыў, што сімпозіюм адбываўся некалькі дзён пасьля адрачэньня ад пасаду Папы Бенядыкта XVI, што стала жэстам гістарычнага значэньня. У сувязі з тэмай сімпозіюму кардынал Сандры прыгадаў некаторыя моманты настаўніцтва Бенядыкта XVI, якія дазваляюць лепш зразумець адносіны паміж верай і культурай. Пасьля Бенядыкта XVI на пасад сьвятога Пятра ўзышоў яго пераемнік – пастыр, «які прыйшоў з краю сьвету», як сам ён пра сябе казаў, які «зрабіўся нястомным евангелізатарам і сваімі словамі ды ўчынкамі нагадаў, што ўся Царква працягвае абвяшчаць Добрую Вестку з натхненьнем і руплівасьцю, характэрнымі для Пяцідзясятніцы».
Паводле словаў кардынала Сандры, гэтыя асаблівасьці двух папаў «могуць праліць сьвятло і на жыцьцё сьвятых Кірылы і Мятода, руплівых апосталаў славянаў і людзей глыбокай культуры». Кардынал працытаваў апостальскае настаўленьне Папы Францішка «Evangelii gaudium»: «Каласальныя і імклівыя культурныя зьмены патрабуюць ад нас сталай увагі дзеля таго, каб імкнуцца выяўляць ісьціну мовай, якая дазваляе ўбачыць яе нязьменную навізну». Гэты параграф з апостальскага настаўленьня завяршаецца цытатай з энцыклікі Папы Яна Паўла II: «Ісьціна можа выяўляць сябе па-рознаму, і таму менавіта абнаўленьне яе формаў дазволіць перадаць нязьменны сэнс евангельскага закліку» (19).
«Ілюмінісцкая крытыка рэлігіі, — заўважыў далей кардынал Сандры, — настолькі захапіла заходнюю культуру, што «часам нават у хрысьціянскіх колах губляецца ўсьведамленьне таго, што Евангельле і яго сьведчаньне зьяўляюцца невычэрпнымі крыніцамі цывілізацыі і культуры». Паводле энцыклікі «Slavorum apostoli», «спрыяючы ўвасабленьню Евангельля ў самабытнай культуры тых народаў, якім яны дабравесьцілі, сьвятыя Кірыла і Мятод займелі асаблівыя заслугі ў станаўленьні і разьвіцьці самой гэтай культуры ці, дакладней, многіх культур. Бо культуры ўсіх славянскіх народаў абавязаны сваім узьнікненьнем ці разьвіцьцём дзейнасьці Салунскіх братоў. Ствараючы ў непаўторны і геніяльны спосаб алфавіт для славянскай мовы, яны сапраўды заклалі асновы культуры і пісьменнасьці ўсіх славянскіх народаў» (21).
Канцлер Папскага Ўсходняга інстытуту пажадаў яго выкладчыкам і кіраўніцтву лічыць спадчыну сьвятых Кірылы і Мятода «абавязаньнем» гэтага інстытута, каб яно натхняла акадэмічную падрыхтоўку студэнтаў, якія паходзяць ня толькі з славянскіх краінаў, але і сірыйцаў, коптаў, эфіёпаў: гэтак яны змогуць вярнуцца ў свае краіны ня толькі ўзбагачанымі ведамі пра мінулае, але і здольнымі «абнаўляць свае культуры і грамадзтва».
Другую частку свайго дакладу кардынал Леанарда Сандры прысьвяціў экуменічнаму вымярэньню жыцьця і дзейнасьці сьвятых Кірылы і Мятода. Сыны Царквы Канстанцінопаля, «сваім жыцьцём, місіяй і праслаўленьнем зьяднаныя з Царквой Рыма», яны шануюцца праз прыклад жыцьця і апостальства як праваслаўнымі, так і католікамі, карыстаючыся пашанай і ў пратэстантаў, - паколькі яны былі распаўсюджвальнікамі Слова Божага і перакладу Бібліі на родныя мовы.
Ватыканскі ярарх працытаваў таксама фрагмент з энцыклікі «Slavorum apostoli»: «Традыцыйнае і разам з тым выключна сучаснае ўяўленьне пра паўсюднасьць Царквы, якая разумеецца як згоднае гучаньне розных літургій на ўсіх мовах сьвету, зьяднаных у адну Літургію, ці як гарманічны хор, складзены з бясконцага мноства людзкіх галасоў, які незьлічонымі сваімі мадуляцыямі, адценьнямі і перапляценьнямі ўзносіцца ў хвале Богу з кожнай кропкі нашай зямной кулі, у кожнае імгненьне гісторыі, у асаблівы спосаб перагукаецца з багаслоўскімі і душпастырскімі ўяўленьнямі, якія натхнялі апостальскую і місіянерскую дзейнасьць Канстанціна Філосафа і Мятода, і якія былі ім апорай у іх подзьвігах сярод славянскіх народаў». (17).
Свой выступ прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў завяршыў пажаданьнем, каб «ад Атлантычнага акіяну да Ўралу людзі працягвалі дыхаць двума лёгкімі, не баючыся зноў адкрыць і паглыбіць свае хрысьціянскія карані».