У грэка-католікаў Беларусі распачаўся Калядны пост Час духоўнай падрыхтоўкі да сьвята Раства Хрыстовага распачаўся ў беларускіх грэка-католікаў, якія сёньня жывуць паводле грыгарыянскага календара. Калядны пост (Піліпаўка), што распачаўся паводле візантыйскай традыцыі ў дзень пасьля сьвята сьв. Апостала Піліпа — 15 лістапада, працягнецца 40 дзён.
Пілігрымка БГКЦ: верыць у адзіную Царкву Урачыстай Боскай Літургіяй у Полацку, перад храмам сьв. Параскевы Полацкай, 17 ліпеня 2016 году завершылася ХХІІ грэка-каталіцкая пілігрымка з Віцебску ў Полацак.
10.07.2016
«Веру ў Адзіную Царкву» Разважаньні пра еднасьць Царквы напярэдадні ХХІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі з Віцебску ў Полацак душпастыра гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэя Крата.
19.03.2016
Пасланьне Папы з нагоды 70-х угодкаў Львоўскага псеўдасабору Папа Рымскі Францішак накіраваў 5 сакавіка 2016 году Пасланьне Яго Блаславенству Сьвятаславу Шаўчуку, Вярхоўнаму Архібіскупу Кіева-Галіцкаму, з нагоды 70-х угодкаў Львоўскага псеўдасабору, які прыняў рашэньне пра ліквідацыю Грэка-Каталіцкай Царквы на тэрыторыі СССР.
03.03.2016
Беларускія грэка-католікі пра сумесную Дэкларацыю Папы і Патрыярха З нагоды падпісанай Папам Рымскім Францішкам і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам сумеснай Дэкларацыі, якая стала плёнам сустрэчы першаярархаў у Гаване 12 лютага 2016 году, прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі апублікавала каментар адносна пунктаў, якія датычаць грэка-католікаў.
17.02.2016
Папа Рымскі і Патрыярх Маскоўскі падпісалі сумесную дэкларацыю 12 лютага 2016 году на Кубе ў Міжнародным аэрапорце імя Хасэ Марці ў Гаване адбылася сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы, якая, безумоўна, стане знакавай падзеяй у гісторыі дачыненьняў першаярархаў Каталіцкай Царквы і Расейскай Праваслаўнай Царквы, бо адбылася ўпершыню за многія стагоддзі.
10.02.2016
Споведзь пілігрыма Пра свае ўражаньні ад наведваньня Сьвятой Зямлі распавядае вернік грэка-каталіцкай парафіі з Віцебску Барыс Хамайда. У гэтых сьвятых мясьцінах ён пабываў у канцы верасьня 2015 году ў складзе групы з двух дзясяткаў вернікаў і сьвятароў БГКЦ, якая была часткай пілігрымкі беларускіх католікаў у Сьвятую Зямлю.
Пра свае ўражаньні ад наведваньня Сьвятой Зямлі распавядае вернік грэка-каталіцкай парафіі з Віцебску Барыс Хамайда. У гэтых сьвятых мясьцінах ён пабываў у канцы верасьня 2015 году ў складзе групы з двух дзясяткаў вернікаў і сьвятароў БГКЦ, якая была часткай пілігрымкі беларускіх католікаў у Сьвятую Зямлю.
Барыс Хамайда з Віцебску.Кожны хрысьціянін марыць наведаць Сьвятую Зямлю. Памаліцца і пакланіцца сусьветным сьвятыням. Хоць аднойчы ў жыцьці. Але абавязкова. Такі своеасаблівы рытуал верніка.
Наша Еўфрасіньня Полацкая напрыканцы свайго легендарнага жыцьця здолела дабрацца да абяцанае зямлі, пасьпела памаліцца за нашую краіну і яе народ, і заплюшчыла назаўсёды свае вочы.
Я таксама натхняўся гэтай марай, якая ў той час здавалася мне недасягальнай. Але мелася яшчэ адна прычына, што ўзмацняла жаданьне такой вандроўкі.
У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя мой родны брат некалькі гадоў жыў і працаваў у Ізраілі. Аднойчы ён мне напісаў, што ў паліклініцы, куды ён зьвярнуўся, доктар-араб , пачуўшы прозьвішча «Хамайда», спытаўся:
— Вы араб?
