На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.
Яно было на пачатку ў Бога:
усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць (Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 1:1-3)
Францішак сустрэўся з Сінодам Кіпрскай Праваслаўнай Царквы Другі дзень пілігрымкі на Кіпр, 3 сьнежня 2021 году, Папа Рымскі Францішак распачаў з візіту ветлівасьці да Архібіскупа Кіпрскага Хрызастома ІІ і сустрэчы з Сінодам Кіпрскай Праваслаўнай Царквы — паведамляе Vatican News.
18.09.2021
Сустрэча ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы ў Будапешце. Заключны прэс-рэліз З 4 па 8 верасьня 2021 году паралельна з 52-м Міжнародным Еўхарыстычным кангрэсам у Будапешце адбылася штогадовая Сустрэча ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы, якая праходзіла пры падтрымцы Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы. Сёлета яна аднавіла сваю дзейнасьць пасьля вымушанага пераносу леташняга мерапрыемства праз надзвычайную сітуацыю, выкліканую пандэміяй COVID-19.
04.06.2021
Папа Рымскі: жыць адзінствам па прыкладзе Найсьвяцейшай Тройцы Ва ўрачыстасьць Найсьвяцейшай Тройцы Папа Францішак нагадаў пра пакліканьне вернікаў да адзінства, якое нараджаецца з любові і павінна быць адметнай рысай хрысьціянаў, — паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
18.07.2020
Цаніце сёньняшні дзень Разважаньне над Словам Божым, пра нашае жыцьцё, дзень сёньняшні і будучае ды пра ўзнагароду за выкананьне запаведзяў беларускага грэка-каталіцкага сьвятара з Бельгіі а. Івана Майсейчыка.
11.07.2020
Прынесьлі славянам дар Евангельля на роднай мове Пра славянскіх апосталаў — настаўнікаў сьвятых Кірылу і Мятода і пра энцыкліку Яна Паўла ІІ «Slavorum Apostoli» расказвае грэка-каталіцкі сьвятар з Менску а. Яўген Усошын.
04.06.2020
Еднасьць будуецца на шляху Папа Рымскі Францішак скіраваў сьпецыяльны ліст да кардынала Курта Коха, старшыні Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, з нагоды 25-годдзя энцыклікі «Ut unum sint» сьв. Яна Паўла ІІ — паведамляе Vatican News.
У Ватыкане падрыхтавалі інструкцыі адносна сьвяткаваньня Вялікадня ва ўмовах пандэміі Ватыканскі прэс-цэнтар 25 сакавіка 2020 году распаўсюдзіў дакументы двух ватыканскіх дыкастэрыяў, кампетэнтных у сферы адпраўленьня літургіі ў Каталіцкай Царкве, якія ўтрымліваюць інструкцыі і рэкамендацыі адносна правядзеньня набажэнстваў Вялікага тыдня і Вялікадня ва ўмовах абмежавальных захадаў, што былі ўведзены ў сьвеце для прадухіленьня распаўсюджваньня каранавіруснай інфекцыі — паведамляе Vatican news.
Пра славянскіх апосталаў — настаўнікаў сьвятых Кірылу і Мятода і пра энцыкліку Яна Паўла ІІ «Slavorum Apostoli» расказвае грэка-каталіцкі сьвятар з Менску а. Яўген Усошын.
Сьвятыя Кірыла і Мятод. Фрэска 1848 г. Захарыя Зографа ў Траянскім манастыры ў Баўгарыі.1. Энцыкліку «Slavorum Apostoli» Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ выдаў у сёмы год свайго пантыфікату — 2 чэрвеня 1985 году. Гэтая энцыкліка прысьвечана апосталам славянаў Кірылу і Мятоду — двум братам, якіх нават залічваюць часам да славянаў, настолькі яны зьвязаныя з славянскімі народамі, але якія насамрэч былі грэкамі. І гэта вельмі важна для далейшага нашага разгляду гэтай энцыклікі.
Гэтая энцыкліка вельмі добра паказвае царкоўнае вымярэньне сьвятасьці. Сьвятасьці тых людзей, якія ўплываюць на ўсю гісторыю чалавецтва, а ў дадзеным выпадку на гісторыю Еўропы. Гэтыя браты шмат зрабілі для станаўленьня, евангелізацыі еўрапейскай культуры. Таму Ян Павел ІІ і зьвярнуў на іх увагу.
