Папа схіліўся перад патрыярхам, просячы блаславеньня 28-30 лістапада 2014 году Папа Францішак зьдзейсьніў падарожжа ў Турцыю. Падчас экуменічнай малітвы ў катэдральнай царкве сьв. Георгія ў рэзідэнцыі Канстанцінопальскага патрыярха ў Стамбуле 29 лістапада 2014 году Біскуп Рыму схіліўся перад Патрыярхам Барталамеем I і папрасіў яго пра блаславеньне для яго і для Рымскай Царквы.
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў Інтэрв’ю з гісторыкам і рэлігіязнаўцам Аляксеем Юдзіным пра ўкраінскіх грэка-католікаў, значэньне тэрміну «унія» і дагматычную сьпецыфіку старажытных Усходніх Цэркваў на сайце “ПостНаука”.
Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І падпісалі сумесную дэкларацыю 25 траўня 2014 году ў памяшканьні Апостальскай дэлегатуры ў Ерусаліме адбылася прыватная сустрэча паміж Папам Францішкам і Патрыярхам Барталамеем І. Яе вынікам стала абвяшчэньне сумеснай дэкларацыі, якая складаецца з дзесяці пунктаў — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
31.05.2014
Яўген Усошын — ад грузчыка да сьвятара Інтэрв’ю грэка-каталіцкага сьвятара з Менску айца Яўгена Ўсошына журналістцы газеты “Новы Час” Вікторыі Чаплевай пра сваё пакліканьне, шлях да сьвятарства, пра пошукі чалавекам свабоды і шчасьця.
08.05.2014
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар: насілу да веры ніхто не прыводзіць Пра супольнасьці беларускіх грэка-католікаў і асаблівасьці душпастырскай працы сярод іх — размова ў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандра Амяльчэні з айцом Антонам Нікалаевым, душпастырам грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску.
06.05.2014
Сімпозіюм на тэму ўсходняга кананічнага права ў Рыме 23-25 красавіка 2014 году ў Рыме адбыўся сімпозіюм на тэму ўсходняга царкоўнага права: “Усходняе кананічнае права — 50 гадоў пасьля II Ватыканскага Сабору” — паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
27.11.2013
Рымскі Архірэй перажывае за лёс усходніх католікаў Немагчыма зьмірыцца з думкай пра Блізкі Ўсход без хрысьціянаў — гэта адна з ключавых думак з прамовы Папы Францішка, з якой ён зьвярнуўся 21 лістапада 2013 году да ўдзельнікаў пленарнага паседжаньня Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
Ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў: разьдзяленьне Царквы Хрыстовай — анамалія, якую нельга лічыць нормай жыцьця
23-26 кастрычніка ў Львове адбылася штогадовая Сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы, падчас якой абмяркоўвалася місія і роля Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у экуменічным дыялогу. Па яе завяршэньні біскупы прынялі Зварот, у якім, у прыватнасьці, адзначылі ўклад Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у справу экуменізму.
Мы, біскупы, якія прадстаўляем розныя памесныя Цэрквы Еўропы, сабраліся ў Львове (Украіна) 23-26 кастрычніка 2014 году, каб задумацца і паразважаць над тэмай місіі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў праз 50 гадоў пасьля абвяшчэньня саборных дэкрэтаў “Orientalium Ecclesiarum” і “Unitatis Redintegratio” і ў 25-ю гадавіну легалізацыі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Напрыканцы нашай сустрэчы мы хочам падзяліцца некаторымі думкамі.
