Калі сядзеш есьці ежу з валадаром, дык уважай, што перад табою;
і пастаў заслону ў горле тваім, калі ты ненаедны.
Не спакушайся ласнымі прысмакамі; гэта - уяўная ежа (Кніга Выслоўяў Саламонавых 23:1-3)
Зьверхнікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў сустрэліся з Рымскім Архірэем “У вашых асобах бачу вашыя Цэрквы і жадаю, перш за ўсё, засьведчыць сваю блізкасьць і малітвы за статак, які Госпад Ісус даверыў кожнаму з вас”, — гэтымі словамі Папа Францішак прывітаў патрыярхаў і вярхоўных архібіскупаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў падчас сьпецыяльнай аўдыенцыі, прысьвечанай становішчу гэтых Цэркваў. Гэтая сустрэча адбылася 21 лістапада 2013 году, у Апостальскім палацы ў Ватыкане — паведамляе Украінская служба Радыё Ватыкан.
01.11.2013
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці ў нядзелю, 27 кастрычніка 2013 году, наведаў грэка-каталіцкую парафію сьвятых Кірылы і Мятода ў Баранавічах. Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў Боскую Літургію, у якой напрыканцы Году веры былі ўзгаданы вялікія сьведкі веры Грэка-Каталіцкай Царквы. Таксама ён зьвярнуўся да ўдзельнікаў малітоўнай сінаксы з гаміліяй на тэму веры.
27.10.2013
Ярархі Ўсходніх Цэркваў пра евангелізацыю культуры У Славакіі ў Кошыцах 17-20 кастрычніка 2013 году адбылася традыцыйная штогадовая сустрэча ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы. Тэма, якую сёлета абмяркоўвалі ярархі, закранала пытаньні евангелізацыі культуры і інкультурацыі Евангельля ў сьвятле спадчыны сьвятых Кірылы Мятода.
09.10.2013
Халдэйскі каталіцкі патрыярх заклікае Асірыйскую Царкву Ўсходу вярнуцца да поўнай еднасьці Халдэйскі Патрыярх Вавілону Луіс Рафаэль I (Сака) даслаў віншавальны ліст Патрыярху Асірыйскай Царквы Ўсходу Мар Дынху IV (Хананіі) з нагоды яго дня народзінаў, які ён адзначаў 15 верасьня. У гэтым віншавальным пасланьні, паведамляе Agenzia Fides, усходне-каталіцкі патрыярх зьвярнуўся да Зьверхніка Асірыйскай Царквы таксама з вымоўным афіцыйным запрашэньнем распачаць шлях дыялогу дзеля аднаўленьня поўнай царкоўнай сулучнасьці паміж халдэйскай хрысьціянскай Супольнасьцю, якая знаходзіцца ў еднасьці з Біскупам Рыму, і асірыйскай Супольнасьцю.
02.10.2013
Ліст Сіноду біскупаў УГКЦ каталіцкім ярархам Беларусі з нагоды 1025-годдзя Хрышчэньня Русі Вярхоўны Архібіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў (Шаўчук) ад імя Сіноду УГКЦ накіраваў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ліст з нагоды 1025-годдзя Хрышчэньня Русі. Гэты ліст ёсьць сьведчаньнем хрысьціянскай сулучнасьці хрысьціянскіх Цэркваў Украіны і Беларусі і зьяўляецца адказам украінскіх грэка-каталіцкіх біскупаў на віншавальны ліст каталіцкіх ярархаў Беларусі з нагоды гэтай знакавай падзеі ў гісторыі хрысьціянства ва Ўсходняй Еўропе.
Ярархі Ўсходніх Цэркваў пра евангелізацыю культуры
У Славакіі ў Кошыцах 17-20 кастрычніка 2013 году адбылася традыцыйная штогадовая сустрэча ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы. Тэма, якую сёлета абмяркоўвалі ярархі, закранала пытаньні евангелізацыі культуры і інкультурацыі Евангельля ў сьвятле спадчыны сьвятых Кірылы Мятода.
Катэдральны грэка-каталіцкі храм у Кошыцэ (Славакія).У 2013 годзе спаўняецца 1150 гадоў ад пачатку славянскай місіі сьвятых роўнаапостальных Кірылы і Мятода, апекуноў Еўропы і настаўнікаў славянаў, у Вялікай Маравіі, і таму месцам сінаксы быў абраны горад Кошыцэ ў Славакіі. Акрамя таго, у 2013 годзе Кошыцэ абралі культурнай сталіцай Еўропы.
У гэтай сустрэчы ўдзельнічалі шматлікія ярархі Каталіцкіх Цэркваў Еўропы візантыйскага абраду, але былі і прадстаўнікі іншых традыцыяў, у прыватнасьці Мараніцкай Царквы Кіпру. У сінаксе ўдзельнічаў і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), як прадстаўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Гаспадаром сустрэчы быў Кошыцкі грэка-каталіцкі біскуп Уладыка Мілан Хаўтур. Акрамя штодзённых набажэнстваў у катэдральным грэка-каталіцкім храме Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы і ў іншых грэка-каталіцкіх сьвятынях гораду Кошыцэ ярархі слухалі даклады і ўдзельнічалі ў дыскусіях, наведалі выставу візантыйскага мастацтва, пабывалі на экуменічным канцэрце і сустрэліся з лацінскім архібіскупам Кошыцэ.
Усходнія каталіцкія ярархі на сустрэчы ў Кошыцэ (Славакія).Дакладчыкамі на сустрэчы ярархаў выступілі: кардынал Ёзаф Томка, былы прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, які прадставіў даклад “Евангелізацыя культуры”; архібіскуп Цырыл Васіль, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, які гаварыў пра місію сьвятых Кірылы і Мятода і сучасныя выклікі; Апостальскі экзарх для каталікоў візантыйскага абраду ў Грэцыі Ўладыка Дзімітрыяс Салахас расказаў пра місію Настаўнікаў славянаў у сьвятле царкоўных дакументаў, а айцец-езуіт Юрай Дуфка з Цэнтру духоўнасьці Ўсход — Захад у Кошыцэ распавядаў прысутным пра мастацтва як інструмент для евангелізацыі.
Па выніках сустрэчы ў Кошыцэ ўсходнія каталіцкія ярархі падрыхтавалі сваё пастырскае пасланьне да вернікаў.
20 кастрычніка 2013 году ўсходнія каталіцкія ярархі Еўропы пабывалі ў малой грэка-каталіцкай базыліцы ў Міхалёўцах, дзе адслужылі Боскую Літургію, а затым яны зрабілі пілігрымку ў Клакачоў — адно з найбольш значных месцаў паломніцтва славацкіх грэка-католікаў, дзе захоўваецца шанаваная ікона Багародзіцы.
Пасланьне ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы
Біскупы Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы сабраліся сёлета, у 1150-ыя ўгодкі прыбыцьця сьвятых Кірылы і Мятода да славянскіх народаў, у Кошыцах — культурнай сталіцы Еўропы 2013 году, на сваю штогадовую сустрэчу пад патранатам Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы і на запрашэньне мясцовага грэка-каталіцкага япарха. Тэмай сустрэчы стала евангелізацыя культуры. Біскупы мелі нагоду па-новаму паглядзець на евангелізацыйную місію двух сьвятых грэцкіх братоў, зьвярнуўшы ўвагу на актуальныя выклікі, з якімі сустракаюцца Цэрквы Еўропы на мясцовым узроўні.
Напрыканцы гэтай сустрэчы біскупы зьвяртаюцца да сваіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі з гэтым пасланьнем надзеі, міласэрнасьці ды любові.
Глыбока перакананыя ў актуальнасьці пасланьня сьвятых Кірылы і Мятода, хочам яшчэ раз падкрэсьліць і нагадаць пра хрысьціянскія карані Еўропы. Еўрапейская цывілізацыя і культура, адарваныя ад збаўчага Хрыстовага Евангельля, ня змогуць збудаваць моцнага чалавечага грамадзтва, заснаванага на маральных, этычных і сямейных каштоўнасьцях, якія зьяўляюцца гарантамі справядлівасьці і міру сярод народаў. Культура бяз Бога вядзе чалавека да адчаю і сьмерці. Мы прапануем культуру жыцьця і надзеі — культуру, якая здатная ахапіць чалавека ва ўсіх яго вымярэньнях і стварыць братэрства, любоў, сяброўства і салідарнасьць, асабліва ў адносінах да беднага, эмігранта і пакінутага. Сапраўды годная культура — гэта культура, якая ўключае ў сябе культ Бога, Бога, Які любіць кожнага чалавека, за якога Ён аддаў жыцьцё і перамог сьмерць Сваім слаўным Уваскрасеньнем.
Мы добра ведаем праблемы нашых народаў, крызіс, у якім знаходзіцца ўвесь еўрапейскі кантынент, тэрарызм і ўзброеныя канфлікты, палітычную барацьбу і расізм. Крызіс ня толькі эканамічны, але і духоўны. Мы, хрысьціяне, у нашай ідэнтычнасьці католікаў усходніх абрадаў, пакліканыя быць найбольш праўдзівымі сьведкамі багатай спадчыны нашых Айцоў, якую засьведчылі шматлікія нашыя пастыры і браты. Хочам з радасьцю і энтузіязмам абвяшчаць Добрую Вестку Божай Любові да ўсіх. Мы маем патрэбу ў Богу, каб знайсьці сэнс нашага існаваньня на гэтай зямлі. Ніхто ня можа несьці свой крыж сам, толькі з Богам і з братамі. Таму хочам падкрэсьліць, што Хрыстос ня ёсьць далёкім ад нашага жыцьця. Ён просіць давяраць Яму. У нашых жыцьцёвых клопатах мы знаходзім у Ім скалу, на якую можам абаперціся.
Жывы досьвед Уваскрослага Хрыста быў крыніцай, з якой нарадзіўся абавязак хрысьціянаў будаваць еўрапейскую культуру. Сёньня, як і ўчора, мы, усходнія каталіцкія біскупы Еўропы, сьведчым пра нашую добрую волю супрацоўнічаць для фармаваньня культуры сустрэчы і дыялогу, заснаванай на праўдзе, свабодзе, справядлівасьці, павазе і цярпімасьці.
У еўрапейскім кантэксьце нашыя ўсходнія каталіцкія царкоўныя Супольнасьці і кожны вернік асабіста пакліканыя Божым Провідам працягваць евангелізацыйную місію сьвятых Кірылы і Мятода, рэалізуючы неабходнае ўнутранае абнаўленьне і гарманічнае разьвіцьцё, распачатае Другім Ватыканскім Саборам. Такім чынам нашыя багатыя традыцыі не застануцца толькі помнікам, якім захапляюцца і пра які памятаюць, але стануцца крыніцай жыцьця, здатнай аздаравіць еўрапейскую культуру, якая робіцца ўсё больш дэхрысьціянізаванай і секулярызаванай.
Падчас нашай сустрэчы мы з занепакоенасьцю глядзелі на драматычнае становішча, якое церпяць нашыя браты-хрысьціяне Блізкага Ўсходу і, у прыватнасьці, Сірыі. Разам з Сьвятым Айцом і мясцовымі біскупамі, мы молімся, каб распачаўся рашучы дыялог і каб да малітвы былі далучаныя палітычныя рашэньні, заснаваныя на справядлівасьці і павазе да розных рэлігійных супольнасьцяў, што павінна прывесьці да неадкладнага спыненьня агню, адмовы ад усіх формаў гвалту і ў рэшце рэшт да прыпыненьня ўвозу зброі, што падтрымлівае вайну ў краіне.
Праз заступніцтва Маці Божай і сьвятых Кірылы і Мятода, заклікаем мір нашага Госпада на ўсіх людзей нашага кантыненту.