Сьвятыя, як вядома, гэта ня толькі нашыя заступнікі, апекуны з неба. Сьвятыя — гэта ня толькі людзі, да якіх мы зьвяртаемся ў нашых малітвах, а яны пасярэднічаюць нам у нашых штодзённых турботах і клопатах. Сьвятыя — гэта таксама тыя людзі, якія даюць нам прыклад сваім жыцьцём.
Варта, каб вы ня толькі разважалі над тагачаснымі лёсамі Царквы ў Еўропе, над мінуўшчынай, але ўзялі прыклад для нашага штодзённага жыцьця.
2. Браты-апосталы нарадзіліся ў Канстанцінопалі. Аднаго з іх звалі Міхал — той, які пазьней стане Мятодам. Другога звалі Канстанцін, Кірыла — гэта пазьнейшае яго манаскае імя. Яны былі вельмі адукаванымі людзьмі: працавалі ў дзяржаўнай адміністрацыі імператара, выконвалі асаблівыя палітычныя заданьні. Напрыклад, былі пасланыя імператарам да сарацынаў-арабаў, якія ў той час мелі вайскова-палітычныя зносіны з Візантыяй. З часам браты вырашылі прысьвяціць сябе царкоўнай дзейнасьці, дзейнасьці на патрэбу Хрыстовай Царквы. Спачатку Міхал, будучы біскуп Мятод, а пазьней і Кірыла.
Што паўплывала на іх, ніхто ня скажа, бо гэта заўсёды таямніца паміж чалавекам і Богам. Яны зьдзейсьнілі некалькі місійных падарожжаў, у тым ліку да готаў на цяперашні Крымскі паўвостраў, дзе пад час свайго падарожжа па старажытным Херсанэсе знайшлі мошчы сьвятога Клімента, папы Рымскага. Рабілі яны і іншыя выправы, зьвязаныя з царкоўна-палітычнымі справамі, бо даўнейшая палітыка была часта цесна зьвязаная з царкоўнымі дзеяньнямі. І ў рэшце рэшт перад імі паўстала справа ўсяго іхняга жыцьця — місія да славянаў (ад 863 г.).
3. Якраз у той час прыйшло пасольства ад князя Расьціслава — мараўскага князя (цяпер цяжка акрэсьліць усіх супольных спадчыньнікаў гэтага княства: чэхі, славакі і палякі, але ня толькі). Князь Расьціслаў папрасіў канстанцінопальскага патрыярха прыслаць у сваю сталіцу Веляград кагосьці, каб славяне таксама атрымалі сьвятло Евангельля. Выбар выпаў на сьвятых братоў. Тых, хто паводле культурнага свайго ўзроўню, паводле сваіх якасьцяў мог бы выканаць гэтую місію, якая была надзвычайна цяжкай, ставіла вялікія выклікі перад чалавекам, які б за яе ўзяўся.
Славяне не былі ў той час уключаны ў культурную еўрапейскую парадыгму. Яны толькі ўваходзілі, сутыкаліся з культурай Еўропы, якая тады ўжо існавала і жыла, асьвечаная хрысьціянскім сьвятлом. Кірыла і Мятод сталі перад выклікам — прышчапіць на гэтую глебу хрысьціянства разам з часткай той культуры, якая ўжо мелася ў хрысьціянскіх народаў Еўропы ў той час. Гэтая місія была вельмі цяжкой, але яна ім удалася.
Калі коратка прабегчыся па іх біяграфіі, то можна зафіксаваць асноўныя яе этапы.
Будучы пасланымі ад імператара і ад канстанцінопальскага патрыярха, яны працавалі на той тэрыторыі, якая не належыла яшчэ нікому. Пэўныя біскупы з Заходняй Германіі лічылі яе сваёй місійнай тэрыторыяй. Князь Расьціслаў паклікаў візантыйскіх прадстаўнікоў, каб яны заняліся евангелізацыяй гэтай тэрыторыі. І браты, асабліва сьвяты Мятод, не маглі не сутыкнуцца з канфліктнай сітуацыяй.
Для вырашэньня гэтай канфліктнай сітуацыі яны зьвярталіся да папы Рымскага, некалькіх нават папаў Рымскіх. У той час Царква яшчэ не была падзеленай, была адзінай.