На аснове саборнага рашэньня, якім выказваецца пастырскі клопат Каталіцкай Царквы адносна разьвіцьця Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў з заклікам працаваць для іх далейшага росквіту з новым апостальскім запалам дзеля выкананьня ўскладзенай на іх місіі (пар. Orientalium Ecclesiarum, 1),
— мы з поўным усьведамленьнем пацьвярджаем нашае права і абавязак на зьдзяйсьненьне душпастырскай апекі ў адносінах нашых вернікаў, дзе б яны не былі, у тым ліку нашае права абвяшчаць Евангельле ўсім тым, хто гэтага яшчэ ня ведае;
— выказваем нашае брацкае пажаданьне, каб і Праваслаўныя Цэрквы ажыцьцяўлялі ў любові і ісьціне тую місію, якую даручыў ім Гасподзь;
— вызнаем таксама і за Праваслаўнымі Цэрквамі права рупіцца аб ажыцьцяўленьні душпастырскага клопату адносна іх вернікаў ва ўсім сьвеце, без усялякага антаганізму і з поўнай павагаю да права свабоды рэлігійнага вызнаньня;
— сьцьвярджаем, што разьдзяленьне адзінай Царквы Хрыстовай зьяўляецца сапраўднай эклезіялагічнай анамаліяй, якую ні пры якіх абставінах нельга лічыць нормай жыцьця і місіі Царквы;
— падзяляем разам з Праваслаўнымі Цэрквамі заклапочанасьць адносна наяўных тэндэнцыяў у культурнай і сацыяльнай сферы жыцьця чалавецтва, якія вядуць да паступовай дэхрысьціянізацыі і секулярызацыі Еўропы;
— мы перакананыя ў сваім пакліканьні да адказнасьці, каб заклік Хрыста да еднасьці Яго Царквы стаў адным з найбольш прыярытэтных, неадкладных і абавязковых вымярэньняў ідэнтычнасьці Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, незважаючы на ўсе цяжкасьці і перашкоды на шляху экуменізму;
— нагадваем пра жаданьне Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў быць максімальна задзейнічанымі ў справе вядзеньня дыялогу праўды і любові паміж Каталіцкай і Праваслаўнымі Цэрквамі.
Сітуацыя на Блізкім Усходзе
Драматычная сітуацыя хрысьціянаў на Блізкім Усходзе ды іншых рэлігійных і этнічных меншасьцяў, якія пакутуюць ад гвалту, што пануе ў гэтым рэгіёне, стала прадметам нашага глыбокага роздуму і малітвы. Мы запэўніваем мясцовых душпастыраў і іх вернікаў у нашай падтрымцы і салідарнасьці, нагадваем усім, што мір і згода на Блізкім Усходзе ня зьявяцца без выразнай і адназначнай рэакцыі з боку міжнароднай грамадзкасьці і такога яе ўплыву на абодва бакі канфлікту, які быў бы накіраваны на забесьпячэньне прынцыпаў рэлігійнай свабоды і свабоды сумленьня ды закладаў бы асьветніцкія падмуркі для належнага выхаваньня здольных весьці дыялог між сабой будучых пакаленьняў.
25-ыя ўгодкі легалізацыі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы
Мы прыехалі ва Ўкраіну таксама, каб разам адсьвяткаваць 25-ыя ўгодкі легалізацыі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Яе адраджэньне зьяўляецца выразнай дзеяй Божага Провіду, якая заахвочвае сёньня ўсю Царкву да грунтоўнага пераасэнсаваньня ўсяго таго, што адбываецца, да аднаўленьня духу місійнасьці ў справе абвяшчэньня Евангельля і да большай заангажаванасьці ў сферы сацыяльнага жыцьця грамадзтва ў адказ на новыя выклікі для душпастырства, якія спараджае цяперашняя сітуацыя ў краіне. Запэўніваем увесь украінскі народ у нашай з ім малітоўнай еднасьці, падтрымцы і салідарнасьці перад абліччам вайсковага супрацьстаяньня на Ўсходзе дзяржавы, якое дагэтуль трывае і суправаджаецца зьнешняй агрэсіяй, якая прыносіць вялікія пакуты, асабліва мірнаму насельніцтву. Запрашаем усіх неадкладна ўстаць на шлях міру і згоды.
Гэтыя ўгодкі мы глыбока перажылі ў малітве і Ахвяры Найсьвяцейшай Еўхарыстыі, выпрошваючы для ўсіх Божага блаславеньня і заступніцтва Найсьвяцейшай Багародзіцы — Маці Бога і Маці Царквы.