Галоўная
Сьвятло Ўсходу
Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны Таінстваў ў сваім дэкрэце адзначае, што дата сьвяткаваньня Вялікадня ня можа быць перанесена на іншую. У краінах, закранутых эпідэміяй, дзе абмежаваныя перамяшчэньне і сходы людзей, біскупы і прасьвітары павінны зьдзяйсьняць набажэнствы Вялікага тыдня без удзелу народа, пазьбягаючы саслужэньняў і прапускаючы абмен знакам супакою.
Гл. таксама:
Ярархі Беларусі заклікаюць вернікаў далучыцца 14 траўня да дня малітвы і посту для спыненьня пандэміі
Апостальскі Візітатар БГКЦ: сьвята Пасхі Хрыстовай дае нам магчымасьць аднавіць еднасьць з Хрыстом
Пра царкоўныя запіскі і інтэнцыі падчас Літургіі
Кардынал Кох: Папа Францішак адчыняе многія дзьверы
У БГКЦ — Дні малітвы за хрысьціянаў Блізкага Ўсходу

02.04.2020
У Ватыкане падрыхтавалі інструкцыі адносна сьвяткаваньня Вялікадня ва ўмовах пандэміі
Ватыканскі прэс-цэнтар 25 сакавіка 2020 году распаўсюдзіў дакументы двух ватыканскіх дыкастэрыяў, кампетэнтных у сферы адпраўленьня літургіі ў Каталіцкай Царкве, якія ўтрымліваюць інструкцыі і рэкамендацыі адносна правядзеньня набажэнстваў Вялікага тыдня і Вялікадня ва ўмовах абмежавальных захадаў, што былі ўведзены ў сьвеце для прадухіленьня распаўсюджваньня каранавіруснай інфекцыі — паведамляе Vatican news.

У дакуменце Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў найперш адзначаецца, што, зважаючы на сьвяткаваньне Вялікадня паводле розных календароў, улічваючы разнастайнасьць абрадавых традыцыяў, немагчыма распрацаваць адзіныя прадпісаньні для ўсіх абрадаў, таму зьверхнікам Усходніх Каталіцкіх Цэркваў sui iuris належыць распрацаваць прадпісаньні ў адпаведнасьці з захадамі, якія былі ўведзеныя грамадзянскімі ўладамі з мэтай стрымліваньня пашырэньня каранавіруснай інфекцыі, узгадняючы іх таксама з іншымі хрысьціянскімі Цэрквамі, як каталіцкімі, так і некаталіцкімі, якія дзейнічаюць на гэтай тэрыторыі.
Тым ня менш, Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў дае некаторыя агульныя рэкамендацыі. Адзначаецца, што сьвяты павінны адбывацца ў дні, прадугледжаныя літургічным календаром, з адпаведнымі багаслужбамі, якія будзе магчымасьць правесьці і трансьляваць нажыва, каб вернікі маглі браць у іх удзел ў сваіх памяшканьнях.
Варта надаць ўвагу неабходнай адаптацыі набажэнстваў, зважаючы на абмежаваную колькасьць літургічнай прыслугі. Удзел хору і прыслужнікаў, які бывае звычайны ў пэўных абрадавых традыцыях, у цяперашніх умовах не ўяўляецца магчымым, бо разважлівасьць патрабуе пазьбягаць збору людзей у вялікай колькасьці. Акрамя таго, раяць у ватыканскай Кангрэгацыі, варта апусьціць тыя часткі набажэнстваў, якія прынята праводзіць па-за межамі храма.
Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў раіць нагадаць вернікам пра каштоўнасьць асабістай і сямейнай малітвы, якая ёсьць аўтэнтычнай царкоўнай малітвай і зьяўляецца важным сродкам перадачы веры паміж пакаленьнямі. Варта таксама падрыхтаваць і распаўсюдзіць праз сродкі сацыяльнай камунікацыі дапаможнікі, якія дапамогуць патлумачыць сэнс і значэньне абрадаў, якія ў нармальных умовах былі б адслужаныя ў храмах з удзелам усёй грамады вернікаў.
У дакуменце ўзгадваецца таксама пра традыцыю ў некаторых Цэрквах свайго права асьвячаць раніцай у Вялікі чацьвер сьвяты алей. Зважаючы на сёлетнія абставіны пандэміі, гэты абрад можна перанесьці на іншы дзень.
У Вялікую пятніцу Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў раіць, каб малітву каля Крыжа і Хрыстовай труны (індывідуальную або ў сямейным коле) вернікі ўзбагацілі каштоўнымі літургічнымі тэкстамі Ўсходняй Царквы, прызначанымі на гэты дзень.
У Велікодную ноч варта заахвоціць сям’і там, дзе гэта магчыма, з дапамогай сьвяточнага перазвону, сабрацца на чытаньне Евангельля пра Ўваскрэсеньне Хрыстова, запаліць сьвечку і прасьпяваць трапары і песьні, уласьцівыя кожнай традыцыі, якія вернікі часта ведаюць на памяць.
Усе хросты, якія звычайна бываюць запланаваныя на Вялікдзень, пераносяцца на іншую дату.
У сувязі з тым, што ня ўсе вернікі будуць мець магчымасьць, згодна са звычаем, паспавядацца перад Вялікаднем, кіраўніцтва Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў рэкамендуе душпастырам раіць вернікам «прагаворваньне некаторых пакаянных малітваў, якімі багатая ўсходняя традыцыя», якія варта прамаўляць з скрушлівым сэрцам.
Тэгі: Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў, Вялікі тыдзень, Вялікдзень, малітва, літургія, пандэмія, каранавірус, хрысьціяне
Гл. таксама:
Ярархі Беларусі заклікаюць вернікаў далучыцца 14 траўня да дня малітвы і посту для спыненьня пандэміі
Апостальскі Візітатар БГКЦ: сьвята Пасхі Хрыстовай дае нам магчымасьць аднавіць еднасьць з Хрыстом
Пра царкоўныя запіскі і інтэнцыі падчас Літургіі
Кардынал Кох: Папа Францішак адчыняе многія дзьверы
У БГКЦ — Дні малітвы за хрысьціянаў Блізкага Ўсходу
Гэты артыкул чыталі 38 разоў (-ы)