Фактычна місія Кірылы і Мятода была супольным дзеяньнем двух хрысьціянскіх лёгкіх Еўропы — усходняга і заходняга. Самі яны былі прадстаўнікамі ўсходняй культуры. Але без блаславеньня, бяз місіі, якую даверыў ім папа Рымскі (у той час гэта быў папа Мікалай, потым Адрыян), яны не маглі пачаць і вырашыць сваю місію — навяртаньня славянаў.
4. Атрымаўшы блаславеньне папы Рымскага, Мятод быў высьвячаны і прызначаны архібіскупам Паноніі — вобласьці, якая ў той час ахоплівала славянскія асяродкі, якія знаходзіліся побач з Мараўскім княствам і ў самім гэтым княстве. Ён атрымаў тытул біскупа старажытнага гораду Сірміум, які цяпер называецца Срэмска-Мітравіца. Гэты старажытны горад знаходзіўся на паўночнай тэрыторыі сучаснай Сербіі. Стаўшы біскупам, ён атрымаў дадтковы мандат на распаўсюд хрысьціянства на тых землях.
Архібіскуп Мятод рабіў гэта як усходні хрысьціянін разам, у паразуменьні і ў блаславеньні, з Папам у Рыме, айцом заходняй часткі Царквы. Місія Мятода не была лёгкай, у яго былі канфлікты з біскупамі з Германіі, якія лічылі, што гэта іх тэрыторыя. Яны спрабавалі паўплываць на наступніка Расьціслава князя Сьвятаполка, каб яго місія скончылася. Нямецкія біскупы лічылі, што гэта іх кананічная тэрыторыя, на каторай яны павінны праводзіць місійную працу. Гэты канфлікт быў вырашаны. Праўда, не бяз шкодаў для сьвятога Мятода. Два гады ён вымушаны быў правесьці ў турме. Ужо папа Рымскі Ян VIII паўплываў на тое, каб Мятода вызвалілі, разабраўшыся з ягонай сітуацыяй і цалкам ачысьціўшы яго ад закідаў нямецкіх біскупаў, што ён зьяўляецца ератыком.
А чаму яго лічылі ератыком? Таму што ён зрабіў нечуваную рэч. Нечуваную для заходняй часткі Еўропы. Ён увёў новы царкоўны абрад, які быў на славянскай мове. Гэта была ня грэцкая мова, не лаціна, якая тады аб’ядноўвала ўсю разрозьненную Заходнюю Еўропу.
5. Вынікам дзейнасьці братоў — славянскіх апосталаў быў пераклад Сьвятога Пісаньня на славянскую мову, стварэньне новага алфавіту, які называўся глаголіца. (Хоць звычайна кажуць, што сьв. Кірыла стварыў кірыліцу, гэта не зусім дакладна.) Браты стварылі азбуку, якая называлася глаголіцай. Яна дагэтуль выкарыстоўваецца ў лацінскім абрадзе ў Харватыі ў некаторых месцах на Маравіі. Яны запісалі гэтай новай азбукай царкоўныя кнігі, стварылі літургічныя кнігі для славянаў, якія трохі адрозьніваліся і ад абраду візантыйскага, і ад лацінскага. Спрабавалі стварыць штосьці больш прыдатнае і адпаведнае славянскай культуры, з якой яны сутыкнуліся ў свой час.
Дзейнасьць іх была ня толькі ў тым, што яны прынесьлі славянам пісьменнасьць. У нейкім сэнсе пісьменнасьць у славянаў магла быць і да гэтага. А ў тым, што яны гэтую пісьменнасьць зрабілі фактарам хрысьціянскай культуры Еўропы. Прышчапілі, увялі, прынялі славянаў да еўрапейскай сям’і. Славянская мова сталася адной з літургічных моваў, адной з моваў, на якую было перакладзена Сьвятое Пісаньне.
