

Апостальскі
Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі
Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі
Менск
У радасьці вернікаў Менска-Магілёўскай Мітраполіі з нагоды Вашага ўступленьня на Пасад Менска-Магілёўскіх Архібіскупаў удзельнічае і Супольнасьць Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Католікі візантыйскага абраду, якія разам з братамі і сёстрамі лацінскага абраду складаюць Адзіны, Сьвяты, Паўсюдны (значыць Каталіцкі) і Апостальскі Касьцёл у Беларусі, дзякуюць Госпаду за прызначэньне Вас Яго Сьвятасьцю Папам Рымскім Бенядыктам ХVI на старажытную катэдру Менска-Магiлёўскiх Мiтрапалiтаў і шчыра віншуюць Вас з пачаткам Вашага Архіпастырскага служэньня.
Вы пачынаеце новае служэньне як Першаярарх Каталіцкай Царквы на Вашай Бацькаўшчыне ў час, калі спаўняецца 490 год ад выданьня першых кнігаў старабеларускай Бібліі Францішка Скарыны. Гэта важны момант на шляху адраджэньня хрысьціянскай спадчыны Беларусі.
Ад шчырага сэрца жадаем Вам, Эксцэленцыя, каб Госпад Ісус Хрыстос шчодра дабраславіў Вашыя шырокія архіпастырскія планы.
Няхай Міласэрны Чалавекалюбца «захавае Вас для сьвятых Сваіх Цэркваў у супакоі, цэласьці, добрай славе, здароўі і даўгалецьці, каб Вы маглі верна навучаць нас словам Яго праўды» (пар. Анафара Боскай Літургіі сьв. Яна Залатавуснага)
І няхай сваімі малітвамі суправаджаюць Вас усе сьвятыя Беларускай Зямлі, а асабліва сьвятая Еўфрасіньня Полацкая, копію Крыжа якой просім прыняць ад нас — беларускіх грэка-католікаў — як выраз нашых малітваў і віншаваньняў.
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі