Галоўная
Сьвятло Ўсходу
Сапраўды радасным, дарэчным і сваечасовым зьяўляецца тое, што апошнім часам нашае навуковае грамадзтва стала больш актыўна зьвяртацца да падзеі 6 жніўня 1517 году на сьвята Перамяненьня Госпада, калі Францішак Скарына выдаў першую друкаваную беларускую кнігу — «Псалтыр», а таксама непасрэдна да яго асобы.
Гл. таксама:
Папа: ахвяруем цяжкасьці і пакуты ў інтэнцыі еднасьці хрысьціянаў
Апостальскі Візітатар БГКЦ заклікаў хрысьціянаў Берасьця ўмацоўваць братэрскае супрацоўніцтва ў абвяшчэньні Евангельля
Жыць у еднасьці паводле Слова Божага
Сьвята парафіі ў гонар апостала Андрэя ў берасьцейскіх грэка-католікаў
Завяршылася штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы

28.06.2015
Падзяляючы спадчыну Скарыны
Ці варта дзяліць спадчыну Францішка Скарыны ці лепш яе падзяляць? Ці можам мы з вышыні ХХІ стагоддзя правільна разумець падзеі 500-гадовай даўніны? Пра гэта разважае каталіцкі сьвятар ксёндз Сяргей Сурыновіч.

Разьдзяляючы спадчыну першадрукара, на жаль, мы робім дастаткова шмат памылак, уяўляючы час Скарыны і яго самога праз прызму нашых паняткаў, меркаваньняў і ідэалагічных высноваў, якія, у сваю чаргу, сфарміраваныя і народжаныя сёньня, ва ўмовах сучасных узаемаадносінаў паміж канфесіямі, сьветапоглядаў і крыніцаў адукацыі.
Францішак Скарына быў тыповым еўрапейцам свайго часу. Ён адчуваў сябе аднолькава свабодна ў Кракаве і Падуі, Празе і Вільні, але ніколі не забываўся, што ён «из славнаго града Полоцка». Асьветнік паводзіўся як тыповы адукаваны прадстаўнік позьняга Сярэднявечча ці раньняга Рэнесансу. Менавіта гэты час, і асоба ў гэтым часе, павінныя быць больш дасьледаванымі. Гэтае заданьне, у першую чаргу, кладзецца на плечы гісторыкаў, культуролагаў і нават этнографаў, але першыя высновы, якія паўстаюць, — сам Скарына быў вельмі дыскрэтны, магчыма, нават дыпламатычны і інтэлігентны, рабіў так, каб усе былі задаволеныя, але меў за мэту, перш за ўсё, духоўную і асьветніцкую карысьць сваіх суайчыньнікаў, што было зьвязанае з духам таго часу і імкненьнем адукаваных людзей Вялікага Княства.
Скарына трапіў у Еўропу, калі жыцьцё там было перапоўненае новымі ідэямі і плынямі. Верагодна, што думка заняцца друкарскай справай нарадзілася ў яго ў 1512 годзе ў Падуі, што знаходзіцца побач з цэнтрам раньняга кнігадрукаваньня — Венецыяй, але рэалізоўваць яе пачаў у Празе. Пражскі перыяд зьяўляецца найбольш вывучаным і дасьледаваным, тым ня меней, «цёмныя месцы» у біяграфіі першадрукара застаюцца.
У віленскім перыядзе жыцьця Скарыны, дзе асьветнік заснаваў сваю друкарню «в дому почтивого Якуба Бабича, найстаршого бурмистра славного и великого места Виленского», і дзе характар кнігавыдавецкай дзейнасьці Скарыны мяняецца, сустракаем шмат супярэчнасьцяў, якія толькі заблытваюць спрэчкі сучасных дасьледчыкаў, хаця б наконт канфесійнай прыналежнасьці першадрукара.
Вільня не была адзіным горадам у ВКЛ, у якім мяшчане лацінскага і грэцкага абрадаў мелі роўныя правы. Гэтым жа быў адметны і старажытны Полацак, які атрымаў прывілей на Магдэбургскае права ў 1498 годзе. Можна сумнявацца, ці сапраўды палова палачанаў належала да лацінскага абраду, хоць каталікі там, несумненна, прысутнічалі. У канцы XV ст. каталіцкія манахі бернардынцы заснавалі там свой кляштар і вялі дастаткова актыўную дзейнасьць.