— Не, я габрэй.
— Няпраўда, Вы араб.
— Не, я сапраўды габрэй. Але чаму Вы так лічыце?
І пачуў нечаканы адказ:
— Таму што ў перакладзе з арабскай Вашае прозьвішча азначае «прыемны чалавек».
Было зразумела: мае старажытныя продкі ў тыя далёкія часы жылі сярод арабаў, што наклала свой адбітак на прозьвішча. Магчыма, яны з біблейскім Майсеем выходзілі з ягіпецкага рабства. Можа, ад іх на генным узроўні перадалася мне прага да волі.
Від на Ерусалім. (Фота а. Аляксандра Шаўцова).
Напрыканцы верасьня 2015 году адбылося неверагоднае для мяне: з менскага аэрапорту ў паветра ўзьняўся лайнер «Боінг-737», кіраваны беларускім экіпажам, і на сваіх крылах ён нёс вялікую групу паломнікаў-каталікоў (і каля 20 чалавек грэка-каталікоў), у тым ліку і аўтара гэтых радкоў. Седзячы ў салоне самалёту, я разумеў, што са мной адбыўся цуд. Была на тое Гасподняя воля. Яго жаданьне бачыць мяне на Сьвятой Зямлі. Але, каб зьдзейсьнілася Боскае жаданьне, трэба было разгадаць Яго волю тут, на зямлі. На мой погляд, з разгадкай пасьпяхова справіліся багалюбны Ўладыка архімандрыт Сяргей (Гаек) і сьвятар Віцебскай грэка-каталіцкай парафіі айцец Зьміцер (Грышан). У адрозьненьне ад многіх шараговых вернікаў, я ляцеў за кошт Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Нарэшце зьдзейсьнілася мая мара памаліцца на Сьвятой Зямлі. Можа, я дажыў да сваіх гадоў, каб гэтая мара сталася рэальнасьцю.
Праз ілюмінатар пазіраў уніз, а густая воблачнасьць не давала магчымасьці разгледзець украінскую зямлю. Раптам чорны колер стаў насоўвацца на сушу. На адну траціну, на палову, і вось цалкам вакол чорны колер. Зразумеў: ляцім над Чорным морам. Вось ужо сопкі і ўзгоркі Турэччыны. З вышыні 10 тысяч метраў цалкам бачны востраў Кіпр. Нарэшце лайнер робіць круты віраж. Унізе, наколькі можа ахапіць вока, блакітная вада Міжземнага мора. А далей стужкай уздоўж вады выцягнуліся пясчаныя пляжы і хмарачосы Тэль-Авіву. Асьляпляльнае сонца на фоне блакітнага, без адзінай хмаркі, неба. Гэта трэба было бачыць!!!
Шасі кранулася бетонкі, апладысьменты ў салоне — мы ў аэрапорце Бэн-Гурыён. Калісьці біблейскі Майсей 40 гадоў вёў габрэяў да зямлі абяцанай. Нам спатрэбілася ўсяго тры з паловай гадзіны. Даволі хутка атрымалі рэчы, прайшлі пашпартны і мытны агляд, селі ў пададзеныя аўтобусы маркі «Мэрсэдэс» з уключанымі кандыцыянерамі. Без ахалоджваньня было б цяжка. Тэмпература паветра — +30. Вандроўка па біблейскіх мясьцінах пачалася.
Адзін з галоўных дзён, 22 верасьня 2015 году. Крыжовы шлях Ісуса Хрыста. 14 прыпынкаў. Заўважна хвалююся. Некалькі разоў пытаўся ў гіда, дзе пачатак шляху. Адказала, што паведаміць. Пілігрымам раздалі слухаўкі. Сувязь з гідам — праз іх.
Барыс Хамайда ля магілы Лазара моліцца за Беларусь і за БГКЦ. (Фота а. Аляксандра Шаўцова).З 1917 году бальшавікі раскідвалі камяні. Прыйшоў час іх зьбіраць. З гэтага пачну сваё пакаяньне. Буду зьбіраць камяні на Сьвятой Зямлі. З гэтага моманту я ўжо нікога не заўважаў. Чуў толькі праз слухаўкі тлумачэньні гіда. Нарэшце пачынаецца крыжовы шлях.
