24.11.2013
Зьверхнікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў сустрэліся з Рымскім Архірэем
“У вашых асобах бачу вашыя Цэрквы і жадаю, перш за ўсё, засьведчыць сваю блізкасьць і малітвы за статак, які Госпад Ісус даверыў кожнаму з вас”, — гэтымі словамі Папа Францішак прывітаў патрыярхаў і вярхоўных архібіскупаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў падчас сьпецыяльнай аўдыенцыі, прысьвечанай становішчу гэтых Цэркваў. Гэтая сустрэча адбылася 21 лістапада 2013 году, у Апостальскім палацы ў Ватыкане — паведамляе Украінская служба Радыё Ватыкан.

Сьвяты Айцец адзначыў, што ўпершыню ён мае магчымасьць правесьці такую сустрэчу з Айцамі і Зьверхнікамі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, і пажадаў, каб Сьвяты Дух “падказаў, чаму мы павінны навучыцца і што ўкараніць у жыцьцё, каб верна служыць Госпаду, Яго Царкве і ўсяму чалавецтву”.
Папа выказаў сваю вялікую пашану да “духоўнай спадчыны хрысьціянскага Ўсходу”. Ён адзначыў, што еднасьць з Біскупам Рыму і царкоўная сулучнасьць, якія былі самастойным выбарам Усходніх Цэркваў, сталі для іх “дарам Сьвятога Духа”. Рымскі Архірэй нагадаў, што ўсё гэта нясе за сабой абавязак ўмацаваньня еднасьці і салідарнасьці ўнутры патрыяршых Сінодаў.
Папа нагадаў словы свайго папярэдніка Бенядыкта XVI, якім той у Апостальскім настаўленьні “Ecclesia in Medio Oriente” (“Царква на Блізкім Усходзе”) апісаў постаць Зьверхніка Царквы: “Вы, — сказаў ён, — чуйныя вартаўнікі сулучнасьці і слугі царкоўнай еднасьці”, якая знаходзіць сваю поўню “ў непахіснай еднасьці з Біскупам Рыму”, укаранёнай у царкоўнай сулучнасьці (ecclesiastica communio), атрыманай пасьля абраньня. А ўключэньне праз сулучнасьць у Хрыстова Цела павінна спрыяць ўсьведамленьню абавязку “умацоўваць еднасьць і салідарнасьць”.
Далей Сьвяты Айцец распавёў пра крытэры таго, што зьяўляецца неабходным, каб “сьведчаньне было верагодным”. Для гэтага варта заўсёды шукаць “праведнасьці, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, лагоднасьці”. Гэта вымагае “устрыманага стылю жыцьця па прыкладзе Хрыста”, як таксама і “нястомнай руплівасьці ды брацкай і адначасова бацькоўскай міласэрнай любові”, якой ад Зьверхніка Царквы чакаюць біскупы, сьвятары і вернікі, асабліва, калі жывуць ва ўмовах грамадзкай адасобленасьці, пакінутасьці.
“Маю на ўвазе, перадусім, нашых сьвятароў, якія маюць патрэбу ў разуменьні і падтрымцы, у тым ліку і на асабістым узроўні”, — сказаў Сьвяты Айцец. — Яны маюць права ўбачыць у нас добры прыклад як у служэньні Богу, так і ў кожнай іншай царкоўнай дзейнасьці. Яны чакаюць ад нас празрыстасьці ў кіраваньні маёмасьцю і ўважлівага клопату пра ўсякую патрэбу”. Рэалізацыі ўсяго гэтага можа спрыяць прынцып сінадальнасьці, што зьяўляецца характэрнай рысай Усходніх Цэркваў. Напрыканцы Папа засьведчыў сваю адкрытасьць і ўдзячнасьць за прапановы ярархаў адносна жыцьця і дзейнасьці Царквы. Ён таксама папрасіў маліцца за яго і пажадаў сабе, патрыярхам і вярхоўным архібіскупам Божай дапамогі і апекі Найсьвяцейшай Багародзіцы, каб змаглі ажыцьцявіць сваё пакліканьне.
Затым кожны са Зьверхнікаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў распавёў пра стан царкоўнай супольнасьці, якую ён узначальвае.
Фота: L'Osservatore Romano.