Мецэнатамі працы Скарыны ў Вільні былі мясцовыя мяшчане грэцкага абраду — бурмістры і сябры гарадзкой рады. Гэта наводзіць на думку, што, робячы свае пераклады кніг Старога Запавету, Скарына мог карыстацца грэцкім тэкстам Септуагінты, які паўсюдна выкарыстоўваўся ўсходнімі хрысьціянамі. Тым ня меней дасьледчык Эбэнэзер Гендэрсан (Ebenezer Henderson, 1784-1858), зьдзейсьніўшы ў ХІХ стагоддзі лінгвістычны аналіз першых разьдзелаў Кнігі Быцця (Роду) першадрукара, прыходзіць да высновы, што пераклад быў зроблены з лацінскай Вульгаты. Пазьнейшыя дасьледчыкі даводзяць, што Скарына найхутчэй карыстаўся зробленым з Вульгаты чэшскім выданьнем Бібліі, што выйшла друкам у Венецыі ў 1506 годзе.
У 1522 годзе ў Вільні ўбачыла сьвет «Малая падарожная кніжыца» — вытанчанае выданьне невялікага фармату, папулярнае сярод людзей розных статусаў, патрэбнае таксама і для штодзённага выкарыстоўваньня мецэнатам асьветніка. У «Малой падарожнай кніжыцы» зьмешчаныя восем акафістаў і злучаных з імі канонаў. Акафіст сьвятому Яну Хрысьціцелю і Імю Гасподняму, паколькі не сустракаюцца нідзе болей, паказваюць на тое, што іх аўтарам мог быць сам Скарына, пра гэта піша А. Турылаў у сваёй кнізе «Гимнографическое наследие Франциска Скорины в рукописной традиции».
Ян Хрысьціцель заўсёды карыстаўся вялікай папулярнасьцю сярод славянаў грэцкага абраду. Апрача зьмешчанага Скарынам, вядомыя яшчэ тры акафісты ў ягоны гонар. Акафіст Імю Ісусаваму ня мае паралелі ў грэцкай і славянскай усходняй гімнаграфіі. Набажэнствы да імя Ісуса былі распаўсюджаныя ў часе Скарыны як на Ўсходзе, так і на Захадзе, прычым пашыральнікамі гэтага культу на Захадзе былі францішкане-бернардынцы, якія ў той час мелі свой кляштар у Полацку.
Асаблівую цікавасьць прадстаўляе акафіст сьвятым апосталам Пятру і Паўлу. Прывядзем некаторыя цытаты з яго тэксту: «Радуйся Исусом, любимый апостоле Петре, его же ради мирская опустивый; радуйся, Божий наместниче и того для духовныя возлюбивый» альбо «Радуйся, Риму славнаго глава, прастыря стада Христоваго по собе в нем оставивый», якія скіроўваюць чытача да дагматычных традыцыяў Каталіцкай Царквы. Зьвяртаючыся да сьвятога Паўла, аўтар піша: «Радуйся ты, во прехвальном Риме вкупе с намесником Исусовым мучение принял». У праваслаўным выданьні 1628 году гэтыя фразы адсутнічаюць або непазнавальна зьмененыя. Ці гэта недагляд друкара, альбо наўмыснае дэманстрацыя свайго сьветапогляду? Пытаньне застаецца адкрытым.
Францішак Скарына быў тыповым прадстаўніком Рэнесансу — часу, які быў скіраваны да еднасьці і асьветы. Варта заўважыць, што першадрукар меў вельмі шырокія далягляды ўласнага сьветапогляду, магчыма, больш разьлеглыя і вольныя, чым у сучасных дасьледчыкаў яго спадчыны. Можна і далей дзяліць спадчыну першадрукара, але запярэчыць таму, што яго эпоха і яе бачаньне сьвету паклалі шлях да еднасьці (Уніі), у тым ліку і царкоўнай, на нашых землях, падаецца немагчымым.
Бібліяграфія:
Надсан А. Эўрапеец у Эўрапейскім горадзе: Скарына ў Вільні // Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. — Вiльня: ЕГУ, 2012.
Турилов А. Гимнографическое наследие Франциска Скорины в рукописной традиции // Проблемы научного описания рукописей и факсимильного издания памятников письменности. Тезисы докладов. — Ленинград, 1979.
Henderson E. Biblical Researches and Travels in Russia. – London 1826.
Паводле: Крыніца.info.
Гл. таксама:
Папа: ахвяруем цяжкасьці і пакуты ў інтэнцыі еднасьці хрысьціянаў
Апостальскі Візітатар БГКЦ заклікаў хрысьціянаў Берасьця ўмацоўваць братэрскае супрацоўніцтва ў абвяшчэньні Евангельля
Жыць у еднасьці паводле Слова Божага
Сьвята парафіі ў гонар апостала Андрэя ў берасьцейскіх грэка-католікаў
Завяршылася штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы
Гэты артыкул чыталі 117 разоў (-ы)