Я сагнуўся, нібы на сьпіну мне паклалі вялізны драўляны крыж. Поглядам утаропіўся ў зямлю і пачаў прасоўвацца наперад. Калі на вочы трапляўся камень, клаў яго ў пакет. Зьлева і справа на вузенькай вулачцы заклікалі пакупнікоў гандляры. Але мяне гэта не цікавіла. Хаця раз-пораз перашкаджала засяродзіцца на галоўнай мэце. Правільна ў свой час рабіў Хрыстос, адганяючы гандляроў ад храму.
Я зьбіраў камяні і адначасова каяўся. У чым? У памылках маладосьці, у грахах па-за савецкім часам. Што доўга быў атэістам, што запозна навярнуўся да Бога, да Царквы. Прасіў прабачэньня ў пакрыўджаных мною. Адбітак маладога максімалізму: усё хацеў, каб іншыя глядзелі на жыцьцё маімі вачыма. І шмат чаго яшчэ… На мой погляд, гэта было самае шчырае пакаяньне, таму што яно адбывалася на Сьвятой Зямлі.
Па ўсім крыжовым шляху я кранаў далонямі вялікія камяні, абдымаў, туліўся галавою да іх, цалаваў. Згінаўся да ўкладзеных у дарогу, кратаў рукамі, здымаў абутак і станавіўся на іх босымі нагамі. Потым увогуле пайшоў басанож. Гэтым шляхам праходзіў Хрыстос, праходзілі апосталы. За 2000 гадоў прайшло шмат выдатных людзей. Я сілкаваўся гэтай духоўнай энэргетыкай.
Пра што думаў Хрыстос, ідучы праз разьюшаны натоўп Сваім крыжовым шляхам? Я ўпўнены ў адным: Ён меў непарушную веру. Першы, другі, трэці прыпынкі… Шосты прыпынак. Ад шалёнага натоўпу аддзяляецца жаночая постаць. Гэта Вераніка. Яна сваёй хусткай выцірае пот з ілба Ісуса і кропелькі крыві з Ягоных вуснаў. Сьвятой крыві Выратавальніка. Крыві, выратавальнай для ўсіх нас. За гэты духоўны подзьвіг яна станецца сьвятой Веранікай.
За час крыжовага шляху сабраў пакет камянёў. Калі наблізіліся да храму Труны Гасподняй, узьнікла пытаньне, дзе пакінуць дзьве пісьмовыя просьбы да Госпада (тут альбо ля Сьцяны Плачу), якія ляжалі ў кішэні, напісаныя яшчэ ў Віцебску.
У першай — прасіў за Беларусь, Украіну, за Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, за віцебскую парафію. Прасіў здароўя і даўгалецьця для Ўладыкі Сяргея, здароўя і дабрабыту айцу Зьмітру з Віцебска і яго сям’і. У другой — больш за 30 прозьвішчаў — родных, сяброў, братоў і сясьцёр па веры. Пасьля нарады з грэка-каталіцкімі сьвятарамі прыняў рашэньне пакінуць прашэньні ў храме Труны Гасподняй. У тым месцы, дзе першапачаткова быў пахаваны Ісус. Дзе штогод зьяўляецца блаславёны агонь. У самым сьвятым месцы на Зямлі. Але прыняць рашэньне лёгка, цяжка выканаць. Там жа няма паштовай скрыні.
Стаў у вялізную чаргу. Праз пэўны час увайшоў у невялічкі склеп. Апусьціўся на калені, азіраючыся па баках: зручнага месца не знаходзілася. Калі тонус душэўнага настрою пачаў зьніжацца, раптам убачыў перад сабою дзьве мармуровыя пліты (пад імі калісьці быў пахаваны Хрыстос), прысунутыя адна да адной, а паміжі імі — шчыліну. Туды і ўторкнуў два аркушы паперы. Перапоўнены станоўчымі пачуцьцямі, як мне падалося, ужо не выходзіў з склепу, а вылятаў, як анёл.