Нагадаем, што адным з закідаў праціўнікаў сьвятога Мятода было тое, што славянская мова нейкая выдуманая, сканструяваная для славянаў, і яна сталася літургічнай мовай, хоць ня мела на гэта права, бо літургічнай мовай магла быць толькі грэцкая ці лаціна. Гэта ня так. Славянская мова адразу ўзьнялася на высокі ўзровень еўрапейскай культуры. Гэта быў культурны выбух у добрым сэньсе гэтага слова, культурная падзея. І сьв. Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы гаворыць пра гэты культурны ўплыў, які зрабіла дзейнасьць сьвятых Кірылы і Мятода на славянскую культуру. Хрысьціянства, якое ўвайшло да славянаў, зрабіла магчымым іх культурны ўздым. Але гэта не была культурная акупацыя. Гэта было супрацоўніцтва культуры славянаў і хрысьціянства. Гэтая была інкультурацыя, як яе называе сьв. Ян Павел ІІ, уваходжаньне ў хрысьціянскую культуру новага народу.
6. Чым гэта важна для нас, хто ўжо і ня памятае славянскай мовы, хто не разумее той мовы, на якой пісалі свае тэксты Кірыла і Мятод? Тое, што нашае хрысьціянства ня мусіць знаходзіцца ў адрыве ад нашага жыцьця.
Калі сьвяты Мятод стаў біскупам у Веляградзе, ён прыйшоў да канкрэтнага народу. Мы таксама ў сваім жыцьці знаходзімся ў канкрэтных гістарычных абставінах. Для нас хрысьціянства ня ёсьць чымсьці адарваным ад жыцьця. Вельмі часта ёсьць такая спакуса — успрымаць нашае хрысьціянства як адарванае ад жыцьця. Вось тут мы молімся, ходзім у храм, сьвяткуем нядзелю, сьвяты, пасьвячаем. І яно зусім не зьвязана з нашым жыцьцём, у якім мы ходзім на працу, выхоўваем дзяцей, вучымся, камунікуем адзін з адным, з суседзямі, знаёмымі, бацькамі, сваякамі.
На самай справе інкультурацыя ёсьць і ў нашым жыцьці! Бо Хрыстос, калі прыходзіць, праходзіць ня побач нас, але ў нашае жыцьцё. І нашае сьведчаньне, чытаньне Сьвятога Пісаньня, малітвы ў нашай сям’і, сьведчаньне блізкім нашым, калі мы ходзім у нядзелю ў храм — гэта таксама зьяўляецца інкультурацыяй, прынясеньнем хрысьціянства ў нашае жыцьцё. Праз тое, што молімся, чытаем Слова Божае, жывём гэтым чытаньнем і маленьнем у канкрэтным жыцьці, праз тое, што прабачаем бліжняму, любім адно аднаго, дапамагаем таму, каму трэба дапамагчы — гэта таксама інкультурацыя. І інкультурацыя нашай мовы таксама вельмі важная для нас.
Энцыкліку «Slavorum Apostoli» можна разглядаць як гімн славянскай культуры, гімн хрысьціянству, якое ўвайшло ў славянскую культуру. У культуру, родную славянам, у мову, якую яны разумелі. Мы таксама маем сваю мову, і важна, каб мы яе цанілі і ўспрымалі не як тэхнічны сродак, але як багацьце нашага жыцьця, якое дапамагае нам быць тымі, кім мы ёсьць. А паводле Ісуса Хрыста мы не павінны адрачыся ад таго, кім мы ёсьць. Наадварот! Напоўніць нашую ўнутранасьць, каб узмацніць нашую тоеснасьць.
Дзеля таго, каб евангелізаваць, Кірыла і Мятод мусілі стаць «славянамі паводле сэрца», як іх называюць старажытныя крыніцы. Успрыняць гэты заклік сьвятога Паўла, які быў «элінам для элінаў і юдэям для юдэяў». Будучы грэкамі паводле выхаваньня, культуры і сьветапогляду, стаць славянамі для гэтага народу.
Часта ў нашым жыцьці мы мусім гаварыць пра Хрыста той мовай, якую чалавек разумее. Гаварыць пра Хрыста ня нашымі захапленьнямі, ня нашымі адчуваньнямі, але захоўваючы сутнасьць гэтых захапленьняў, сутнасьць праўды Хрыстовай, гаварыць той мовай, якую чалавек здатны зразумець, перакладаць нашае хрысьціянскае сьведчаньне на тую мову, якую чалавек можа зразумець і прыняць у сваё жыцьцё.
7. Сьвятыя Кірыла і Мятод таксама былі тымі, хто будаваў Царкву Божую. Тымі, хто перш за ўсё меў на ўвазе дабро Царквы, хто перш за ўсё меў на ўвазе евангелізацыю, прынясеньне Слова Божага, а не палітычныя нейкія разрахункі. Яны не імкнуліся зрабіць усіх грэкамі, навязаць усім сваю вышэйшую культуру, але імкнуліся збудаваць Царкву для тых людзей, якія там знаходзяцца, для людзей, якія там жылі, для славянаў.
Сьв. Ян Павел ІІ вельмі добра адлюстраваў гэта ў сваёй энцыкліцы. Браты Кірыла і Мятод зьяўляюцца ў нейкім сэньсе апекунамі сучаснага экуменічнага руху, які хоча разумець адзін аднаго. Тым больш што спадкаемцамі справы братоў-апосталаў зьяўляюцца ўсе славяне. Праўда, якую мы нясем, павінна быць даступнай. Каб даць камусьці магчымасьць прыслухацца да праўды пра Хрыста, трэба спачатку чалавека выслухаць, зразумець, кім ён ёсьць, што яму патрэбна, у якой сітуацыі ён знаходзіцца, і толькі тады абвяшчаць яму праўду. І гэта добра разумелі настаўнікі славянаў сьвятыя Кірыла і Мятод.
Пра вынікі гэтай місіі, якія сёньня маем, вельмі добра расказвае сьв. Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы. Па-зямному місія спазнала няўдачу. Праз некаторы час пасьля сьмерці сьвятога Мятода ягоныя вучні былі выгнаныя з Маравіі. Маравія прыняла лацінскі абрад з лацінскай мовай служэньня. (Хоць пэўны час некаторыя манастыры кірыла-мятодаўскай традыцыі існавалі. Нават у Польшчы ў Кракаве існаваў бенядыктынскі манастыр славянскага абраду). Тым ня менш, уплыў на жыцьцё славянаў місія захавала.
8. Сьвятыя Кірыла і Мятод вельмі шануюцца ва ўсіх славянскіх краінах, асабліва ў Баўгарыі, Македоніі, Славакіі, Чэхіі, Харватыі, дзе да гэтага часу існуюць напісаныя глаголіцай кнігі, паводле якіх дагэтуль у лацінскім абрадзе на старажытнаславянскай мове служацца літургіі.
Вучні сьвятога Кірылы і Мятода, якіх выгналі з Вялікай Мараўскай дзяржавы, знайшлі прытулак у Баўгарыі. Галоўны вучань сьв. Мятода Гаразд і яго таварышы менавіта ў Баўгарыі зрабілі яшчэ адну азбуку, якая пазьней атрымала назву кірыліцы. Літургічныя тэксты і Евангельлі распаўсюдзіліся на ўсю Паўднёвую Славяншчыну, а таксама на Ўсходнюю. Нашыя ўсходнеславянскія землі, беларускія ў тым ліку, прынялі азбуку ад вучняў сьв. Кірылы і Мятода.
Вынік працы сьвятых братоў Кірылы і Мятода важны для ўсіх славянаў і тады, і цяпер. Важны як прыклад пакорнага, настойлівага, адважнага служэньня Хрыстоваму Слову. Сьвяты Мятод, які зазнаў перасьлед, які не палічыў за абразу зьвярнуцца да папы Рымскага па дапамогу, быў прыкладам шанаваньня таго, што яшчэ не магло зьяўляцца прадметам для шанаваньня для яго, грэка. Ён, адзін з складальнікаў юрыдычнага зборніка, меў зусім іншую адукацыю, але шанаваў тую культуру з тым спосабам жыцьця і той мовай, да якой прыйшоў.
Гэтая вялікая пашана дала вялікі плён для ўсёй Еўропы. Усе славянскія народы шануюць сёньня сьвятых Кірылу і Мятода — братоў-апосталаў, якія прынесьлі нам вялікі дар Евангельля, які дагэтуль сьвеціць усім нам. Таксама гэтае іхняе шанаваньне іншасьці пры пасьлядоўным захоўваньні вернасьці Праўдзе — добры прыклад для ўсіх нас, вучняў Хрыстовых. Пра гэта выдатна піша сьв. Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы. Піша пра прыклад для нас. Бо сьвятыя — гэта тыя, хто дае нам прыклад хрысьціянскага жыцьця.