Барыс Хамайда ля сьвятых водаў Ярдану. (Фота а. Аляксандра Шаўцова).Запамінальным днём зрабілася і паездка ў Ярдэніт — месца Хросту Хрыста. Там я таксама прыняў Хрост. Айцец Андрэй Абламейка тройчы акунуў мяне ў сьвятую ваду Ярдану, што была зялёнага колеру. Ну як пасьля гэтага можна было выходзіць на бераг, не паспрабаваўшы дастаць з дна ракі Ярдан камень?
Напачатку знайшоў два маленькія каменьчыкі. Мяне гэта не задаволіла, бо мара была вялікая. Узьняўшы вочы ў неба, папрасіў Хрыста аб дапамозе і нырнуў. Гэтым разам у рукі трапіўся камень, большы за 2 кілаграмы, таму адразу пабег да Ўладыкі. Патлумачыў, што хачу прывезьці ў Віцебск гэты камень з сьвятых водаў Ярдану. Падчас будаўніцтва ў Беларусі грэка-каталіцкай царквы яго можна будзе пакласьці ў падмурак, і храм прастаіць ня менш за дзьве тысячы гадоў. У адказ пачуў вельмі мудрыя словы: «Барыс! Мы ўсёй грэка-каталіцкай групай будзем маліцца, каб ты ня меў праблемаў на мытні».
Забягаючы наперад, магу сказаць: усе камяні і ракавіны, сабраныя ў розных месцах на Сьвятой Зямлі, дабраліся да Віцебску. З 10 кілаграмаў багажу амаль палову займалі камяні. Ёсьць там камяні з Мёртвага, Галілейскага і Міжземнага мораў. Каля касьцёлу Нараджэньня Яна Хрысьціцеля, дзе адбывалася ўрачыстае адкрыцьцё дошкі на беларускай мове, набраў сьвятой зямлі, палову якой потым высыпаў на магілы маіх бацькоў, а рэшту прыхаваў для сябе.
Кожны дзень была сьвятая Імша і наведваньне цудоўных храмаў. Бэтлеем, Назарэт, Ерыхон, Капернаўм, Эйн-Карэм, Магдала — вось далёка няпоўны пералік мясьцінаў, што давялося наведаць.
Яшчэ была запамінальная малітва за Беларусь каля сьцяны Плачу. Па абодва бакі да мяне маліліся на іўрыце два артадаксальныя габрэі. Я, габрэй паводле нацыянальнасьці, грэка-каталік паводле веравызнаньня, стоячы на каленях на Сьвятой Зямлі, каля Сьцяны плачу, чытаў малітву па-беларуску за Беларусь і яе народ. Я ўпэўнены, што Госпад пачуў мяне. У нас усё будзе добра, усё атрымаецца.
У храме на гары Табор я ўрэшце пабачыў іканапісны партрэт Майсея. Валявы твар, сівая барада, валасы, раскіданыя пад узьдзеяньнем ветру, адвечная мудрасьць і вера ў вачах. Бог не памыліўся, прызначыўшы яго правадыром габрэйскага народу.
На месцы першапачатковага пахаваньня нашай беларускай асьветніцы і заступніцы Еўфрасіньні Полацкай паклаў левую далонь на надмагільную пліту і, асэнсоўваючы вечнасьць, прыйшоў да высновы: усё ў гэтым сьвеце мітусьня, акрамя веры, любові і надзеі.
Сем дзён пілігрымкі праляцелі як адно імгненьне. У апошні вечар на гары ў Яфе айцец Андрэй Абламейка адкаркаваў 700-грамовую бутэльку чырвонага ізраільскага віна, набытага за ўласныя грошы, і разьліў у пластмасавыя кубачкі ўсёй грэка-каталіцкай групе (амаль 20 чалавек). Падзяліў, як у аптэцы: усім патрошку, але пароўну. У мяне зьявілася крамольная думка: ці не падгледзеў ён, як Ісус дзяліў хлеб і рыбу? Піў я за нашых грэка-каталіцкіх сьвятароў — будучую беларускую эліту, залаты фонд беларускай нацыі.
Ужо седзячы ў самалёце, узгадаў, што за ўсіх прасіў, а пра сябе забыўся. Але гэта было не галоўнае. Госпад ведае мае патрэбы і паклапоціцца пра мяне. Галоўнае было тое, што на Радзіму я вяртаўся зусім іншым чалавекам. Дзеля гэтага варта было пражыць жыцьцё.